БРУКНЕР
(Bruckner) Антон (4.9.1824, Ансфельдэн, каля г. Лінц, Аўстрыя — 11.10.1896),
аўстрыйскі кампазітар, арганіст. Адзін з буйнейшых сімфаністаў і поліфаністаў 19 ст. З 1848 арганіст у манастыры св. Фларыяна (каля Лінца), з 1853 — у Лінцкім саборы. З 1868 у Вене. Выкладаў у Венскай акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва (праф. з 1871), з 1875 і праф. Венскага ун-та (з 1891 ганаровы д-р). Сярод вучняў: Г.Малер, А.Нікіш, Ф.Клозе. Пры жыцці вядомы як імправізатар-арганіст (канцэртаваў у Францыі, Англіі, Швейцарыі). У сваёй творчасці спалучыў дасягненні позняга рамантызму ў галіне муз. мовы з класічнымі прынцыпамі формаўтварэння. Пантэістычнае светаўспрыняцце і ярка выяўлены этычны пачатак творчасці вызначылі велічны і ўзнёслы характар яго музыкі. Сярод твораў: Рэквіем (1849), 4 месы, Те deum (1884), Магніфікат (1852) для салістаў, хору і арк.; 11 сімфоній (1863—1896); стр. квінтэт; інстр. п’есы, у т. л. для аргана; матэты, псалмы, рамансы, хары і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антон Брукнер, 1824—1896: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1979.
т. 3, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)