Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫВА́, Рэспубліка Тыва, Тува. Размешчана на Пд Усх. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. На Пд і ПдУ мяжуе з Манголіяй. Пл. 170,5 тыс. км². Нас. 311 тыс. чал. (2000), гарадскога 48%. Сярэдняя шчыльнасць 1,8 чал. на 1 км². Жывуць тувінцы (64,3%), рускія (32%), хакасы і інш. Сталіца — г. Кызыл. Гарады: Ак-Давурак, Шаганар, Чадан, Туран.

Прырода. Т. — горная краіна (выш. да 3970 м, масіў Мангун-Тайга). Цэнтр. і зах. ч. займае Тувінская катлавіна, на Пн ад яе хрыбты Зах. Саяна, на З — Алтая, на Пд — Тану-Ала. У межах усх. ч. паўд.-зах. схілы Усх. Саяна, Таджынская катлавіна, нагор’і Усх.-Тувінскае і Сангілен. Карысныя выкапні: руды каляровых і рэдкіх металаў, жал. руда, каменны вугаль, азбест, золата, ртуць. каменная соль, мармур, вапнякі і інш. Каля 50 крыніц мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма марозная, бязветраная, лета ўмерана цёплае ў гарах і гарачае ў катлавінах. Сярэднія т-ры студз. ад -28 да -32 °C, ліп. 15—20 °C. Ападкаў ад 150—300 мм у катлавінах да 1000 мм у гарах. На ПнУ трапляюцца ўчасткі шматгадовай мерзлаты. Амаль усе рэкі належаць да бас. Енісея — Верхні Енісей (Улуг-Хем) з прытокам Хемчык, 2 вытокі Енісея — Вял. Енісей (Бій-Хем) і Малы Енісей (Ка-Хем). На Пд р. Тэс-Хем, упадае ў салёнае воз. Убсу-Нур. Шматлікія азёры ў Таджынскай катлавіне (Наён-Холь, Таджа, Маны-Холь і інш.). Частка Саяна-Шушанскага вадасховішча. Глебы каштанавыя, чарназёмныя, горна-лясныя і горна-таежныя. Каля 1/2 тэр. пад лесам (лістоўніца, сіб. кедр, хвоя, бяроза і інш.), У катлавінах пераважае стэпавая расліннасць, трапляюцца ўчасткі хваёвых лясоў, па далінах буйных рэк лясы з таполі. У складзе жывёльнага свету марал, лось, каланок, гарнастай, расамаха, у стэпах ліс, воўк, шматлікія грызуны (суслікі, хамякі і інш.). Запаведнікі Азас, Убсунурская катлавіна.

Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам у познім палеаліце. У канцы 1-га тыс. да н.э. — 2 ст. н.э. тут жылі гуны, у 2—6 ст. — плямёны сяньбі і жужаняў. Да сярэдзіны 9 ст. тэр. Т. ў складзе Цюркскага і Уйгурскага каганатаў, у 9—12 ст. — у залежнасці ад енісейскіх кыргызаў і кіданяў. У этнагенезе тувінцаў, які цягнуўся шмат стагоддзяў, удзельнічалі стараж. карэнныя плямёны, цюркі тугю, кыргызы, манголы. У 1207 — канцы 17 ст. Т. пад уладай манголаў. З 16—17 ст. пашырыўся ламаізм. З 1696 тэр. Т. ў складзе 3 дзяржаў: Айрацкага ханства, маньчжурскага Кітая і Расіі, якая ў 1728 перадала сваю частку Т. Кітаю. Пасля разгрому маньчжурамі Айрацкага ханства (1757—58) уся тэр. Т. пад уладай Кітая да 1912, калі ў выніку нац.-вызв. руху кіт. панаванне было скінута. Да 20 ст. аснову гаспадаркі Т. складалі качавая жывёлагадоўля і прымітыўнае земляробства. У 1914 па просьбе тувінскіх феадалаў абвешчаны пратэктарат Расіі над Т., якая пачала называцца Уранхайскім краем; засн. г. Белацарск (з 1926 Кызыл). У 1918—21 Т. акупіравана рас. белагвардзейцамі, кіт. і мангольскімі інтэрвентамі. У жн. 1921 у выніку нар. рэвалюцыі Т. абвешчана незалежнай Народнай Рэспублікай Тану-Тува (з 1926 Тувінская Нар. Рэспубліка), дзе кіруючай сілай стала засн. ў 1922 Нар.-рэв. партыя. Гасп. неразвітасць Т. абумовіла яе залежнасць ад СССР, пад уплывам якога кіраўніцтва рэспублікі стала на шлях пабудовы ў Т. сацыялізму, мінаючы капіталізм. Да 1931 ліквідаваны клас феадалаў. У 1930 тувінцы стварылі сваю пісьменнасць. У Вял. Айч. вайну насельніцтва Т. аказвала рознабаковую матэрыяльную дапамогу сав. Чырв. Арміі, добраахвотнікі ўдзельнічалі ў баях супраць гітлераўцаў.

