Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХА́БЕРМАС, Габермас (Habermas) Юрген (н. 18.6.1929, г. Дзюсельдорф, Германія), нямецкі філосаф і сацыёлаг. Праф. Гайдэльбергскага (1962—64) і Франкфурцкага (1964—71, 1983—94) ун-таў. У 1971—83 садырэктар Ін-та даследаванняў жыццёвых умоў навук.-тэхн. свету (г. Штэрнберг). Аўтар прац «Структурныя змены грамадскасці» (1962), «Пазнанне і інтарэс», «Тэорыя і практыка» (абедзве 1963), «Тэорыя камунікатыўнага дзеяння» (т. 1—2, 1981), «Запозненая рэвалюцыя» (1990) і інш. Ранні перыяд у эвалюцыі яго поглядаў характарызуецца ўплывам неамарксізму і франкфурцкай школы, позні — набліжэннем да традыц. лібералізму і гуманізму. Распрацаваў тэорыю камунікатыўнага дзеяння, пад якім разумеў моўнае ўзаемадзеянне індывідаў, што ўпарадкоўваецца паводле абавязковых норм і накіроўваецца на дасягненне згоды ў фармальных і нефармальных структурах грамадства. Камунікатыўнае дзеянне адрозніваў ад інструментальнага ці стратэгічнага, якое характэрна для сферы працы і адпавядае тэхн. нормам і правілам рацыянальнага выбару. Адрозніваў таксама нармалізаванае дзеянне, звязанае з устанаўленнем прававых норм і забеспячэннем іх выканання з выкарыстаннем уладных паўнамоцтваў, і экспрэсіўнае («драматургічнае»), звязанае са стварэннем і разуменнем твораў мастацтва. Ядром грамадзянскай супольнасці лічыў сац. ўтварэнні, што ўзнікаюць па-за межамі дзейнасці дзяржавы і эканомікі (культ. асацыяцыі, царква, спарт. клубы, сродкі масавай інфармацыі, паліт. партыі і інш.), задача якіх — пашырэнне сац. роўнасці і свабоды, перабудова і дэмакратызацыя дзяржавы. Выступаў за стварэнне агульнаеўрап. канстытуцыі, якая б забяспечыла фарміраванне агульнаеўрап. грамадзянскай супольнасці, паліт. культуры і грамадз. салідарнасці.

Тв.:

Рус. пер. — Демократия. Разум. Нравственность: Московские лекции и интервью. 2 изд. М., 1995;

Моральное сознание и коммуникативное действие. СПб., 2000;

Вовлечение Другого: Очерки полит. теории. СПб., 2001;

Почему Европе нужна конституция? // Социология. 2001. № 4. Философия как местоблюститель и интерпретатор // Путь в философию: Антология. СПб., 2001.

Літ.:

Фурс В.Н. Философия незавершенного модерна Юргена Хабермаса. Мн., 2000;

Современная западная теоретическая социология. Вып. 1. Юрген Хабермас. М., 1992;

Современные социологические теории общества. М., 1996.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 515

ХАБЛ (Hubble) Эдвін Паўэл (20.11.1889, г. Маршфілд, ЗША — 28.9.1953),

амерыканскі астраном. Чл. Нац. АН ЗША. Вучыўся ў Чыкагскім ун-це. У 1914—17 у Йоркскай, з 1919 у Маўнт-Вілсанаўскай абсерваторыях. Навук. працы па вывучэнні галактык. Прапанаваў класіфікацыю туманнасцей на галактычныя і пазагалактычныя (1922). Даказаў, што блізкія да Зямлі галактыкі з’яўляюцца зорнымі сістэмамі, падобнымі да нашай Галактыкі. Устанавіў заканамернасць «разбягання» галактык (гл. Хабла закон, Хабла пастаянная). Яго імем названы касм. тэлескоп (гл. Хабла тэлескоп).

т. 16, с. 515

ХА́БЛА ЗАКО́Н,

закон, які ўстанаўлівае прапарцыянальнасць скорасці касмалагічнага «разбягання» пазагалактычных аб’ектаў (скопішчаў галактык) ад адлегласці да іх. Выражаецца формулай: v = H∙r, дзе v — скорасць «разбягання»; r — адлегласць да аб’екта; H — Хабла пастаянная. Адкрыты Э.П.Хаблам (1929). Гл. таксама Касмалагічнае расшырэнне.

т. 16, с. 515

ХА́БЛА ПАСТАЯ́ННАЯ,

каэфіцыент прапарцыянальнасці ў Хабла законе. Абазначаецца H. N ≈ 50—100 км/(с∙Мпк). Названа імем Э.П.Хабла.

т. 16, с. 515

ХА́БЛА ТЭЛЕСКО́П, касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла,

тэлескоп (рэфлектар) для назіранняў і даследаванняў касм. аб’ектаў з арбіты ШСЗ. Распрацаваны НАСА з удзелам Еўрап. касм. агенцтва. Названы імем Э.П.Хабла. Люстра дыям. 2,4 м, агульная маса 12 т. Выведзены на арбіту выш. 610 км амер. пілатуемым касм. караблём «Дыскаверы». Даследаванні праводзяцца з 20.5.1990. Выкарыстоўваецца для вывучэння далёкіх планет, зорак, туманнасцей і галактык, пошуку чорных дзір і інш.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 515