ТЭМПЕРАТУ́РА (ад лац. temperatura нармальны стан),
фізічная велічыня, якая характарызуе стан тэрмадынамічнай раўнавагі макраскапічных фіз. сістэм Абазначаецца t або T (абсалютная тэмпература) Вымяраецца кантактнымі і бескантактнымі метадамі з дапамогай тэрмометраў, пірометраў, тэрмапар і інш. паводле змены пэўнага параметра тэрмаметрычнага рэчыва, напр., аб’ёму, ціску, эрс. Адзінка вымярэння ў розных тэмпературных шкалах — градус (у СІ — кельвін). Дыяпазон Т. розных фіз. з’яў (у эксперыментах і разліках) ад абсалютнага нуля да 1032 К.
У замкнёнай тэрмадынамічнай сістэме, якая знаходзіцца ў стане раўнавагі тэрмадынамічнай, Т. ўсюды аднолькавыя. Калі Т. асобных частак сістэмы розная, адбываецца пераход энергіі (цеплаперадача) ад больш нагрэтых частак да менш нагрэтых, што вядзе да выраўноўвання Т. У раўнаважных умовах Т. прапарцыянальная сярэдняй кінетычнай энергіі часціц цела (гл.Статыстычная фізіка) і вызначае размеркаванне часціц, што ўтвараюць дадзеную сістэму, па ўзроўнях энергіі (гл.Больцмана статыстыка), а таксама па скарасцях (гл.Максвела размеркаванне), ступень іанізацыі рэчыва, поўную аб’ёмную шчыльнасць выпрамянення (гл.Стэфана—Больцмана закон выпрамянення) і інш.
Літ.:
Линевег Ф. Измерение температур в технике: Справ.: Пер. с нем. М., 1980;
параметр, які характарызуе выпрамяненне і цеплавы стан скопішчаў матэрыі, зорак, туманнасцей. Вызначаецца шляхам даследаванняў выпрамянення, заснаваных на некаторых тэарэт. меркаваннях і мадэльных уяўленнях; у прыватнасці, дапускаецца, што асяроддзе знаходзіцца ў раўнавазе тэрмадынамічнай і да яго прымяняльныя законы выпрамянення абсалютна чорнага цела.
Адрозніваюць Т.: эфектыўную (мадэль абсалютна чорнага цела з эквівалентнымі памерамі і поўнай энергіяй выпрамянення), яркасную (мадэль абсалютна чорнага цела са спектрам выпрамянення, у вузкім інтэрвале частот такім самым, як у аб’екта), спектрафотаметрычную (мадэль абсалютна чорнага цела са спектрам, максімальна блізкім да рэальнага ва ўсім інтэрвале частот), кінетычную (гіпотэза пра максвелаўскі характар размеркавання скарасцей часціц) і інш. Паколькі рэальныя ўмовы на нябесных аб’ектах далёкія ад тэрмадынамічнай раўнавагі, вынікі вызначэння Т. рознымі метадамі могуць у значнай ступені адрознівацца (для стану тэрмадынамічнай раўнавагі ўсе метады даюць аднолькавае значэнне Т.).
тэмпература раўнаважнага фазавага пераходу вадкасці ў пару (кіпення) пры пастаянным ціску. Абазначаецца Tкіп або tкіп; у даведніках звычайна прыводзяць Т.к. рэчываў пры нармальным знешнім ціску (101 325 Па).
найважнейшы элемент надвор’я і клімату, які характарызуе цеплавы рэжым атмасферы. Вызначае ўмовы развіцця дзікарослай і культ. расліннасці, жывёльнага свету, уплывае на самаадчуванне чалавека. Ад Т.п. залежаць колькасць вільгаці ў паветры і выпарэнне яе з паверхні водных аб’ектаў і глебы. Для назіранняў за Т.п. каля зямной паверхні выкарыстоўваюцца тэрмометры і тэрмографы, у верхніх слаях атмасферы — метэарографы і радыёзонды. Да характарыстык тэмпературнага рэжыму адносяцца сярэднія, макс. і мінім. т-ры за суткі, месяц, год, шматгадовы перыяд, паўтаральнасць і даты надыходу розных значэнняў т-ры, амплітуды за пэўны перыяд і інш. На зямной паверхні Т.п. размяркоўваецца занальна і паніжаецца ад экватара да полюсаў, а таксама з падняццем уверх; часам назіраецца інверсія тэмпературы. Сярэдняя гадавая Т.п. Зямлі 14 °C, абс. максімум 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс. мінімум -89,2 °C (станцыя «Усход» у Антарктыдзе). Сярэдняя гадавая Т.п. на Беларусі 5,8 °C, абс. максімум 38 °C, мінімум -41 °C. У самым цёплым месяцы — ліп. — сярэдняя месячная т-ра павялічваецца з ПнЗ на ПдУ ад 17,5 °C да 18,5 °C, у самым халодным — студз. — паніжаецца з ПдЗ на ПнУ ад -4,5 °C да -8 °C.
