Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРГО́ (франц. argot),

разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца вузкай сацыяльнай групай людзей з мэтай моўнага адасаблення, адна з формаў існавання мовы. У шырокім сэнсе арго — любыя разнавіднасці прафесійнага нелітаратурнага маўлення (арго лётчыкаў, паляўнічых і інш.). Нярэдка пад арго разумеюць маўленне дэкласаваных і крымінальных элементаў. Да арго адносяць тайныя мовы. Тэрмін «жаргон» таксама абазначае сац. разнавіднасць маўлення. Аднак у адрозненне ад арго жаргоны выкарыстоўваюцца больш шырокімі сац. і ўзроставымі групамі насельніцтва.

Літ.:

Жирмунский В. Национальный язык и социальные диалекты. Л., 1936.

П.Б.Мячкоўская.

т. 1, с. 473

АРГО́Н (лац. Argon),

Ar, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы элементаў, ат. н. 18, ат. м. 39,948; інертны газ. Атмасферны аргон складаецца з трох стабільных ізатопаў: ​36Ar (0,337%), ​38Ar (0,063%), і ​40Ar (99,6%). У атмасферы 16·10​12 т аргону, у зямной кары 0,165·10​12 т, у вадзе 0,75·10​12 т. Адкрыты ў 1894. Газ без колеру і паху, малекула аднаатамная, пры звычайных умовах хімічна інертны, tкіп -185,9 °C. Атрымліваюць раздзяленнем газаў пры глыбокім ахаладжэнні паветра. Выкарыстоўваецца ў металургічных (аргонадугавая зварка алюмініевых і алюмамагніевых сплаваў) і хім. працэсах (пры атрыманні звышчыстых рэчываў), для запаўнення эл. лямпаў і газаразрадных трубак, вызначэння ўзросту мінералаў.

т. 1, с. 473

АРГСУ́ВЯЗЬ,

пашыраная назва сукупнасці сродкаў аператыўнай сувязі, якія павышаюць эфектыўнасць адм.-кіраўнічай працы. Шэраг сродкаў аргсувязі належаць да аргтэхнікі.

т. 1, с. 473

АРГТЭ́ХНІКА, арганізацыйная тэхніка,

тэхн. сродкі для аўтаматызацыі і механізацыі інжынерна-тэхн., навук.-даследчай, кіраўнічай і прадпрымальніцкай працы. Развіццё і ўдасканаленне аргтэхнікі абумоўлена навук.-тэхн. прагрэсам, ускладненнем працэсаў кіравання і сістэм дыспетчарызацыі, павелічэннем аб’ёму апрацоўваемай інфармацыі. Эфектыўнасць сродкаў аргтэхнікі і зручнасць іх выкарыстання вызначаюцца комплексным падыходам да іх стварэння, рацыяналізацыяй (у т. л. спецыялізаваным абсталяваннем) рабочага месца і службовага памяшкання, выкананнем патрабаванняў эрганомікі.

Да аргтэхнікі адносяць вылічальныя машыны (у т. л. мікракалькулятары, персанальныя ЭВМ), капіравальна-размнажальную тэхніку (пішучыя машынкі і апараты аператыўнай паліграфіі і рэпраграфіі, мікрафільмавання), сродкі захоўвання і аўтам. пошуку дакументаў (картатэкі, спец. шафы, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы і прыстасаванні), чарцёжна-канструктарскую тэхніку, сродкі апрацоўкі дакументаў (нумаратары, штэмпелявальныя і адрасавальныя машыны і інш.), сродкі запісу і ўзнаўлення мовы, прагляду слайдаў і мікрафільмаў (дыктафоны, магнітафоны, дыяскопы), апаратуру адм.-вытв. сувязі (гл. Аператыўная сувязь, Дыспетчарская сувязь). Да сродкаў малой аргтэхнікі адносяць таксама канц. прыналежнасці.

