ТЫВА́, Рэспубліка Тыва, Тува. Размешчана на ПдУсх. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. На Пд і ПдУ мяжуе з Манголіяй. Пл. 170,5 тыс.км². Нас. 311 тыс.чал. (2000), гарадскога 48%. Сярэдняя шчыльнасць 1,8 чал. на 1 км². Жывуць тувінцы (64,3%), рускія (32%), хакасы і інш. Сталіца — г.Кызыл. Гарады: Ак-Давурак, Шаганар, Чадан, Туран.
Прырода. Т. — горная краіна (выш. да 3970 м, масіў Мангун-Тайга). Цэнтр. і зах.ч. займае Тувінская катлавіна, на Пн ад яе хрыбты Зах. Саяна, на З — Алтая, на Пд — Тану-Ала. У межах усх.ч.паўд.-зах. схілы Усх. Саяна, Таджынская катлавіна, нагор’і Усх.-Тувінскае і Сангілен. Карысныя выкапні: руды каляровых і рэдкіх металаў, жал. руда, каменны вугаль, азбест, золата, ртуць. каменная соль, мармур, вапнякі і інш. Каля 50 крыніц мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма марозная, бязветраная, лета ўмерана цёплае ў гарах і гарачае ў катлавінах. Сярэднія т-ры студз. ад -28 да -32 °C, ліп. 15—20 °C. Ападкаў ад 150—300 мм у катлавінах да 1000 мм у гарах. На ПнУ трапляюцца ўчасткі шматгадовай мерзлаты. Амаль усе рэкі належаць да бас. Енісея — Верхні Енісей (Улуг-Хем) з прытокам Хемчык, 2 вытокі Енісея — Вял. Енісей (Бій-Хем) і Малы Енісей (Ка-Хем). На Пдр. Тэс-Хем, упадае ў салёнае воз. Убсу-Нур. Шматлікія азёры ў Таджынскай катлавіне (Наён-Холь, Таджа, Маны-Холь і інш.). Частка Саяна-Шушанскага вадасховішча. Глебы каштанавыя, чарназёмныя, горна-лясныя і горна-таежныя. Каля 1/2 тэр. пад лесам (лістоўніца, сіб. кедр, хвоя, бяроза і інш.), У катлавінах пераважае стэпавая расліннасць, трапляюцца ўчасткі хваёвых лясоў, па далінах буйных рэк лясы з таполі. У складзе жывёльнага свету марал, лось, каланок, гарнастай, расамаха, у стэпах ліс, воўк, шматлікія грызуны (суслікі, хамякі і інш.). Запаведнікі Азас, Убсунурская катлавіна.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам у познім палеаліце. У канцы 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. тут жылі гуны, у 2—6 ст. — плямёны сяньбі і жужаняў. Да сярэдзіны 9 ст.тэр. Т. ў складзе Цюркскага і Уйгурскага каганатаў, у 9—12 ст. — у залежнасці ад енісейскіх кыргызаў і кіданяў. У этнагенезе тувінцаў, які цягнуўся шмат стагоддзяў, удзельнічалі стараж. карэнныя плямёны, цюркі тугю, кыргызы, манголы. У 1207 — канцы 17 ст. Т. пад уладай манголаў. З 16—17 ст. пашырыўся ламаізм. З 1696 тэр. Т. ў складзе 3 дзяржаў: Айрацкага ханства, маньчжурскага Кітая і Расіі, якая ў 1728 перадала сваю частку Т. Кітаю. Пасля разгрому маньчжурамі Айрацкага ханства (1757—58) уся тэр. Т. пад уладай Кітая да 1912, калі ў выніку нац.-вызв. руху кіт. панаванне было скінута. Да 20 ст. аснову гаспадаркі Т. складалі качавая жывёлагадоўля і прымітыўнае земляробства. У 1914 па просьбе тувінскіх феадалаў абвешчаны пратэктарат Расіі над Т., якая пачала называцца Уранхайскім краем; засн.г. Белацарск (з 1926 Кызыл). У 1918—21 Т. акупіравана рас. белагвардзейцамі, кіт. і мангольскімі інтэрвентамі. У жн. 1921 у выніку нар. рэвалюцыі Т. абвешчана незалежнай Народнай Рэспублікай Тану-Тува (з 1926 Тувінская Нар. Рэспубліка), дзе кіруючай сілай стала засн. ў 1922 Нар.-рэв. партыя. Гасп. неразвітасць Т. абумовіла яе залежнасць ад СССР, пад уплывам якога кіраўніцтва рэспублікі стала на шлях пабудовы ў Т. сацыялізму, мінаючы капіталізм. Да 1931 ліквідаваны клас феадалаў. У 1930 тувінцы стварылі сваю пісьменнасць. У Вял.Айч. вайну насельніцтва Т. аказвала рознабаковую матэрыяльную дапамогу сав.Чырв. Арміі, добраахвотнікі ўдзельнічалі ў баях супраць гітлераўцаў.
