ТЭМПЕРАТУ́РА ў астрафізіцы,
параметр, які характарызуе выпрамяненне і цеплавы стан скопішчаў матэрыі, зорак, туманнасцей. Вызначаецца шляхам даследаванняў выпрамянення, заснаваных на некаторых тэарэт. меркаваннях і мадэльных уяўленнях; у прыватнасці, дапускаецца, што асяроддзе знаходзіцца ў раўнавазе тэрмадынамічнай і да яго прымяняльныя законы выпрамянення абсалютна чорнага цела.
Адрозніваюць Т.: эфектыўную (мадэль абсалютна чорнага цела з эквівалентнымі памерамі і поўнай энергіяй выпрамянення), яркасную (мадэль абсалютна чорнага цела са спектрам выпрамянення, у вузкім інтэрвале частот такім самым, як у аб’екта), спектрафотаметрычную (мадэль абсалютна чорнага цела са спектрам, максімальна блізкім да рэальнага ва ўсім інтэрвале частот), кінетычную (гіпотэза пра максвелаўскі характар размеркавання скарасцей часціц) і інш. Паколькі рэальныя ўмовы на нябесных аб’ектах далёкія ад тэрмадынамічнай раўнавагі, вынікі вызначэння Т. рознымі метадамі могуць у значнай ступені адрознівацца (для стану тэрмадынамічнай раўнавагі ўсе метады даюць аднолькавае значэнне Т.).
т. 16, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)