Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭНДАВАГІНІ́Т (ад позналац. tendo сухажылле + vagina похва),

запаленне сухажыльных похваў. Адрозніваюць востры і хранічны, інфекц. (у выніку пранікнення гнаяроднай мікрафлоры і інш.) і асептычны (пры траўматызацыі і перанапружанні похваў сухажылляў і тканак, якія іх абкружаюць). Часцей Т. бывае на кісцях рук, перадплеччах, голені галёнкі*. Прыкметы: прыпухласць па ходзе сухажылля, боль, хруст, абмежаванне рухаў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 127

ТЭНДЗІ́Н Г’ЯТСО́, Далай-лама 14-ы (н. 6.7.1935, в. Амдо, прав. Цынхай, Кітай), духоўны кіраўнік будыстаў-ламаістаў. У 1940 абвешчаны перараджэннем (рэінкарнацыяй) Далай-ламы 13-га. У 1950 афіцыйна прыняў сан далай-ламы і стаў духоўным і свецкім правіцелем Тыбета. Пасля ўступлення кіт. войск у Тыбет вымушаны ў 1951 прызнаць суверэнітэт Кітая над Тыбетам У 1954—59 дэп. Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, адначасова ў 1955—59 — старшыня падрыхтоўчага к-та па стварэнні Тыбецкага аўт. раёна. Пасля паўстання 1959 у Тыбеце эмігрыраваў у Індыю, дзе пасяліўся ў в. Дхарамсала. Выступае за незалежнасць Тыбета, але падтрымлівае выключна мірныя сродкі барацьбы. Нобелеўская прэмія міру 1989.

т. 16, с. 127

ТЭ́НДРАЎСКАЯ КАСА́, Тэндра,

нізінны пясчаны востраў каля паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., на ПдУ ад г. Адэса; тэр. Украіны. Даўж. каля 65 км, шыр. да 1,8 км. 28—29.8.1790 каля Т.к. адбыўся марскі бой паміж рус. і тур. флатамі.

т. 16, с. 127

ТЭНДЭНЦЫ́ЙНАСЦЬ (ад тэндэнцыя) у мастацтве, ідэйная, сац.-паліт. накіраванасць маст. твораў; выяўленне ў маст. творчасці сац.-паліт., ідэйна-эстэт. пазіцый творцы. Цесна звязана з ідэйнасцю ў мастацтве, якая раскрывае прыхільнасць аўтара да пэўных сац. па змесце ідэй і каштоўнасных арыентацый. Як катэгорыя Т. атрымала метадалагічнае абгрунтаванне ў марксісцкай эстэтыцы, дзе яна трактавалася як аб’ектыўная заканамернасць маст. творчасці; найвышэйшай формай выяўлення Т. абвяшчалася партыйнасць — адлюстраванне ў маст.-вобразнай форме карэнных інтарэсаў прагрэсіўнага класа. З канца 20 ст. ў эстэтыцы і маст. крытыцы Т. разглядаецца як выяўленне ўплыву соцыуму на маст. творчасць. Калі гэты ўплыў не мае арган. сувязі з сістэмай і логікай развіцця маст. вобразаў, ён зніжае ўзровень мастацтва, прыводзіць да прэваліравання ідэалагічнага і маралізатарскага пачаткаў над маст. каштоўнасцю твора.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

ТЭНДЭ́НЦЫЯ (сярэднелац. tendentia накіраванасць),

накіраванасць развіцця пэўнай з’явы ці працэсу. У развіцці адной і той жа з’явы могуць назірацца розныя і нават процілеглыя Т. Развіццё падобных ці роднасных па паходжанні сістэм характарызуецца наяўнасцю падобных Т. Адрозніваюць Т.: лінейныя, пры якіх узровень змен мае пастаянны характар і ў графічным выглядзе ўтварае прамую лінію; нелінейныя, калі інтэнсіўнасць змен не пастаянная на розных этапах развіцця; рацыянальныя, якія выяўлены шляхам навук. аналізу, маюць лагічнае і тэарэт. абгрунтаванне; эмпірычныя, якія выяўлены на аснове эмпірычных звестак, але не атрымалі тэарэт. тлумачэння. Вылучэнне гал. Т. развіцця — адзін з найважнейшых элементаў навук. аналізу працэсаў у прыродзе і грамадстве. Да сац. Т. адносяць паступовыя і ўстойлівыя змены ў сац. сістэме, слоі ці групе (напр., змена памеру сям’і, скарачэнне ці павелічэнне нараджальнасці і інш.). У сац.-паліт. і духоўна-культ. працэсах Т. звязана з паслядоўным правядзеннем індывідам ці сац. групай пэўнай ідэі, што часам прыводзіць да з’яўлення тэндэнцыйнага ў культуры і палітыцы — перадузятага ажыццяўлення пэўных ідэй без уліку сац. абставін і грамадскай думкі.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

ТЭ́НДЭР (англ. tender ад tend абслугоўваць),

1) марское ветразевае аднамачтавае судна з касымі ветразямі. Адзін з відаў яхт. Мае 2—3 пярэднія трохвугольныя ветразі — кліверы. У ветразевым ваен. флоце — самы малы карабель.

