Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭМПЕРАТУ́РА (ад лац. temperatura нармальны стан),

фізічная велічыня, якая характарызуе стан тэрмадынамічнай раўнавагі макраскапічных фіз. сістэм Абазначаецца t або T (абсалютная тэмпература) Вымяраецца кантактнымі і бескантактнымі метадамі з дапамогай тэрмометраў, пірометраў, тэрмапар і інш. паводле змены пэўнага параметра тэрмаметрычнага рэчыва, напр., аб’ёму, ціску, эрс. Адзінка вымярэння ў розных тэмпературных шкалах — градус (у СІ — кельвін). Дыяпазон Т. розных фіз. з’яў (у эксперыментах і разліках) ад абсалютнага нуля да 10​32 К.

У замкнёнай тэрмадынамічнай сістэме, якая знаходзіцца ў стане раўнавагі тэрмадынамічнай, Т. ўсюды аднолькавыя. Калі Т. асобных частак сістэмы розная, адбываецца пераход энергіі (цеплаперадача) ад больш нагрэтых частак да менш нагрэтых, што вядзе да выраўноўвання Т. У раўнаважных умовах Т. прапарцыянальная сярэдняй кінетычнай энергіі часціц цела (гл. Статыстычная фізіка) і вызначае размеркаванне часціц, што ўтвараюць дадзеную сістэму, па ўзроўнях энергіі (гл. Больцмана статыстыка), а таксама па скарасцях (гл. Максвела размеркаванне), ступень іанізацыі рэчыва, поўную аб’ёмную шчыльнасць выпрамянення (гл. Стэфана—Больцмана закон выпрамянення) і інш.

Літ.:

Линевег Ф. Измерение температур в технике: Справ.: Пер. с нем. М., 1980;

Куинн Т. Температура: Пер. с англ. М., 1985.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 125

ТЭМПЕРАТУ́РА ў астрафізіцы,

параметр, які характарызуе выпрамяненне і цеплавы стан скопішчаў матэрыі, зорак, туманнасцей. Вызначаецца шляхам даследаванняў выпрамянення, заснаваных на некаторых тэарэт. меркаваннях і мадэльных уяўленнях; у прыватнасці, дапускаецца, што асяроддзе знаходзіцца ў раўнавазе тэрмадынамічнай і да яго прымяняльныя законы выпрамянення абсалютна чорнага цела.

Адрозніваюць Т.: эфектыўную (мадэль абсалютна чорнага цела з эквівалентнымі памерамі і поўнай энергіяй выпрамянення), яркасную (мадэль абсалютна чорнага цела са спектрам выпрамянення, у вузкім інтэрвале частот такім самым, як у аб’екта), спектрафотаметрычную (мадэль абсалютна чорнага цела са спектрам, максімальна блізкім да рэальнага ва ўсім інтэрвале частот), кінетычную (гіпотэза пра максвелаўскі характар размеркавання скарасцей часціц) і інш. Паколькі рэальныя ўмовы на нябесных аб’ектах далёкія ад тэрмадынамічнай раўнавагі, вынікі вызначэння Т. рознымі метадамі могуць у значнай ступені адрознівацца (для стану тэрмадынамічнай раўнавагі ўсе метады даюць аднолькавае значэнне Т.).

т. 16, с. 125

ТЭМПЕРАТУ́РА КІПЕ́ННЯ,

тэмпература раўнаважнага фазавага пераходу вадкасці ў пару (кіпення) пры пастаянным ціску. Абазначаецца Tкіп або tкіп; у даведніках звычайна прыводзяць Т.к. рэчываў пры нармальным знешнім ціску (101 325 Па).

т. 16, с. 125

ТЭМПЕРАТУ́РА ПАВЕ́ТРА,

найважнейшы элемент надвор’я і клімату, які характарызуе цеплавы рэжым атмасферы. Вызначае ўмовы развіцця дзікарослай і культ. расліннасці, жывёльнага свету, уплывае на самаадчуванне чалавека. Ад Т.п. залежаць колькасць вільгаці ў паветры і выпарэнне яе з паверхні водных аб’ектаў і глебы. Для назіранняў за Т.п. каля зямной паверхні выкарыстоўваюцца тэрмометры і тэрмографы, у верхніх слаях атмасферы — метэарографы і радыёзонды. Да характарыстык тэмпературнага рэжыму адносяцца сярэднія, макс. і мінім. т-ры за суткі, месяц, год, шматгадовы перыяд, паўтаральнасць і даты надыходу розных значэнняў т-ры, амплітуды за пэўны перыяд і інш. На зямной паверхні Т.п. размяркоўваецца занальна і паніжаецца ад экватара да полюсаў, а таксама з падняццем уверх; часам назіраецца інверсія тэмпературы. Сярэдняя гадавая Т.п. Зямлі 14 °C, абс. максімум 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс. мінімум -89,2 °C (станцыя «Усход» у Антарктыдзе). Сярэдняя гадавая Т.п. на Беларусі 5,8 °C, абс. максімум 38 °C, мінімум -41 °C. У самым цёплым месяцы — ліп. — сярэдняя месячная т-ра павялічваецца з ПнЗ на ПдУ ад 17,5 °C да 18,5 °C, у самым халодным — студз. — паніжаецца з ПдЗ на ПнУ ад -4,5 °C да -8 °C.