17.8.1944 Малы хурал (парламент) Т. звярнуўся да Вярх. Савета СССР з просьбай аб прыняцці Т. ў склад СССР; 11.10.1944 прынята як аўт. вобласць РСФСР. У 1961 утворана Тувінская АССР. У сав. перыяд створаны розныя галіны прам-сці, сучасны транспарт, механізаваная сельская гаспадарка, павысіўся ўзровень адукацыі і культуры насельніцтва. Негатыўным было ігнараванне кіраўніцтвам традыц. качавога ўкладу і нац.-культ. асаблівасцей насельніцтва, што выявілася ў згортванні качавой жывёлагадоўлі, знішчэнні многіх помнікаў рэліг. культуры, палітыцы русіфікацыі тувінцаў. У снеж. 1990 Вярх. Савет Тувінскай АССР прыняў дэкларацыю аб суверэнітэце Т., у кастр. 1991 прынята афіц. назва — Рэспубліка Тыва. З ліст. 1991 Т. — рэспубліка ў складзе Расійскай Федэрацыі. У 1992 уведзена пасада прэзідэнта Т. (з сак. 1992 Ш.​Д.​Ааржак). У 1993 прынята Канстытуцыя Т.

Гаспадарка. Т. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 18%, сельская гаспадарка — 11%, сфера паслуг — 71%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1999): каляровая металургія (36,4%), электраэнергетыка (23,3%), паліўная (10,8%), харч. (16,2%). Здабыча і перапрацоўка кобальт-нікелевых руд (Хаву-Аксы), ртуці, золата, азбесту (2,6 тыс. т, Ак-Давурак), каменнага вугалю (547 тыс. т, Халбаджынскі, Каа-Хемскі, Чаданскі вугальныя разрэзы). Вытв-сць электраэнергіі 40 млн. кВт∙гадз на ЦЭЦ (Кызылская, Ак-Давуракская, Хаву-Аксынская). Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Кызыле (мясакамбінат, малочны і піваварны з-ды), Чадане (масларобны з-д), Шаганары і інш. Лесанарыхтоўчыя, лесапільныя і мэблевыя прадпрыемствы ў Кызыле, Туране, Сарыг-Сепе і інш. Вытв-сць аўтаспецабсталявання (Кызыл), буд. матэрыялаў (цэглы, буд. дэталей, жалезабетонных канструкцый), швейных і гарбарных вырабаў. Развіты каменярэзны маст. промысел. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,5 млн. га, у т. л. пад пашай 2,3 млн. га, ворнымі землямі 0,1 млн. га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (83% кошту с.-г. прадукцыі); вылучаюцца мяса-малочная жывёлагадоўля і танкарунная авечкагадоўля. Гадуюць таксама коз, свіней, птушак, коней, вярблюдаў, аленяў, якаў. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000): авечак і коз — 613, буйн. раг. жывёлы — 110,2, свіней — 13,1, аленяў — 1,1. На ПнУ развіты пушны промысел. Пасяўныя пл. (тыс. га, 1999) займаюць 60,1, у т. л. пад збожжавымі культурамі (пшаніца, авёс, ячмень, проса) 44,7, кармавымі 11,6, бульбай і агароднінай 3,8. Збор (тыс. т, 1999): збожжа — 12,9, бульбы — 15, агародніны — 4,3. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2472 км. Ёсць 2 выхады да чыгункі: па Усінскім тракце да чыг. ст. Абакан і па аўтадарозе Ак-Давурак — Абаза да чыг. ст. Абаза. Суднаходства па р. Верхні Енісей і ў ніжнім цячэнні рэк Вял. і Малы Енісей. Аэрапорты ў гарадах Кызыл, Ак-Давурак, Шаганар. Т. пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу харч. прадукты, сыравіну, паліва; завозіць харч. прадукты, драўніну і вырабы з яе, маш.-буд. і нафтахім. прадукцыю. Курорты: Уш-Бельдыр і Чэдэр.

