ТУ́ШЫНСКІ ЛА́ГЕР,
урадава-адміністрацыйная рэзідэнцыя і ваенны лагер Ілжэдзмітрыя II у с. Тушына (пад Масквой) з лета 1608 да пач. 1610. Т.л. быў умацаваны землянымі валамі і драўлянымі абарончымі збудаваннямі. Унутры лагера знаходзіліся рэзідэнцыі Лжэдзмітрыя II і нарачонага патрыярха Філарэта, будынкі тушынскіх прыказаў, жытлы польскіх і рас. войск. Пры адыходзе атрадаў Рэчы Паспалітай у сак. 1610 Т.л. спалены. У 1898—1901 на яго месцы праведзены археал. раскопкі, выяўленыя рэчы (зброя, прылады працы, рэчы побыту) зберагаюцца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве.
т. 16, с. 66
ТУШЭ́ (франц. touché, ад toucher чапаць, дакранацца),
характар здабывання гуку (націск, удар па клавішах) пры ігры на фп., які непасрэдна ўплывае на яго сілу і тэмбравую афарбоўку. Важны сродак індывідуалізацыі гучання інструмента. Залежыць ад фізічнага складу рукі піяніста, яго маст. імкненняў і стылю пэўнага муз. твора. Адрозніваюць: сухое і жорсткае, мяккае і пявучае Т. і інш. (напр., ігра Дж.Філда, А.Рубінштэйна вызначалася аксамітным, сакавітым Т.).
т. 16, с. 66