17.8.1944 Малы хурал (парламент) Т. звярнуўся да Вярх. Савета СССР з просьбай аб прыняцці Т. ў склад СССР; 11.10.1944 прынята як аўт. вобласць РСФСР. У 1961 утворана Тувінская АССР. У сав. перыяд створаны розныя галіны прам-сці, сучасны транспарт, механізаваная сельская гаспадарка, павысіўся ўзровень адукацыі і культуры насельніцтва. Негатыўным было ігнараванне кіраўніцтвам традыц. качавога ўкладу і нац.-культ. асаблівасцей насельніцтва, што выявілася ў згортванні качавой жывёлагадоўлі, знішчэнні многіх помнікаў рэліг. культуры, палітыцы русіфікацыі тувінцаў. У снеж. 1990 Вярх. Савет Тувінскай АССР прыняў дэкларацыю аб суверэнітэце Т., у кастр. 1991 прынята афіц. назва — Рэспубліка Тыва. З ліст. 1991 Т. — рэспубліка ў складзе Расійскай Федэрацыі. У 1992 уведзена пасада прэзідэнта Т. (з сак. 1992 Ш.Д.Ааржак). У 1993 прынята Канстытуцыя Т.
Гаспадарка. Т. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 18%, сельская гаспадарка — 11%, сфера паслуг — 71%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1999): каляровая металургія (36,4%), электраэнергетыка (23,3%), паліўная (10,8%), харч. (16,2%). Здабыча і перапрацоўка кобальт-нікелевых руд (Хаву-Аксы), ртуці, золата, азбесту (2,6 тыс.т, Ак-Давурак), каменнага вугалю (547 тыс.т, Халбаджынскі, Каа-Хемскі, Чаданскі вугальныя разрэзы). Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз на ЦЭЦ (Кызылская, Ак-Давуракская, Хаву-Аксынская). Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Кызыле (мясакамбінат, малочны і піваварны з-ды), Чадане (масларобны з-д), Шаганары і інш. Лесанарыхтоўчыя, лесапільныя і мэблевыя прадпрыемствы ў Кызыле, Туране, Сарыг-Сепе і інш.Вытв-сць аўтаспецабсталявання (Кызыл), буд. матэрыялаў (цэглы, буд. дэталей, жалезабетонных канструкцый), швейных і гарбарных вырабаў. Развіты каменярэзны маст. промысел. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,5 млн.га, у т. л. пад пашай 2,3 млн.га, ворнымі землямі 0,1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (83% кошту с.-г. прадукцыі); вылучаюцца мяса-малочная жывёлагадоўля і танкарунная авечкагадоўля. Гадуюць таксама коз, свіней, птушак, коней, вярблюдаў, аленяў, якаў. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000): авечак і коз — 613, буйн. раг. жывёлы — 110,2, свіней — 13,1, аленяў — 1,1. На ПнУ развіты пушны промысел. Пасяўныя пл. (тыс.га, 1999) займаюць 60,1, у т. л. пад збожжавымі культурамі (пшаніца, авёс, ячмень, проса) 44,7, кармавымі 11,6, бульбай і агароднінай 3,8. Збор (тыс.т, 1999): збожжа — 12,9, бульбы — 15, агародніны — 4,3. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2472 км. Ёсць 2 выхады да чыгункі: па Усінскім тракце да чыг. ст. Абакан і па аўтадарозе Ак-Давурак — Абаза да чыг. ст. Абаза. Суднаходства па р. Верхні Енісей і ў ніжнім цячэнні рэк Вял. і Малы Енісей. Аэрапорты ў гарадах Кызыл, Ак-Давурак, Шаганар. Т. пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу харч. прадукты, сыравіну, паліва; завозіць харч. прадукты, драўніну і вырабы з яе, маш.-буд. і нафтахім. прадукцыю. Курорты: Уш-Бельдыр і Чэдэр.