Культура. Самыя стараж. помнікі на тэр. Т. — палеалітычныя і неалітычныя стаянкі, кераміка эпохі бронзы, каменныя стэлы (аленевыя камяні), творы ў звярыным стылі мастацтва скіфскай эпохі (1-е тыс. да н.э.), вырабы з металу і драўляныя статуэткі гунскага перыяду (2 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Ад стараж.цюркскага часу (6—8 ст.) захаваліся каменныя фігуры людзей і метал. вырабы, аздобленыя гравіроўкай; пазней гравіроўку спалучалі з інкрустацыяй жалеза золатам, серабром, бронзай. Да уйгурскага часу належаць рэшткі гарадзішчаў-крэпасцей (Пор-Бажын на воз. Тэрэ-Холь). Лямцавыя дываны, драўляныя куфры і ложкі, скураныя пасудзіны і сёдлы, вырабы з металу ўпрыгожваліся нар. арнаментам, для якога характэрны строга сім. кампазіцыя, S-падобныя ўзоры, меандры. Асн. жытлом служыла лямцавая юрта. З канца 18 ст. развіваецца дробная пластыка з дрэва, каменю, металу, у ёй працуюць нар. скульптары Х.​Хуна, М.​Чэрзі і інш. З 1940-х г. развіваюцца станковы жывапіс і графіка (В.​Дзёмін, С.​Ланза, Ю.​Дзееў, Сарыг-оал Саая, Т.​Левяртоўская, І.​Салчак, М.​Пятроў і інш.). Вядзецца рэканструкцыя і добраўпарадкаванне г. Кызыл, будуюцца новыя пасёлкі. Найб. значныя пабудовы: у Кызыле. — гасцініца «Мангулек», Дом мастака, кінатэатр «Найырал», парк культуры і адпачынку са спарт. комплексам і інш. У Т. 3 ВНУ, краязнаўчы музей, муз.-драм. т-р.(усе ў Кызыле).

Літ.:

История Тувы. Т. 1—2. М., 1964;

Сердобов Н.А. История формирования тувинской нации. Кызыл, 1971;

Новейшие исследования по археологии Тувы и этногенезу тувинцев. Кызыл, 1980;

Очерки социального развития Тувинской АССР Новосибирск, 1983;

Маннай-оол М.Х. Тува в эпоху феодализма. Кызыл, 1986;

Республики России: Этноист. очерки. М., 1999;

Аксенов А.Н. Тувинская народная музыка. М., 1964;

Вайнштейн С.И. Историческая этнография тувинцев. Пробл. кочевого хозяйства. М., 1972;

Яго ж. История народного искусства Тувы. М., 1974;

Сузукей В.Ю. Тувинские традиционные народные инструменты. Кызыл, 1989;

Кыргыс З.К. Проблемы горлового пения. Кызыл, 1991.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, гаспадарка), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Тыва. У наваколлі г. Кызыл.
Да арт. Тыва. Цэнтральная плошча ў Кызыле.

т. 16, с. 69

ТЫВЕРЫЯ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Генісарэцкае возера, Бахр-Табарыя,

возера ў гіст. вобласці Палесціна, на тэр. Ізраіля (усх. ўзбярэжжа на мяжы Ізраіля і Сірыі). Размешчана ў паўн. ч. тэктанічнай упадзіны Гхор (Эль-Гор) на 212 м ніжэй узр. мора. Пл. 145 км². Глыб. да 48 м. Праз Т.в. цячэ р. Іардан. Суднаходства. Рэзерват Бет-Сайда (месца зімоўкі качак, гусей, ружовых фламінга). На зах. узбярэжжы г. Тыверыя (Ізраіль). У Бібліі (Новы запавет) Т.в. звязана з многімі падзеямі жыцця Ісуса Хрыста.

т. 16, с. 70

ТЫ́ГЕЛЬ (ням. Tiegel),

1) пасудзіна для плаўлення, варкі ці награвання розных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца, напр., для плаўлення металаў і сплаваў у газавым ці вадкім асяроддзі зададзенага саставу (гл. Горан, Тыгельная плаўка металаў). У залежнасці ад т-ры апрацоўкі і хім. уласцівасцей матэрыялаў, што апрацоўваюцца, Т. вырабляюць з металаў (чыгуну, гарачатрывалых сталей і сплаваў, плаціны і інш.), графіту, фарфору ці вогнетрывалых матэрыялаў. Форма Т. пераважна круглая (у папярочным сячэнні) і звужаная ўнізе. Прамысл. печы з Т., у якіх плавяць, вараць ці награваюць матэрыялы (вырабы), наз. тыгельнымі печамі.

