ТЭО́РЫЯ (ад грэч. theoria назіранне, даследаванне),
комплекс ведаў, ідэй, уяўленняў, накіраваных на тлумачэнне пэўных з’яў; форма арганізацыі навуковых ведаў, якая дае цэласнае ўяўленне пра заканамернасці і істотныя сувязі пэўнай сферы рэчаіснасці. Пач. ўяўленні пра пабудову тэарэт. ведаў склаліся яшчэ ў антычнасці (Арыстоцель); у 3 ст. да н.э. з’явілася першая дэдуктыўная тэарэт. сістэма («Асновы» Эўкліда). З развіццём эксперым. навукі ў 16—18 ст. адбываецца пашырэнне тэарэт. ведаў пра цеплату, магнетызм, электрычнасць і інш. Спец. даследаванне Т. як формы ведаў пачалося з 18 ст. (І.Кант і інш.) і актуалізавалася ў 19—20 ст. у сувязі з патрэбнасцю ў інтэнсіўным развіцці навукі і з’яўленнем адпаведных логіка-матэм. сродкаў аналізу Т. У структуры Т. вылучаюць шэраг кампанентаў: зыходную эмпірычную аснову, якая ахоплівае комплекс эмпірычных фактаў адпаведнай галіны ведаў; зыходную тэарэт. аснову, якую ўтварае мноства дапушчэнняў, пастулатаў, аксіём, законаў адпаведнай Т.; логіку Т. (правілы лагічных вывадаў і доказаў); сукупнасць выведзеных у межах адпаведнай Т. высноў, тэарэм, сцвярджэнняў і іх доказаў. У залежнасці ад спосабу пабудовы зыходнай тэарэт. асновы адрозніваюць Т. «закрытыя», якія маюць абмежаваную колькасць зыходных пасылак і ўключаюць толькі тыя сцвярджэнні, якія могуць быць лагічна выведзены з гэтых пасылак (дэдуктыўныя Т.), і «адкрытыя», у якіх колькасць зыходных пасылак не абмяжоўваецца. Паводле прыналежнасці да пэўнай галіны ведаў вылучаюць фіз., хім., генет., эканам., сацыялагічныя і інш. Т. Паводле характару задач, якія вырашаюцца Т., адрозніваюць Т. тлумачальныя і апісальныя, накіраваныя найперш на ўпарадкаванне і генералізацыю эмпірычнага матэрыялу. З улікам ступені фармалізацыі вылучаюць таксама матэматызаваныя Т., у якіх выкарыстоўваюцца ідэальныя аб’екты, што змяшчаюць і рэпрэзентуюць рэальныя працэсы.
Літ.:
Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995;
Овчинников Н.Ф. Принципы теоретизации знания. М., 1996;
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;
Резник Ю.М. Введение в социальную теорию. М., 1999;
Степин В.С. Теоретическое знание. М., 2000.
С.А.Яцкевіч.
т. 16, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)