Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЕУ́ЦКІ ХРЫБЕ́Т,

на п-ве Аляска, у Ціхаакіянскім поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі; тэр. ЗША. Даўж. каля 850 км. Ланцуг вулканічных конусаў выш. 2500—3000 м. Найб. вяршыня — г. Рэдаут (3108 м). 10 дзеючых вулканаў (Іліямна, Катмай, Паўлава і інш.). На схілах субарктычныя лугі, горная тундра. На вяршынях шматгадовыя снягі і ледавікі.

т. 1, с. 248

АЛЕЎРАЛІ́Т

(ад алеўрыт + ..літ),

сцэментаваная асадкавая горная парода, складзеная больш як на 50% з часцінак алеўрытавых памераў (0,01—0,1 мм, гл. Алеўрыт). Адзін з асн. тыпаў парод асадкавай тоўшчы. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту і керамзіту.

т. 1, с. 248

АЛЕЎРЫ́Т

(ад грэч. aleuron мука),

рыхлая дробнаабломкавая асадкавая горная парода, паводле саставу прамежкавая паміж пяскамі і глінамі (пыл, глей, лёс і лёсападобныя пароды). Складаецца пераважна з мінер. зярнят (кварц, палявы шпат, слюда і інш.) памерам 0,01—0,1 мм. У залежнасці ад пераважных памераў вылучаюць буйна- і дробнаалеўрытавыя (тонкаалеўрытавыя) рознасці. Алеўрыт выкарыстоўваюць у вытв-сці цэменту і буд. керамікі.

т. 1, с. 248

АЛЕФІ́НЫ,

гл. Алкены.

т. 1, с. 248

А́ЛЕЧСКІ ЛЕДАВІ́К

(Aletschgletscher),

самы вялікі ледавік у Альпах, у Швейцарыі. Пл. 87 км². Даўж. 24,7 км. Далінны ледавік з прытокамі. Спускаецца з Бернскіх Альпаў на Пд і ПдЗ у даліну р. Рона да выш. 1520 м. Над Адечскім ледавіком узвышаюцца вяршыні Алечгорн, Юнгфрау і інш. Турызм (спец. чыгунка да выш. 3500 м, канатныя дарогі, атэлі і інш.).

т. 1, с. 248

А́ЛЕШ

(Aleš) Мікалаш (18.11.1852, с. Міраціцэ, Чэхія — 10.7.1913),

чэшскі жывапісец, графік. У 1875 скончыў АМ у Празе. Аўтар размалёўкі «Радзіма» (1880—81) у фае Нац. т-ра ў Празе, шматлікіх малюнкаў, у т. л. «Пяць пачуццяў» (1876), «Стыхія» (1881), цыкла «Жыццё старажытных славян» (1891); жывапісных работ: «Гусіцкі лагер», «На магіле ваяра-гусіта» (1877), «Сустрэча Іржы з Падэбрад з Мацвеем Корвіным», «Сутычка кавалерыстаў» (1878).

Я.Ф.Шумейка.

т. 1, с. 248

АЛЕ́ША Юрый Карлавіч

(3.3.1899, г. Кіраваград, Украіна — 10.5.1960),

рус. пісьменнік. У 1916—18 вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Аўтар рамана «Зайздрасць» (1927), рамана-казкі «Тры таўстуны» (1928; аднайм. фільм, 1967), кнігі апавяданняў «Вішнёвая костачка» (1931), мемуарна-дзённікавых запісаў «Ні дня без радка» (выд. 1961). Пісаў вершы, нарысы, кінасцэнарыі і інш. Інсцэніраваў для тэатра раман Ф.Дастаеўскага «Ідыёт».

Тв.:

Избр. М., 1983;

Бел. пер. — Зайздрасць. Мн., 1931.

т. 1, с. 249

АЛЕ́ШКА Антон Антонавіч

(1.2.1913, в. Балочычы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1971),

бел. пісьменнік. Пасля педкурсаў пры Слуцкім пед. тэхнікуме (1931) настаўнічаў. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1941). Служыў урачом у арміі. Друкаваўся з 1932. Выйшлі кн. аповесцяў і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969). Асн. тэма творчасці — жыццё і баявыя подзвігі лётчыкаў.

Тв.:

Неба на замку. Мн., 1984.

т. 1, с. 249

АЛЕ́ШНІКІ,

тое, што альховыя лясы.

т. 1, с. 249

АЛЕ́ШНЯ,

рака ў Беларусі (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.) і Расіі (Бранская вобл.), правы прыток Беседзі (бас. Дняпра). Даўж. 41 км, у межах Беларусі каля 15 км. Пл. вадазбору каля 280 км². Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. У вярхоўі каналізаваная.

т. 1, с. 249