2) Т. у паліграфіі — масіўная метал. пліта для прыціскання паперы ці інш. матэрыялу да друкарскай формы, напр., у машынах высокага друку. Для выраўноўвання ціску на Т. замацоўваецца спец. пругкая пласціна (дэкель).

т. 16, с. 70

ТЫ́ГЕЛЬНАЯ ПЛА́ЎКА металаў,

працэс атрымання металаў і іх сплаваў у тыглях; найстаражытнейшы спосаб плаўкі металаў (медзі, бронзы, пазней жалеза).

Вядома з 4 ст. да н.э. ў Індыі, Персіі, Сірыі і інш., дзе выкарыстоўвалася для вытв-сці каляровых металаў і сплаваў, а таксама высакаякаснай сталі (гл. Булат, Дамаская сталь). Пазней сакрэты Т.п. былі страчаны і адноўлены ў Еўропе англ. металургам Б.​Гентсманам (1740) для пераплаўкі цэментаванай сталі (гл. Цэментацыя) ці крычнага жалеза (гл. Горан, Сырадутны працэс) у прысутнасці флюсу. Адкрыты П.П.Аносавым працэс газавай цэментацыі жалеза пры Т.п. дазволіў скараціць працягласць вытв-сці літай сталі. За час Т.п. чыстая метал. шыхта расплаўляецца ў закрытым тыглі, метал кіпіць і супакойваецца. Пры гэтым метал не кантактуе з пячнымі газамі, што выключае акісленне металу шкоднымі дамешкамі. З укараненнем мартэнаўскага працэсу, канвертарнага працэсу і інш. Т.п. паступова страчвае сваё значэнне. Т.п. каляровых металаў выкарыстоўваюць у асн. у невял. ліцейных і рамонтных майстэрнях.

т. 16, с. 71

ТЫГЕ́М, ван Тыгем (van Tieghem) Філіп (19.4.1839, г. Баёль, Францыя — 30.4.1914), французскі вучоны ў галіне батанікі. Чл. (1877), віцэ-прэзідэнт (1898) і прэзідэнт (1899) Парыжскай АН. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1908). З 1864 у Вышэйшай нармальнай школе, з 1879 праф. музея прыроднай гісторыі. Навук. працы па анатоміі раслін. Аўтар сістэмы кветкавых раслін, засн. на будове семязавязі і семені. Стварыў вучэнне (стэлярная тэорыя) пра тыпы будовы і заканамернасці эвалюцыі стэлы (цэнтр. ч. сцябла і кораня) вышэйшых раслін.

В.​Ф.​Ермакоў.

т. 16, с. 71

ТЫГЛАТПАЛАСА́Р (асірыйскае Тукультыяпал-Эшара),

асірыйскія цары. Найб. значныя: Т. I (? — каля 1076 да н.э.), цар каля 1114 — каля 1076 да н.э. Здзейсніў некалькі пераможных паходаў у М.​Азію, Сірыю, Фінікію. Вёў войны з Вавілоніяй. Адцясніў за р. Еўфрат качавыя плямёны арамеяў, якія пагражалі Асірыі. Т. III (? — 727 да н.э.), цар у 745—727 да н.э. Правёў рэформы, накіраваныя на стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча. У 743—740 перамог кааліцыю сірыйскіх, фінікійскіх і малаазійскіх правіцеляў, якіх падтрымлівала Урарту. У 734—732 выйграў вайну ў кааліцыі, у якую ўваходзілі Дамаскае і Ізраільскае царствы, Тыр, філістымлянскія гарады, аравійскія княствы і Эдом. У 737 умацаваўся ў Зах. Мідыі. У 738 і 735 здзейсніў паходы ва Урарту. У 729 да н.э. стаў царом Вавілона. Перасяляў народы з адных заваяваных абласцей у інш. ці ў Асірыю.

т. 16, с. 71

«ТЫГО́ДНІК ВІЛЕ́НЬСКІ»

(«Tygodnik Wileński», «Віленскі штотыднёвік»),

літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на польскай мове ў 1815—17 раз на тыдзень, у 1818—22 раз у 2 тыдні. Заснавальнікі і рэдактары І.​Лялевель, М.​Балінскі, І.​Шыдлоўскі, М.​Альшэўскі. У «Т.В.» адбыўся паэтычны дэбют А.​Міцкевіча (верш «Гарадская зіма», 1818), друкаваліся арыгінальныя і перакладныя творы ўраджэнцаў і жыхароў Беларусі А.​Адынца, А.​Ходзькі, І.​Храптовіча, Ф.​Булгарына, В.​Сянкоўскага, бел. фальклорна-этнагр. матэрыял «Вясельныя абрады вясковага люду ў Мінскай губерні...» Шыдлоўскага (1819).

