ТЫ́ГЕЛЬ (ням. Tiegel),

1) пасудзіна для плаўлення, варкі ці награвання розных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца, напр., для плаўлення металаў і сплаваў у газавым ці вадкім асяроддзі зададзенага саставу (гл. Горан, Тыгельная плаўка металаў). У залежнасці ад т-ры апрацоўкі і хім. уласцівасцей матэрыялаў, што апрацоўваюцца, Т. вырабляюць з металаў (чыгуну, гарачатрывалых сталей і сплаваў, плаціны і інш.), графіту, фарфору ці вогнетрывалых матэрыялаў. Форма Т. пераважна круглая (у папярочным сячэнні) і звужаная ўнізе. Прамысл. печы з Т., у якіх плавяць, вараць ці награваюць матэрыялы (вырабы), наз. тыгельнымі печамі.

2) Т. у паліграфіі — масіўная метал. пліта для прыціскання паперы ці інш. матэрыялу да друкарскай формы, напр., у машынах высокага друку. Для выраўноўвання ціску на Т. замацоўваецца спец. пругкая пласціна (дэкель).

т. 16, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)