т. 16, с. 125

ТЭМПЕРАТУ́РА ПЛАЎЛЕ́ННЯ,

тэмпература раўнаважнага пераходу крышт. (цвёрдага) цела ў вадкі стан (плаўленне) пры пастаянным знешнім ціску. Абазначаецца Тпл або tпл; у даведніках звычайна прыводзяцца Т.п. пры нармальным знешнім ціску (101 325 Па).

т. 16, с. 126

ТЭМПЕРАТУ́РА ЦЕ́ЛА,

інтэгральны паказчык цеплавога стану арганізма чалавека і жывёл, які характарызуецца суадносінамі працэсаў цеплаўтварэння і цеплааддачы. У чалавека падтрымліваецца на адносна пастаянным узроўні (у дарослага 36—37 °C, у дзяцей на 0,3—0,4 °C вышэйшая і менш устойлівая). У норме сутачныя ваганні 1—1,5 °C, звязаны са сном, зменай дыхання і кровазвароту (найб. высокая Т.ц. ў 17—18 гадз, найб. нізкая — у 3—4 гадз ночы). Павышаецца пры напружанай фіз. працы, інфекц. хваробах і інш. У розных зонах неаднолькавая. Пры пераграванні арганізма — гіпертэрмія; пры зніжэнні нармальнай Т.ц. — гіпатэрмія. Пра Т.ц. жывёл гл. Гамаятэрмныя жывёлы, Пайкілатэрмныя жывёлы. Гл. таксама Тэмпература цела субфебрыльная.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 126

ТЭМПЕРАТУ́РА ЦЕ́ЛА СУБФЕБРЫ́ЛЬНАЯ, субфебрылітэт,

павышэнне т-ры цела ў дыяпазоне 37,1—38 °C. Назіраецца пры многіх захворваннях (інфекцыі, злаякасныя пухліны, захворванні нерв., сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм і інш.), фізіял. станах (у перадменструальны перыяд, пры цяжарнасці, псіхаэмацыянальным напружанні, пераграванні на сонцы), бывае і нявысветленага паходжання. Можа захоўвацца многія гады, з’яўляцца адзінай прыкметай хваробы, працякаць з парушэннем самаадчування або без яго. У 2—3% людзей назіраецца з нараджэння.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 126

ТЭМПЕРАТУ́РНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

тое, што цеплавое выпрамяненне.

т. 16, с. 126

ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ІНВЕ́РСІЯ,

гл. Інверсія тэмпературы.

т. 16, с. 126

ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ШКАЛА́,

спосаб атрымання лікавага значэння тэмпературы на аснове вядомай тэмпературнай залежнасці якой-н. фіз. велічыні; сістэма супастаўленняў такіх значэнняў т-ры. Эмпірычныя Т.ш. грунтуюцца на выбары рэперных (пастаянных) пунктаў, пачатку адліку і памеру адзінкі вымярэння т-ры (градуса), звязанымі з пэўнымі тэрмаметрычнымі (рабочымі) рэчывамі і іх адпаведнымі ўласцівасцямі.

Удасканаленую эмпірычную Т.ш. прапанаваў Г.​Д.​Фарэнгейт (гл. Фарэнгейта шкала); за рэперныя пункты былі прыняты т-ра сумесі снегу з нашатыром і т-ра цела чалавека (пазней т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску). За градус прынята 1/180 частка тэмпературнага інтэрвалу ў ртутным тэрмометры паміж пунктамі плаўлення лёду (+32 F) і кіпення вады (+212 F). У Т.ш., прапанаванай Р.​А.​Рэамюрам (гл. Рэамюра шкала), першасна за рэперны пункт прынята т-ра плаўлення лёду, за градус — рознасць т-р, пры якой адносная змена аб’ёму этылавага спірту роўная 0,001. У Цэльсія шкале за рэперныя пункты прыняты т-ры плаўлення лёду і кіпення вады пры нармальных умовах; тэмпературны інтэрвал паміж імі падзелены на 100. У 1852 У.Томсан (лорд Кельвін) увёў абс. эмпірычную Т.ш., дзе адлік т-ры пачынаўся з абсалютнага нуля, а градус вызначаўся на аснове стоградуснай шкалы газавага тэрмометра. Асн. недахоп эмпірычных Т.ш. — іх залежнасць ад тэрмаметрычных уласцівасцей рэчываў. Каб пазбавіцца гэтага недахопу, У.​Томсан прапанаваў тэрмадынамічную тэмпературную шкалу. Адвольная эмпірычная Т.ш. зводзіцца да тэрмадынамічнай увядзеннем паправак, якія ўлічваюць характар сувязі пэўнай тэрмаметрычнай уласцівасці з тэрмадынамічнай т-рай. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах зацвердзіла Міжнародную практычную тэмпературную шкалу (МПТШ-68), якая мае 11 рэперных пунктаў (у МПТШ-90 іх 15) і не залежыць ад канкрэтнага носьбіта шкалы (тэрмометра). Т-ры, адлічаныя па гэтай і па тэрмадынамічнай Т.ш., супадаюць з дакладнасцю, дасягальнай для тэхнікі эксперыменту.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 126