У.​І.​Мархель.

т. 16, с. 71

«ТЫГО́ДНІК ІЛЮСТРАВА́НЫ»

(«Tygodnik ilustrowany», «Ілюстраваны штотыднёвік»),

польскі ілюстраваны часопіс, прысвечаны л-ры, мастацтву і грамадскім праблемам. Выдаваўся ў 1859—1939 у Варшаве на польскай мове. Змяшчаў краязнаўчыя, гіст.-літ., фальклорна-этнагр. матэрыялы, у т. л. прысвечаныя Беларусі: «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» Ю.​Крашэўскага, «Пінск і Піншчына» А.​Бандзкевіча, «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» М.​Камінскага, «Канстанцін Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч» і «Ігнат Дамейка» В.​Каратынскага, «Альфрэд Ромер» Я.​Карловіча, «Некалькі слоў пра творы фантазіі народа на Беларусі» і «Людвік Кандратовіч і яго паэзія» Ф.​Сурына, «Касцёл у Дзятлаве» А.​Багдановіча, «Над Нёманам» і «Успаміны з Пінскага павета» Э.​Ажэшкі, «Слядамі вешчуна» і «Францішак Багушэвіч» Н.​Роўбы, «Беларускі народ» С.​Горскага, «Польшча і Беларусь» Ф.​Гільхэна, «Літва» Сыракомлі», «На Літве і Белай Русі» і «Беларусь прабуджаецца...» Ч.​Янкоўскага і інш. Рэпрадуктаваў творы мастакоў М.​Андрыёлі, Н.​Орды, Ю.​Фалата, Ф.​Бжазоўскага, К.​Альхімовіча, Ф.​Рушчыца, Ю.​Бранта, А.​Ромера, Ю.​Косака.

А.​Ф.​Літвіновіч, І.​І.​Янушкевіч.

т. 16, с. 71

ТЫГР,

араб. Шат-эд-Дыджла, рака ў Турцыі і Іраку (часткова цячэ па мяжы гэтых краін з Сірыяй). Даўж. 1850 км, пл. бас. 375 тыс. км². Пачынаецца ў межах Армянскага нагор’я, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасякае плато Джэзірэ і Месапатамскую нізіну. Каля г. Эль-Курна зліваецца з р. Еўфрат, утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Асн. прытокі: Вял. і Малы Заб, Дыяла, Керхе (злева). Веснавое разводдзе, асенняя межань. Сярэдні гадавы расход вады каля Багдада 1240 м²/с, ніжэй воднасць памяншаецца ў выніку вадазабору на арашэнне (уздоўж берагоў Т. на Месапатамскай нізіне — паласа арашальных аазісаў). Сцёк Т. зарэгуляваны плацінамі. Вадасх. Масул. Суднаходная да Багдада, у разводдзе да г. Масул. На Т. — гарады Дыярбакыр (Турцыя), Масул, Багдад, Эль-Кут, Амара, Эль-Курна (Ірак). Міжрэчча Еўфрата і Т. — адзін з найб. стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер.

т. 16, с. 71

ТЫГР (Panthera tigris),

млекакормячая жывёла роду вял. катоў сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. 7 падвідаў. Пашыраны ў Пярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індастан. Жыве ў разнастайных ландшафтах — лясах, хмызняках, трысняговых зарасніках. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 3,2 м (зрэдку больш), хваста да 1,1 м; выш. ў карку да 1,2 м; маса да 390 кг. Валасяное покрыва шчыльнае і нізкае ў паўд. падвідаў, пушыстае — у паўночных. Афарбоўка рыжая, з чорнымі папярочнымі палосамі на спіне і баках. Тулава падоўжанае, галава акругленая. Вушы невял., закругленыя. Ногі адносна невысокія, тоўстыя, кіпцюры ўцяжныя. Корміцца пераважна буйнымі капытнымі. Нараджае 2—4 (зрэдку да 6) дзіцянят 1 раз за 2—3 гады.

Э.​Р.​Самусенка.

Тыгр амурскі.

т. 16, с. 71