тэмпература раўнаважнага пераходу крышт. (цвёрдага) цела ў вадкі стан (плаўленне) пры пастаянным знешнім ціску. Абазначаецца Тпл або tпл; у даведніках звычайна прыводзяцца Т.п. пры нармальным знешнім ціску (101 325 Па).
інтэгральны паказчык цеплавога стану арганізма чалавека і жывёл, які характарызуецца суадносінамі працэсаў цеплаўтварэння і цеплааддачы. У чалавека падтрымліваецца на адносна пастаянным узроўні (у дарослага 36—37 °C, у дзяцей на 0,3—0,4 °C вышэйшая і менш устойлівая). У норме сутачныя ваганні 1—1,5 °C, звязаны са сном, зменай дыхання і кровазвароту (найб. высокая Т.ц. ў 17—18 гадз, найб. нізкая — у 3—4 гадз ночы). Павышаецца пры напружанай фіз. працы, інфекц. хваробах і інш. У розных зонах неаднолькавая. Пры пераграванні арганізма — гіпертэрмія; пры зніжэнні нармальнай Т.ц. — гіпатэрмія. Пра Т.ц. жывёлгл.Гамаятэрмныя жывёлы, Пайкілатэрмныя жывёлы. Гл. таксама Тэмпература цела субфебрыльная.
павышэнне т-ры цела ў дыяпазоне 37,1—38 °C. Назіраецца пры многіх захворваннях (інфекцыі, злаякасныя пухліны, захворванні нерв., сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм і інш.), фізіял. станах (у перадменструальны перыяд, пры цяжарнасці, псіхаэмацыянальным напружанні, пераграванні на сонцы), бывае і нявысветленага паходжання. Можа захоўвацца многія гады, з’яўляцца адзінай прыкметай хваробы, працякаць з парушэннем самаадчування або без яго. У 2—3% людзей назіраецца з нараджэння.
спосаб атрымання лікавага значэння тэмпературы на аснове вядомай тэмпературнай залежнасці якой-н. фіз. велічыні; сістэма супастаўленняў такіх значэнняў т-ры. Эмпірычныя Т.ш. грунтуюцца на выбары рэперных (пастаянных) пунктаў, пачатку адліку і памеру адзінкі вымярэння т-ры (градуса), звязанымі з пэўнымі тэрмаметрычнымі (рабочымі) рэчывамі і іх адпаведнымі ўласцівасцямі.
Удасканаленую эмпірычную Т.ш. прапанаваў Г.Д.Фарэнгейт (гл.Фарэнгейта шкала); за рэперныя пункты былі прыняты т-ра сумесі снегу з нашатыром і т-ра цела чалавека (пазней т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску). За градус прынята 1/180 частка тэмпературнага інтэрвалу ў ртутным тэрмометры паміж пунктамі плаўлення лёду (+32 F) і кіпення вады (+212 F). У Т.ш., прапанаванай Р.А.Рэамюрам (гл.Рэамюра шкала), першасна за рэперны пункт прынята т-ра плаўлення лёду, за градус — рознасць т-р, пры якой адносная змена аб’ёму этылавага спірту роўная 0,001. У Цэльсія шкале за рэперныя пункты прыняты т-ры плаўлення лёду і кіпення вады пры нармальных умовах; тэмпературны інтэрвал паміж імі падзелены на 100. У 1852 У.Томсан (лорд Кельвін) увёў абс. эмпірычную Т.ш., дзе адлік т-ры пачынаўся з абсалютнага нуля, а градус вызначаўся на аснове стоградуснай шкалы газавага тэрмометра. Асн. недахоп эмпірычных Т.ш. — іх залежнасць ад тэрмаметрычных уласцівасцей рэчываў. Каб пазбавіцца гэтага недахопу, У.Томсан прапанаваў тэрмадынамічную тэмпературную шкалу. Адвольная эмпірычная Т.ш. зводзіцца да тэрмадынамічнай увядзеннем паправак, якія ўлічваюць характар сувязі пэўнай тэрмаметрычнай уласцівасці з тэрмадынамічнай т-рай. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах зацвердзіла Міжнародную практычную тэмпературную шкалу (МПТШ-68), якая мае 11 рэперных пунктаў (у МПТШ-90 іх 15) і не залежыць ад канкрэтнага носьбіта шкалы (тэрмометра). Т-ры, адлічаныя па гэтай і па тэрмадынамічнай Т.ш., супадаюць з дакладнасцю, дасягальнай для тэхнікі эксперыменту.