Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУ́ШЧА,

возера ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Страча (правы прыток р. Вілія), за 32 км на Пн ад г. Смаргонь. Пл. 0,34 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 660 м, найб. глыбіня 2 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км, пл. вадазбору 6,1 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—4 м, разараныя, на З і ПнЗ 12—14 м, укрытыя лесам. Пойма шыр. 50—100 м, забалочаная. Берагі пераважна сплавінныя, тарфяністыя, на ПнЗ і ПдУ нізкія, пясчаныя, месцамі на У і ПдУ пад хмызняком. На ПнУ некалькі заліваў. Дно сапрапелістае, на ПнЗ і ПдУ вузкая паласа пяску да глыб. 0,5—1 м. Зарастае слаба. Выцякае р. Тушчанка.

т. 16, с. 66

ТУШЫ́НСКІ Аляксандр Іосіфавіч (н. 5.8.1945, Мінск),

бел. вучоны ў галіне выліч. тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1983), праф. (1985). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1969). З 1969 на Мінскім з-дзе ЭВМ (з 1987 дырэктар). З 1988 дырэктар НДІ ЭВМ і адначасова ген. дырэктар Бел. навук.-вытв. аб’яднання выліч. тэхнікі. З 1992 нам. міністра абароны Беларусі. З 1994 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. З 1996 нам. ген. дырэктара прадпрыемства «ІВА». Навук. працы па выліч. тэхніцы, сучасных сродках мабільнай сувязі, арганізацыі вытв-сці ЭВМ.

Тв.:

Методическое пособие по технологии печатных плат. Мн., 1988 (разам з І.​М.​Русаком);

Перспективы, прогнозы развития современных средств мобильной связи. М., 1999 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 66

ТУ́ШЫНСКІ ЛА́ГЕР,

урадава-адміністрацыйная рэзідэнцыя і ваенны лагер Ілжэдзмітрыя II у с. Тушына (пад Масквой) з лета 1608 да пач. 1610. Т.л. быў умацаваны землянымі валамі і драўлянымі абарончымі збудаваннямі. Унутры лагера знаходзіліся рэзідэнцыі Лжэдзмітрыя II і нарачонага патрыярха Філарэта, будынкі тушынскіх прыказаў, жытлы польскіх і рас. войск. Пры адыходзе атрадаў Рэчы Паспалітай у сак. 1610 Т.л. спалены. У 1898—1901 на яго месцы праведзены археал. раскопкі, выяўленыя рэчы (зброя, прылады працы, рэчы побыту) зберагаюцца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве.

т. 16, с. 66

ТУШЭ́ (франц. touché, ад toucher чапаць, дакранацца),

характар здабывання гуку (націск, удар па клавішах) пры ігры на фп., які непасрэдна ўплывае на яго сілу і тэмбравую афарбоўку. Важны сродак індывідуалізацыі гучання інструмента. Залежыць ад фізічнага складу рукі піяніста, яго маст. імкненняў і стылю пэўнага муз. твора. Адрозніваюць: сухое і жорсткае, мяккае і пявучае Т. і інш. (напр., ігра Дж.​Філда, А.​Рубінштэйна вызначалася аксамітным, сакавітым Т.).

т. 16, с. 66

ТУ́Я (Thuja),

род хвойных раслін сям. кіпарысавых. 5 відаў. Пашыраны ва Усх. Кітаі, Японіі. Паўн. Амерыцы. Культывуюць, у т. л. на Беларусі, Т. гіганцкую, або складкаватую (T. plicata), і заходнюю (T. occidentalis).

Вечназялёныя дрэвы выш. 12—18, рэдка 45—60 (75) м або кусты. Непатрабавальныя да ўмоў росту, добра пераносяць задымленасць гарадоў. Крона пірамідальная ці канічная, галіны гарыз. або ўзыходныя. Парасткі ападаюць разам з лісцем. Лісце лускападобнае (у маладых раслін іголкападобнае), па 4 у кальчаках. Насенне плоскае, крылатае, са смалянымі залозкамі. Эфірны алей Т. заходняй выкарыстоўваецца ў медыцыне (асабліва ў гамеапатыі) і парфумерыі. Драўніна мяккая, шчыльная. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, суднабудаванні. Лек., тэхн., дэкар. расліны.

А.​Д.​Антанюк.

Туя заходняя.

т. 16, с. 66