Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУ́РЫЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

На мяжы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 10 км на ПдЗ ад г. Чашнікі. Пл. 0,64 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 6,2 км, пл. вадазбору 9,5 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, разараныя. Пойма шыр. 5—100 м, пад лугам і хмызняком. Берагі нізкія, на Пд пясчаныя, астатнія сплавінныя (шыр. сплавіны 5—30 м). Дно сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадае ручай, сцёк па пратоцы ў р. Ула.

т. 16, с. 61

ТУРЫ́ШЧАВА Людміла Іванаўна (н. 7.10.1952, г. Грозны, Чэчэнская Рэспубліка, Расія),

расійская спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыла Растоўскі пед. ін-т (1974). Трэнер-выкладчык. Чэмпіёнка XIX (1968, Мехіка), XX (1972, г. Мюнхен, Германія) i XXI (1976, г. Манрэаль, Канада) Алімп. гульняў у камандным заліку. Абс. чэмпіёнка XX Алімп. гульняў, сярэбраны (1972—76 — у вольных практыкаваннях, 1976 — у апорным скачку і вольных практыкаваннях) і бронз. (1972 — у апорным скачку, 1976 — у мнагабор’і) прызёр. Абс. чэмпіёнка свету (1970, 1974) і ў асобных відах мнагабор’я: 1970 — у вольных практыкаваннях, 1974 — на бервяне і ў вольных практыкаваннях; сярэбраны (1970 — у практыкаваннях на брусах, 1974 — у апорным скачку) і бронз. (1970 — на брусах і ў апорным скачку) прызёр. Абс. чэмпіёнка Еўропы (1971, 1973) і ў асобных відах мнагабор’я: 1971 — у апорным скачку і ў вольных практыкаваннях; 1973 — у апорным скачку, на брусах, бервяне і ў вольных практыкаваннях; сярэбраны (1971 — на брусах і бервяне) і бронз. (1969 — у мнагабор’і, на брусах і ў вольных практыкаваннях) прызёр. Абс. чэмпіёнка СССР (1972, 1974) і ў асобных відах мнагабор’я (1970 — на брусах і ў вольных практыкаваннях, 1972 і 1973 — на брусах і ў апорным скачку, 1975 — у апорным скачку).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 61

ТУРЭ́ (Touré) Ахмед Секу (9.1.1922, г. Фарана, Гвінея — 26.3.1984),

дзяржаўны дзеяч Гвінеі. Адзін са стваральнікаў першых афр. прафсаюзаў; з 1956 ген. сакратар Усеагульнай канфедэрацыі працоўных Чорнай Афрыкі. Чл. Дэмакр. партыі Гвінеі, з 1959 яе ген. сакратар. З 1955 мэр г. Конакры. З 1958 першы прэзідэнт незалежнай Гвінеі. Абвясціў курс на пабудову сацыялізму і супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі. Усталяваў жорсткі рэжым сваёй асабістай улады, праводзіў масавыя паліт. рэпрэсіі.

т. 16, с. 61

ТУРЭ́ЎСКІ Абрам Аркадзевіч (н. 27.5.1923, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне гісталогіі і эмбрыялогіі. Д-р біял. н. (1964), праф. (1966). Скончыў Львоўскую акадэмію вет. медыцыны (1952). З 1967 у Гродзенскім мед. ун-це (у 1967—98 заг. кафедры). Навук. працы па гарманальнай рэгуляцыі сакрэцыі жоўці, ролі жоўцевых к-т у рэгуляванні структурнага і гістахім. гамеастазу органаў.

Тв.:

Морфофункциональное исследование эндокринного аппарата поджелудочной железы в условиях желчной недостаточности (разам з Л.​А.​Мажэйка, Т.​І.​Шаланда) //Докл. АН БССР. 1989. Т. 33, № 10;

Морфафункцыянальныя змены фалікулаў шчытападобнай залозы ў раннія тэрміны халестазу (у сааўт.) // Весці АН Беларусі. Сер. біял. нав. 1995. № 2.

т. 16, с. 61

ТУРЭ́Ц,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Карэлічы—Мір. Цэнтр сельсавета і с.-г. вытв. кааператыва. За 13 км на ПдУ ад г.п. Карэлічы, 198 км ад Гродна, 32 км ад чыг. ст. Гарадзея. 653 ж., 285 двароў (2002). Унітарнае прадпрыемства «Лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія могілкі рас. воінаў 1-й сусв. вайны, брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, і І.Д.Чарняхоўскаму. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Турэцкая Пакроўская царква.