Культура. Самыя стараж. помнікі на тэр. Т. — палеалітычныя і неалітычныя стаянкі, кераміка эпохі бронзы, каменныя стэлы (аленевыя камяні), творы ў звярыным стылі мастацтва скіфскай эпохі (1-е тыс. да н.э.), вырабы з металу і драўляныя статуэткі гунскага перыяду (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.). Ад стараж.цюркскага часу (6—8 ст.) захаваліся каменныя фігуры людзей і метал. вырабы, аздобленыя гравіроўкай; пазней гравіроўку спалучалі з інкрустацыяй жалеза золатам, серабром, бронзай. Да уйгурскага часу належаць рэшткі гарадзішчаў-крэпасцей (Пор-Бажын на воз. Тэрэ-Холь). Лямцавыя дываны, драўляныя куфры і ложкі, скураныя пасудзіны і сёдлы, вырабы з металу ўпрыгожваліся нар. арнаментам, для якога характэрны строга сім. кампазіцыя, S-падобныя ўзоры, меандры. Асн. жытлом служыла лямцавая юрта. З канца 18 ст. развіваецца дробная пластыка з дрэва, каменю, металу, у ёй працуюць нар. скульптары Х.Хуна, М.Чэрзі і інш. З 1940-х г. развіваюцца станковы жывапіс і графіка (В.Дзёмін, С.Ланза, Ю.Дзееў, Сарыг-оал Саая, Т.Левяртоўская, І.Салчак, М.Пятроў і інш.). Вядзецца рэканструкцыя і добраўпарадкаванне г. Кызыл, будуюцца новыя пасёлкі. Найб. значныя пабудовы: у Кызыле. — гасцініца «Мангулек», Дом мастака, кінатэатр «Найырал», парк культуры і адпачынку са спарт. комплексам і інш. У Т. 3 ВНУ, краязнаўчы музей, муз.-драм. т-р.(усе ў Кызыле).
Літ.:
История Тувы. Т. 1—2. М., 1964;
Сердобов Н.А. История формирования тувинской нации. Кызыл, 1971;
Новейшие исследования по археологии Тувы и этногенезу тувинцев. Кызыл, 1980;
Очерки социального развития Тувинской АССР Новосибирск, 1983;
Маннай-оол М.Х. Тува в эпоху феодализма. Кызыл, 1986;
Республики России: Этноист. очерки. М., 1999;
Аксенов А.Н. Тувинская народная музыка. М., 1964;
Вайнштейн С.И. Историческая этнография тувинцев. Пробл. кочевого хозяйства. М., 1972;
Яго ж. История народного искусства Тувы. М., 1974;
Сузукей В.Ю. Тувинские традиционные народные инструменты. Кызыл, 1989;
Кыргыс З.К. Проблемы горлового пения. Кызыл, 1991.