Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭ́НІС НАСТО́ЛЬНЫ, пінг-понг,

спартыўная гульня з мячом на стале. Памеры пляцоўкі для гульні на афіц. спаборніцтвах 7×14 м. Спаборніцтвы (асабістыя і камандныя) праводзяцца адзіночныя і парныя (для мужчын, жанчын і змешаных пар). Сустрэчы складаюцца з 5—7 партый. Інвентар: стол (274×152,5 см, выш. 76 см, звычайна-цёмна-зялёнага або цёмна-сіняга колеру), сетка (183×15,25 см), ракеткі (форма адвольная з наклеенымі гумавымі пласцінамі цёмнага колеру), пластмасавы мяч (маса 2,7 г, дыяметр 40 мм).

Гульня блізкая да сучаснага Т.н. ўзнікла, верагодна, у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст.; з 1920-х г. стала пашыранай у многіх краінах. Міжнар. федэрацыя Т.н. засн. ў 1926. Еўрап. саюз Т.н. існуе з 1957. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1926 (з 1957 па няцотных гадах асабістае першынство, па цотных — каманднае), Еўропы — з 1958 (па цотных). Найб. развіты Т.н. ў Германіі, Карэі, Кітаі, Румыніі, Швецыі, Францыі, Японіі і інш.

На Беларусі развіваецца з 1920-х г. 1-я секцыя створана ў 1927 (г. Віцебск). Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1953. Федэрацыя Т.н. існуе з 1959. Створаны Рэсп. Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь. Мужчынская каманда спарт. клуба «Трактар» — сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1980). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: У.​Зленка (чэмпіён Еўропы сярод юнакоў, 1968), І.​Мінкевіч (чэмпіён Еўропы, 1978), Т.​Кастраміна (сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), В.​Паўловіч (прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), У.​Самсонаў (прызёр чэмпіянатаў свету, 1995, 1997, 1999), Я.​Шчацінін (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету, 1998) і інш.

т. 16, с. 129

ТЭНТАКУЛІ́ТЫ (Tentaculita),

клас вымерлых малюскаў. 4 атр. Былі пашыраны ў морах сілурыйскага і дэвонскага перыядаў. На Беларусі рэшткі выяўлены ў адкладах дэвону ў межах Брэсцкай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Прыпяцкага прагіну.

Даўж. вапняковай ракавіны 3—7 см, дыям. да 6 мм. Ракавіна канічная, гладкая або кольчатая, адкрытая на шырокім канцы, дзе размяшчалася цела малюска. Па рэштках Т. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

т. 16, с. 129

ТЭ́НЦЫНГ (Tenzing) Наргэй (15.5.1914, Непал — 9.5.1986),

непальскі і інд. альпініст. Па нацыянальнасці шэрпа. Праваднік, насільшчык, інструктар многіх альпінісцкіх і даследчых экспедыцый. Першаўзыходнік (з Э.Хілары, 29.5.1953) і ўдзельнік 6 узыходжанняў на Джамалунгму.

Літ.:

Тигр снегов: Автобиогр. Тенцинга, записанная с его слов Дж.​Р.​Ульманом: Пер. с англ. М., 1957;

Хант Дж. Восхождение на Эверест: Пер. с англ. М., 1956.