Упершыню ўпамінаецца ў Валынскай хроніцы пад 1276. У 14 ст. ўласнасць кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча. Яго сын Аляксандр, родапачынальнік Слуцкіх-Алелькавічаў, каля 1420 перадаў землі ў наваколлі мястэчка Т. Лаўрышаўскаму манастыру. З 16 ст. належаў Хадкевічам. У 17 ст. ў Т. меліся касцёл, уніяцкая і правасл. цэрквы. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Навагрудскага пав. У 1848 прыгонныя сяляне Т. належалі памешчыкам Хадкевічу, Ліпінскаму, Букатовічу і інш. У 1863 у Т. 794 ж., царк.-прыходская школа, у 1890 адкрыта нар. вучылішча; у 1897—1596 ж., 229 двароў, царква, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 2 ветраныя млыны, 7 заезных дамоў, хлебазапасны магазін, пошта, 18 крам, 2 кірмашы штогод; у 1908—1893 ж., 363 двары. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 каля Т. праходзіла лінія фронту, што прывяло да вял. разбурэнняў у мястэчку. З 1921 у Польшчы, 1290 ж., 218 двароў. З 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета Мірскага р-на, з 17.12.1956 у Карэліцкім, у 1962—65 у Навагрудскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Т. 463 чал.

У.​У.​Бянько.

т. 16, с. 61

ТУРЭ́Ц,

вёска ў Смілавіцкім с/с Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Свіслач. Цэнтр калгаса. За 28 км на З ад г. Чэрвень, 44 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 793 ж., 291 двор (2002). Прадпрыемства па вытв-сці камбікорму. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Помнік воінам і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 16, с. 62

ТУРЭ́ЦКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (агузская група); мова туркаў. Афіц. мова Турцыі, Кіпра (разам з грэчаскай мовай). Пашырана ў Румыніі, Расіі, Іране, Іраку, Сірыі, Грэцыі, Югаславіі, Балгарыі. Мае 2 групы дыялектаў: анаталійскія (паўд.-зах., сярэднеанаталійскі, усх., паўн.-ўсх., паўд.-ўсх., кастамунійскі); балканскія і румелійскія (баснійскі, адакалійскі, відынскі, радопскі, македонскі, эдырнскі). Т.м. ўласцівы: у фанетыцы — развіты сінгарманізм, у марфалогіі — аглюцінацыя, своеасаблівыя формы дзеепрыметніка, стараж. імя дзеяння. Першыя пісьмовыя помнікі выкананы араб. графікай (13 ст.), з 1928 алфавіт на аснове лацінскага. Літ. мова склалася ў сярэдзіне 19 ст.

Літ.:

Кононов А.Н. Грамматика современного турецкого литературного языка. М.; Л., 1956;

Дмитриев Н.К. Турецкий язык. 2 изд. М., 1960.

А.​А.​Кожынава.

т. 16, с. 62

ТУРЭ́ЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарус. стылю ў в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1888 з бутавага каменю і цэглы на месцы драўлянага храма 1747. Шматпланавая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з папярочнага прытвора-званіцы, прамавугольнай трапезнай, асн. 3-нефавага аб’ёму ў выглядзе крыжа, апсіды. У архітэктуры выкарыстаны элементы і формы стараж.-рус. дойлідства: вісячыя падвойныя аркі на парталах уваходаў, ліштвы акон, 3-лопасцевыя какошнікі на фасадах, 5-купальная кампазіцыя асн. аб’ёму і інш. Спалучэнне прыроднага каменю і атынкаваных белых дэталей дэкору ўзбагачае арх.-маст. якасці помніка. Ў інтэр’еры пазалочаны іканастас канца 19 — пач. 20 ст.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Турэцкая Пакроўская царква.

т. 16, с. 62

ТУРЭ́ЦКІ Абрам Хаімавіч (13.9.1905, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. — 1.3.1975),

бел. матэматык; стваральнік навук. школы па тэорыі набліжэння функцый на Беларусі. Д-р фіз.-матэм. н. (1962), праф. (1963). Скончыў БДУ (1929). З 1935 у Віцебскім, з 1941 Ульянаўскім пед. ін-тах, з 1994 у БДУ (з 1961 заг. кафедры). Навук. працы па канструктыўнай тэорыі функцый (тэорыі набліжэння, тэорыі інтэрпаляцыі, квадратурных формулах). Рашыў праблему Гаўса аб квадратурных формулах вышэйшай трыганаметрычнай дакладнасці.

Тв.:

О классах насыщения для некоторых методов суммирования рядов Фурье непрерывных периодических функций // Успехи мат. наук. 1960. Т. 15, вып. 6;

Теория интерполирования в задачах Мн., 1968.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 16, с. 62

ТУРЭ́Я,

другая назва р. Тур’я ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл.

т. 16, с. 62