Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛІБІДЭМІ́Я (ад а... + лібіда),

поўная адсутнасць лібіда. Уласціва пераважна жанчынам. Найчасцей вынік прыроджаных або набытых нейраэндакрынных расстройстваў, якія прыводзяць да недаразвіцця ўсёй палавой сферы (інфантылізму) або да другаснага зніжэння (амаль да поўнага знікнення) палавой цягі. Прычынай алібідэміі з’яўляюцца таксама інтаксікацыі наркотыкамі, нейралептыкамі, транквілізатарамі, постінфекц. пашкоджанні гіпаталамуса, узроставая інвалюцыя (гл. Клімакс). У выключных выпадках А. можа быць вынікам няправільнага выхавання. У мужчын надзвычай рэдкая і абумоўлена ў асноўным глыбокай паталогіяй гіпаталама-гіпафізарна-ганаднай сістэмы, часцей недаразвіццём усёй палавой сістэмы.

т. 1, с. 254

АЛІВІ́Н (ад лац. oliva аліва),

група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў. Гал. прадстаўнікі — фарстэрыт Mg2SiO4, фаяліт Fe2SiO4, тэфраіт Mn2SiO4 утвараюць ізаморфныя рады. Крышталі кароткаслупкаватыя, рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя. Колер ад жаўтавата-зялёнага да зеленавата-чорнага. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Крохкі. Шчыльн. 3,2—4,4 г/см³. Пародаўтваральны мінерал магматычнага паходжання. Пашыраны ў асн. і ультра-асн. вывергнутых пародах. Фарстэрыт — сыравіна для вогнетрывалых матэрыялаў. Празрысты залаціста-зялёны алівін — каштоўны камень хрызаліт (перыдот).

Алівін.

т. 1, с. 254

АЛІГА... (ад грэч. oligos нешматлікі, нязначны),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малую колькасць, нешматлікасць чаго-н., на адхіленне ад нормы ў бок памяншэння, напр. алігамеры, алігаполія.

т. 1, с. 254

АЛІГАКЛА́З (ад аліга... + грэч. klasis трэшчына),

мінерал групы палявых шпатаў падкласа каркасных сілікатаў (плагіяклазаў). Ізаморфная сумесь з 10—30% анартыту Ca[Al2Si2O8] і 70—90% альбіту Na[AlSi3O8]. Колер шэры ці з рознымі адценнямі. Бляск ад шклянога да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6. Шчыльн. 2,65 г/см³. Пародаўтваральны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Некаторыя выкарыстоўваюць як вырабныя камяні (месяцавы камень) і як ювелірны матэрыял (сонечны камень).

Алігаклаз.

т. 1, с. 254

АЛІГАМЕ́РЫ,

члены гамалагічных шэрагаў, якія па памеры малекул (мал. м.) займаюць прамежкавае становішча паміж манамерамі і высокамалекулярнымі злучэннямі. Верхняй мяжой мал. масы алігамераў з’яўляецца яе значэнне, пры якім праяўляюцца ўласцівасці высокамал. злучэнняў, у палярных алігамераў — 1,5·10​4, у непалярных — 5·10​3. Метады сінтэзу алігамераў заснаваныя на рэакцыях абмежавання росту макрамалекул (гл. Тэламерызацыя і Полікандэнсацыя) і на дэструкцыі высокамал. злучэнняў. Да сінтэтычных алігамераў належаць поліэфірныя, алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, вадкія каўчукі, сінт. маторнае паліва і інш. Прыродныя алігамеры — алігацукрыды, алігануклеатыды, цыклаалігапептыды, оксітацын і інш.

т. 1, с. 254

АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.А.Мацулевіч.

т. 1, с. 254

АЛІГАПСО́НІЯ (ад аліга... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў харчавання),

тып рыначнай структуры, у якой у адрозненне ад алігаполіі замест абмежаванай колькасці вытворцаў-прадаўцоў дзейнічае абмежаваная колькасць буйных кампаній-пакупнікоў.

т. 1, с. 254

АЛІГА́РХІЯ (ад грэч. oligarchia улада нямногіх),

форма праўлення, пры якой улада належыць невял. групе людзей, звычайна найб. радавітых або заможных. Была характэрная для стараж. Афін, у сярэднявеччы для рэспублік Венецыянскай, Генуэзскай, у 17—18 ст. для Рэчы Паспалітай і інш. Алігархіяй называюць таксама саму́ю кіруючую групу, напр. Фінансавая алігархія.

т. 1, с. 254

АЛІГАСАПРО́БЫ (ад аліга... + грэч. sapros гнілы + bios жыццё),

арганізмы, якія жывуць у чыстых або слаба забруджаных арган. рэчывамі водах з лішкам растворанага кіслароду. Для алігасапробаў характэрна вял. відавая разнастайнасць пры павольнай змене згуртаванняў. Да іх належаць: зялёныя і дыятомавыя водарасці і кветкавыя расліны (напр., гарлачык белы); некаторыя калаўроткі, лічынкі стракоз і аўсянікаў, дафніі; сцерлядзь, фарэль; трытоны. Сярод алігасапробаў шмат драпежнікаў, але мала сапратрофаў, у т. л. бактэрый і арганізмаў, якія кормяцца бактэрыямі. Выкарыстоўваюцца як біял. індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў шкоднымі рэчывамі.

т. 1, с. 255

АЛІГАСПЕРМІ́Я (ад аліга... + грэч. sperma семя),

гіпаспермія, гіпавалюмія, памяншэнне аб’ёму спермы, што выліваецца пры семявывяржэнні. Аб’ём спермы пры алігасперміі не перавышае 1—1,5 мл (норма 2—5 мл). Прычыны алігасперміі: гарманальная недастатковасць, прыроджаныя, генетычныя захворванні, аспермія, азааспермія, хранічныя прастатыты рознага генезісу, псіхічная стомленасць, нерв. перанапружанне, алкагалізм, дрэннае харчаванне. Магчыма і ў здаровых мужчын пры занадта частых палавых або ананістычных актах.

т. 1, с. 255