ТЫГР (Panthera tigris),

млекакормячая жывёла роду вял. катоў сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. 7 падвідаў. Пашыраны ў Пярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індастан. Жыве ў разнастайных ландшафтах — лясах, хмызняках, трысняговых зарасніках. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 3,2 м (зрэдку больш), хваста да 1,1 м; выш. ў карку да 1,2 м; маса да 390 кг. Валасяное покрыва шчыльнае і нізкае ў паўд. падвідаў, пушыстае — у паўночных. Афарбоўка рыжая, з чорнымі папярочнымі палосамі на спіне і баках. Тулава падоўжанае, галава акругленая. Вушы невял., закругленыя. Ногі адносна невысокія, тоўстыя, кіпцюры ўцяжныя. Корміцца пераважна буйнымі капытнымі. Нараджае 2—4 (зрэдку да 6) дзіцянят 1 раз за 2—3 гады.

Э.​Р.​Самусенка.

Тыгр амурскі.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)