2) Міжнар. таргі, пры якіх конкурс для прадаўца аб’яўляе пакупнік, а таксама ўстанаўлівае тэхн. і эканам. характарыстыкі тавару.

3) Прычапная частка паравоза для захоўвання запасу вады, паліва і размяшчэння дапаможных прыстасаванняў.

т. 16, с. 127

«ТЭНЕ́КА ІНК.»

(Tenneco Inc.),

адна з буйнейшых шматпрофільных карпарацый ЗША. У розныя гады вытв-сць уключала буд-ва ваенна-марскіх суднаў, у т. л. атамных падлодак, авіяносцаў; запраўку атамных караблёў ядзерным палівам; рамонт і аднаўленне ўсіх тыпаў суднаў; буд-ва вял. грузавых суднаў, ядзернага абсталявання, абсталявання для ГЭС; разведку, здабычу і ачыстку нафты і газу; буд-ва газаправодаў; выпуск с.-г. і дарожна-трансп. машын і абсталявання, кампанентаў грузавых і легкавых аўтамабіляў, буд. канструкцый, інструментаў, нафтапрадуктаў, хім. і с.-г. прадукцыі, упаковачных матэрыялаў; страхавыя аперацыі і інш.

Утворана ў 1943 пад назвай «Тэнесі гэс энд трансмішэн»; у 1961 набыла кампанію «Бей петролеум» і змяніла назву на «Тэнека ойл». З 1966 сучасная назва. У 1999 «Т.і.» падзялілася на кампаніі «Пектыў карпарэйшэн» (упаковачныя матэрыялы, дысплеі, маніторы і інш.) і «Тэнека атаматыў інк.» (дэталі для аўтамабіляў: эл. абсталяванне, амартызатары, глушыцелі і інш.), якія маюць шматлікія даччыныя кампаніі. Штаб-кватэра іх у г. Лейк-Форэст. У вытв-сці занята 23,2 тыс. чал. (1999).

М.​Б.​Жукава.

т. 16, с. 127

ТЭНЕРЫ́ФЕ (Tenerife),

вулканічны востраў у Атлантычным ак., у групе Канарскіх астравоў; тэр. Іспаніі. Пл. 1946 км². Выш. да 3718 м (дзеючы вулкан Тэйдэ). Клімат трапічны, пасатны. Вечназялёныя хмызнякі і лясы. Трапічнае земляробства (бананы, цытрусавыя, тытунь, вінаград і інш.). Рыбалоўства. Гал. горад і марскі порт — Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе. Нац. парк Тэйдэ. Кліматычныя курорты.

т. 16, с. 127

ТЭНЕСІ́ (Tennessee),

рака на У ЗША, левы прыток р. Агайо (бас. р. Місісіпі). Утвараецца ад сутокаў рэк Холстан і Фрэнч-Брод, якія сцякаюць з зах. схілаў Апалачаў. Даўж. 1050 км (ад вытоку р. Холстан 1470 км), пл. бас. 104 тыс. км². Разводдзе ў канцы зімы і вясной, нізкая межань летам. Сярэдні расход вады ў вусці 1800 м³/с. Сцёк Т. амаль поўнасцю зарэгуляваны сістэмай вадасховішчаў (найб. — Кентукі). Комплекс ГЭС, ЦЭС, АЭС. Суднаходная ад вытокаў дзякуючы абвадным каналам і шлюзам. На Т. — гарады Ноксвіл, Чатануга, Флорэнс.

т. 16, с. 127

ТЭНЕСІ́ (Tennessee),

штат на Пд ЗША. Пл. 109,4 тыс. км². Нас. 5483,5 тыс. чал. (2000). Адм. ц. — г. Нашвіл. Вял. гарады і прамысл. цэнтры — Мемфіс, Ноксвіл, Чатануга. Усх. ч. штата займаюць Апалачскія горы, на З — нізіна р. Місісіпі, паміж імі ўзгорыстае плато Камберленд. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. каля 4 °C, ліп. каля 25 °C. Ападкаў 1100—1200 мм за год. Гал. рэкі Тэнесі і Камберленд. На схілах гор — лісцевыя лясы (дуб, гікоры, цёмная таполя і інш.). Нац. парк Грэйт-Смокі-Маўнтынс Індустр.-агр. штат. У даліне р. Тэнесі комплекс электрастанцый (ГЭС, ЦЭС і АЭС). Вядучыя галіны прам-сці: хім. (вытв-сць угнаенняў, карбіду кальцыю, азотных злучэнняў, штучных валокнаў, выбуховых рэчываў і інш.), атамная. каляровая металургія, маш.-буд. (эл./v-abbr>-тэхн./v-abbr>, с.-г. машыны, аўтамабілі), дрэваапр., тэкст., харч., паліграф. і інш. У горназдабыўной прам-сці — здабыча кам. вугалю, фасфарытаў, цынку, медзі, мармуру. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта жывёлагадоўля, асабліва буйн. раг. жывёлы і свіней Гал. таварныя культуры — тытунь і соя, вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, бавоўнік, кармавыя травы. Садоўніцтва Турызм. Транспарт аўтамаб., чыгуначны. Суднаходства па рэках Місісіпі і Тэнесі.

т. 16, с. 127