Аргтэхніка: электронная пішучая машынка і іншыя прылады аргтэхнікі (уверсе); пераносны персанальны камп’ютэр тыпу «блакнот».

т. 1, с. 473

АРГУЛЁЗ,

інвазійная хвароба рыб, якую выклікаюць крывасосныя рачкі-аргулюсы (з роду Argulus). Пашкоджваюцца скура, плаўнікі, шчэлепы моладзі карпа, сазана, стронгі, амураў, судакоў, ляшчоў і інш. Дарослыя рыбы хварэюць рэдка. Лічынкі рачкоў праколваюць хабатком скуру і сасуды цела рыб, сакрэты іх ядавітых залоз таксічна ўздзейнічаюць на арганізм рыб. Прычыняе значныя страты рыбагадоўлі.

Узбуджальнік аргулёзу.

т. 1, с. 474

АРГУМЕ́НТ (лац. argumentum),

1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.

2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.

У.К.Лукашэвіч.

т. 1, с. 474

АРГУМЕ́НТ у матэматыцы,

1) незалежная пераменная, што стаіць пад знакам функцыі і абумоўлівае яе значэнне. Аргумент функцыі 𝑓(x) ёсць x. Аргумент функцыі можа быць якой-н. функцыяй іншай пераменнай, напр. аргумент трыганаметрычнай функцыі cos(ax+b) ёсць ax+b.

2) Аргументам комплекснага ліку z=x+iy — вугал φ паміж дадатным напрамкам восі абсцыс і радыус-вектарам пункта з каардынатамі x і y, які з’яўляецца выявай камплекснага ліку на плоскасці XOY. Вызначаецца з дакладнасцю да 2π і звязаны з каардынатамі x і y формулай tgφ=y/x.

т. 1, с. 474

«АРГУМЕНТЫ И ФАКТЫ»,

штотыднёвы інф. бюлетэнь. Выдаецца з 1978 у Маскве на рус. мове. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця Расіі. Выдае дадаткі, у т. л. з 1993 інфармацыйна-рэкламны дадатак «АіФ на Беларусі».

т. 1, с. 474

АРГУНО́ВЫ,

рускія жывапісцы-партрэтысты. Прыгонныя графаў Шарамецевых. Іван Пятровіч Аргуноў (1729—1802), адзін з пачынальнікаў камернага партрэта ў Расіі. Аўтар парадных партрэтаў, у якіх шырока выкарыстаны прыёмы барока (графіні Талстой, Б.П. і А.П.Шарамецевых, усе 1768; невядомай сялянкі, 1784). Яго вучнямі былі А.Ласенка, К.Галавачэўскі, І.Саблуноў. Мікалай Іванавіч Аргуноў (1771 — пасля 1829), сын і вучань І.П.Аргунова. У 1816 атрымаў вольную. З 1818 акад. Пецярбургскай АМ. Напісаў шэраг партрэтаў, у т. л. прыгоннай актрысы П.І.Кавалёвай-Жамчуговай (1802).

Літ.:

Шарандак Н.П. Иван Аргунов: [Альбом]. Л., 1977.

Да арт. Аргуновы. І.П.Аргуноў. Партрэт невядомай сялянкі. 1784.

т. 1, с. 474

АРГУНО́ВЫ,

рускія архітэктары. Прыгонныя графаў Шарамецевых. Фёдар Сямёнавіч Аргуноў (каля 1732 — каля 1768). Прадстаўнік рус. барока. Дваюрадны брат жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве палаца Шарамецева ў Пецярбургу (1750—55). Па яго праектах пабудаваны кухонны флігель (1775), павільён «Грот» (1755—75), магчыма, аранжарэя (1761—64) у Кускове (Масква). Павел Іванавіч (каля 1768—1806). Прадстаўнік класіцызму. Сын жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве драўлянага палаца-тэатра Шарамецевых у Астанкіне (цяпер у межах Масквы, 1791—98); па яго праектах створаны інтэр’еры.

т. 1, с. 474