ТЫГЛАТПАЛАСА́Р (асірыйскае Тукультыяпал-Эшара),

асірыйскія цары. Найб. значныя: Т. I (? — каля 1076 да н.э.), цар каля 1114 — каля 1076 да н.э. Здзейсніў некалькі пераможных паходаў у М.​Азію, Сірыю, Фінікію. Вёў войны з Вавілоніяй. Адцясніў за р. Еўфрат качавыя плямёны арамеяў, якія пагражалі Асірыі. Т. III (? — 727 да н.э.), цар у 745—727 да н.э. Правёў рэформы, накіраваныя на стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча. У 743—740 перамог кааліцыю сірыйскіх, фінікійскіх і малаазійскіх правіцеляў, якіх падтрымлівала Урарту. У 734—732 выйграў вайну ў кааліцыі, у якую ўваходзілі Дамаскае і Ізраільскае царствы, Тыр, філістымлянскія гарады, аравійскія княствы і Эдом. У 737 умацаваўся ў Зах. Мідыі. У 738 і 735 здзейсніў паходы ва Урарту. У 729 да н.э. стаў царом Вавілона. Перасяляў народы з адных заваяваных абласцей у інш. ці ў Асірыю.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)