ТУРЭ́Ц,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Карэлічы—Мір. Цэнтр сельсавета і с.-г. вытв. кааператыва. За 13 км на ПдУ ад г.п. Карэлічы, 198 км ад Гродна, 32 км ад чыг. ст. Гарадзея. 653 ж., 285 двароў (2002). Унітарнае прадпрыемства «Лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія могілкі рас. воінаў 1-й сусв. вайны, брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, і І.Д.Чарняхоўскаму. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Турэцкая Пакроўская царква.
Упершыню ўпамінаецца ў Валынскай хроніцы пад 1276. У 14 ст. ўласнасць кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча. Яго сын Аляксандр, родапачынальнік Слуцкіх-Алелькавічаў, каля 1420 перадаў землі ў наваколлі мястэчка Т. Лаўрышаўскаму манастыру. З 16 ст. належаў Хадкевічам. У 17 ст. ў Т. меліся касцёл, уніяцкая і правасл. цэрквы. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Навагрудскага пав. У 1848 прыгонныя сяляне Т. належалі памешчыкам Хадкевічу, Ліпінскаму, Букатовічу і інш. У 1863 у Т. 794 ж., царк.-прыходская школа, у 1890 адкрыта нар. вучылішча; у 1897—1596 ж., 229 двароў, царква, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 2 ветраныя млыны, 7 заезных дамоў, хлебазапасны магазін, пошта, 18 крам, 2 кірмашы штогод; у 1908—1893 ж., 363 двары. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 каля Т. праходзіла лінія фронту, што прывяло да вял. разбурэнняў у мястэчку. З 1921 у Польшчы, 1290 ж., 218 двароў. З 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета Мірскага р-на, з 17.12.1956 у Карэліцкім, у 1962—65 у Навагрудскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Т. 463 чал.
У.У.Бянько.
т. 16, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)