т. 16, с. 129

ТЭО́РЫЯ (ад грэч. theoria назіранне, даследаванне),

комплекс ведаў, ідэй, уяўленняў, накіраваных на тлумачэнне пэўных з’яў; форма арганізацыі навуковых ведаў, якая дае цэласнае ўяўленне пра заканамернасці і істотныя сувязі пэўнай сферы рэчаіснасці. Пач. ўяўленні пра пабудову тэарэт. ведаў склаліся яшчэ ў антычнасці (Арыстоцель); у 3 ст. да н.э. з’явілася першая дэдуктыўная тэарэт. сістэма («Асновы» Эўкліда). З развіццём эксперым. навукі ў 16—18 ст. адбываецца пашырэнне тэарэт. ведаў пра цеплату, магнетызм, электрычнасць і інш. Спец. даследаванне Т. як формы ведаў пачалося з 18 ст. (І.​Кант і інш.) і актуалізавалася ў 19—20 ст. у сувязі з патрэбнасцю ў інтэнсіўным развіцці навукі і з’яўленнем адпаведных логіка-матэм. сродкаў аналізу Т. У структуры Т. вылучаюць шэраг кампанентаў: зыходную эмпірычную аснову, якая ахоплівае комплекс эмпірычных фактаў адпаведнай галіны ведаў; зыходную тэарэт. аснову, якую ўтварае мноства дапушчэнняў, пастулатаў, аксіём, законаў адпаведнай Т.; логіку Т. (правілы лагічных вывадаў і доказаў); сукупнасць выведзеных у межах адпаведнай Т. высноў, тэарэм, сцвярджэнняў і іх доказаў. У залежнасці ад спосабу пабудовы зыходнай тэарэт. асновы адрозніваюць Т. «закрытыя», якія маюць абмежаваную колькасць зыходных пасылак і ўключаюць толькі тыя сцвярджэнні, якія могуць быць лагічна выведзены з гэтых пасылак (дэдуктыўныя Т.), і «адкрытыя», у якіх колькасць зыходных пасылак не абмяжоўваецца. Паводле прыналежнасці да пэўнай галіны ведаў вылучаюць фіз., хім., генет., эканам., сацыялагічныя і інш. Т. Паводле характару задач, якія вырашаюцца Т., адрозніваюць Т. тлумачальныя і апісальныя, накіраваныя найперш на ўпарадкаванне і генералізацыю эмпірычнага матэрыялу. З улікам ступені фармалізацыі вылучаюць таксама матэматызаваныя Т., у якіх выкарыстоўваюцца ідэальныя аб’екты, што змяшчаюць і рэпрэзентуюць рэальныя працэсы.

Літ.:

Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Овчинников Н.Ф. Принципы теоретизации знания. М., 1996;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Резник Ю.М. Введение в социальную теорию. М., 1999;

Степин В.С. Теоретическое знание. М., 2000.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 16, с. 129

ТЭО́РЫЯ АРХІТЭКТУ́РЫ,

сукупнасць навук. ведаў, якія даюць цэласнае ўяўленне пра законы і заканамернасці фарміравання арх. асяроддзя. Вылучаюцца: агульная Т.а.; прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва; прыкладныя Т.а. Агульная Т.а. азначае канцэптуальны падыход да фарміравання прасторы; вызначае вядучыя прынцыпы арганізацыі прасторы: абумоўленасць, сістэмнасць, комплекснасць, бесперапыннасць; распрацоўвае метады вызначэння складу матэрыяльных элементаў, што напаўняюць зоны. Прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва — тэорыі цэнтр. месцаў, палярызацыі прастораў на рэгіянальным і гар. узроўні, «парогаў» і дынамізму ў развіцці гарадоў. Прыкладныя Т.а. ўключаюць тэорыі эвалюцыі арх. уяўленняў, шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый, экалагічнай бяспекі чалавека, матэм. упарадкаванасці, колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя. Тэорыя эвалюцыі арх. уяўленняў як феномен культ. памяці дазваляе асэнсаваць назапашаны вопыт і выкарыстаць яго ў арх. практыцы. Тэорыя шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый дазваляе разглядаць арх. формаўтварэнне як вынік дзейнасці, якая ацэньваецца спажыўцом эмацыянальна і рацыянальна. Аптымальнасць прапанаванага вырашэння вызначаецца пазітыўнасцю комплекснай рэакцыі — візуальнай, тактыльнай, кінетычнай. У гэтай тэорыі найб. поўна рэалізуецца прынцып гуманістычнай накіраванасці, бо аснова гэтых рэакцый — біясацыяльная, эмацыянальная, міфатворчая сутнасць чалавека. Тэорыя экалагічнай бяспекі чалавека ў арх. асяроддзі — найб. актуальная тэорыя сучаснага этапу развіцця архітэктуры. У дадатак да дэтальна распрацаваных урбаэкалогіяй метадаў і сродкаў аховы навакольнага асяроддзя яна ўключае метады арх.-экалагічнага праектавання аб’ёмных аб’ектаў. Тэорыя матэм. упарадкаванасці арх. асяроддзя дазваляе матэм. спосабамі выявіць сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў, пазначыць характарыстыкі і ўласцівасці геам. прастораў, выкарыстоўваць матэм. аналагавыя сістэмы ў рэжыме мадэліравання арх. формы. Фрактальная геаметрыя забяспечвае сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў з дапамогай базавых фракталаў, каскаду самападобных фігур і ўвядзення каэфіцыента самападобнасці. Тэорыя колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя пазначае шляхі выкарыстання колеру для выяўлення цэласнасці арх. аб’екта, яго ўнутр. структуры, самадастатковасці. Увядзенне цэнтраў колеравай актыўнасці дазваляе зафіксаваць элементы метасістэмы, паслядоўнае выкарыстанне тыпаў колеравых гармоній — выявіць характар узаемасувязі паміж элементамі колерасістэмы.

На Беларусі тэарэт. даследаванні вядуцца з 1920-х г. (аналітычныя працы М.​Каспяровіча, М.​Шчакаціхіна і інш.). Яны дазволілі ў пасляваен. час выявіць заканамернасці развіцця горадабудаўніцтва, абгрунтаваць перыядызацыю гіст. шляху фарміравання бел. архітэктуры (працы А.​П.​Воінава, А.​А.​Воінава, М.​Кацара, У.​Чантурыі, Ю.​Ягорава і інш.). Тэарэт. асновы вырашэння тэр. арганізацыі Беларусі, развіцця гарадоў і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў распрацавалі Я.​Заслаўскі, І.​Іода, У.​Кароль, Г.​Патаеў, І.​Сітнікава, А.​Сардараў, А.​Яршоў і інш. Тэарэт. абгрунтаванне рацыянальных прынцыпаў забудовы сельскіх населеных месцаў распрацоўвалі А.​Балыка, А.​Кудзіненка, І.​Малкоў, У.​Сакалоўскі. Асновы аптымізацыі арх. сродкамі функцыян.-тэхнал. працэсаў асобных тыпаў грамадскіх будынкаў адлюстраваны ў працах В.​Аладава, С.​Філімонава, І.​Равуцкай, В.​Саннікавай і інш. З канца 1960-х г. пашыраецца даследаванне нар. дойлідства (А.​Лакотка, С.​Сергачоў, У.​Трацэўскі, Г.​Лаўрэцкі, В.​Марозаў, Т.​Хадыка, В.​Чарнатаў, Т.​Чарняўская і інш.), што дазволіла вылучыць бел. архітэктуру як самаст. галіну слав. дойлідства. Даследуецца развіццё Т.а. замежных краін (Н.​Кожар). Вынікі тэарэт. даследаванняў Я.​Аграновіч-Панамаровай, В.​Анікіна, А.​Сычовай, К.​Хачатранц і інш. спрыялі станаўленню творчых прыёмаў майстроў бел. архітэктуры, арганізацыі навуч. працэсу на арх. ф-це Бел. нац. тэхн. ун-та і падрыхтоўцы падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па сац. асновах архітэктуры, забудове населеных месцаў, ландшафтнай архітэктуры, каларыстыцы, інтэр’ерах грамадскіх будынкаў і інш. Сучасны перыяд развіцця Т.а. звязаны з неабходнасцю стварэння асновы для прыярытэтных кірункаў прыкладных даследаванняў па ўдакладненні нарматыўнай базы буд-ва, аптымізацыі жыллёвага асяроддзя, рэканструкцыі фонду жылых і грамадскіх будынкаў (Г.​Баранец, Г.​Гаўрыкава, Н.​Лазоўская, А.​Мазанік, Ю.​Малыка, Г.​Палянская, Т.​Рак, Ю.​Чантурыя і інш.).

Літ.:

Проблемы современной теории архитектуры. М., 1973;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;

Пономарева Е.С. Цвет в интерьере. Мн., 1984;

Теория композиции в советской архитектуре. М., 1986;

Эко У. Отсутствующая структура: Пер. с итал. СПб., 1998.

Я.​С.​Аграновіч-Панамарова, С.​А.​Сергачоў.

т. 16, с. 129

ТЭО́РЫЯ ЗМЕ́НЛІВАСЦІ І ЭВАЛЮ́ЦЫІ,

тое, што мутацыйная тэорыя.

т. 16, с. 130

ТЭО́РЫЯ ЛІТАРАТУ́РЫ,

гл. ў арт. Літаратуразнаўства.

т. 16, с. 130

ТЭО́РЫЯ ПАЗНА́ННЯ,

раздзел філасофіі, які вывучае магчымасці пазнання, крытэрыі яго дакладнасці, аб’ектыўнасці, адносіны ведаў да рэчаіснасці, перадумовы пазнавальнай дзейнасці; тое, што гнасеалогія.

т. 16, с. 130

ТЭПЕ́ (цюрк.),

узгоркі выш. да 30—40 м, што ўтварыліся з рэшткаў старажытных, пераважна глінабітных будынкаў, якія запоўнены культ. напластаваннямі. Распаўсюджаны ў Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Б.​Усходзе (араб. — тэль), у Індыі і на Балканах.

т. 16, с. 130

ТЭРА... (ад грэч. teras пачвара), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўная 10​12 зыходным адзінкам. Абазначаецца Т. Напр., 1 ТДж = 10​12 Дж, 1 Тг = 10​12 г = 10​9 кг = 10​6 т = 1 Мт.

т. 16, с. 130