Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лангемак Георгій Эрыхавіч

т. 18, кн. 1, с. 417

ЛАНГЕРГА́НСА АСТРАЎКІ́,

групы клетак падстраўнікавай залозы пазваночных, якія ўтвараюць яе эндакрынную частку. Названы імем ням. вучонага П.Лангерганса, які апісаў іх (1869). У кругларотых астраўковая тканка знаходзіцца ў сценках страўніка. Л.а. развіваюцца з трубчастых нарасцей пярэдняй кішкі і ў залежнасці ад віду жывёлы складаюцца з клетак некалькіх тыпаў: ȥ-, β-, δ-клетак. У ȥ-клетках утвараецца гармон глюкагон, у β-клетках — інсулін, у δ-клетках сінтэзуецца сакрацін і інш. гармоны.

т. 9, с. 117

ЛА́НГСДОРФ Рыгор Іванавіч

(Георг Генрых фон) (18.4.1774, г. Вельштайн, Германія — 29.6.1852),

расійскі натураліст, этнограф, дыпламат. Акад. Пецярбургскай АН (1821). Па паходжанні немец. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це. Удзельнік кругасветнай экспедыцыі І.Ф.Крузенштэрна (1803—06). У 1812—30 рас. ген. консул у Рыо-дэ-Жанейра (Бразілія). У 1821—28 узначальваў рас. экспедыцыю ва ўнутр. раёны Бразіліі. Навук. працы па флоры, фауне і этнаграфіі Бразіліі.

т. 9, с. 118

ЛАНГУ́СТЫ

(Palinurus),

род беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. 5 відаў. Пашыраны на шэльфе трапічных і субтрапічных мораў. Жывуць на камяністым дне, у расколінах скал.

Даўж. да 75 см, маса да 13 кг і больш. Цела і тоўстыя антэны маюць моцныя шыпы. Начныя жывёлы. Кормяцца жывёльным кормам, пераважна малюскамі. Развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.

Лангуст.

т. 9, с. 118

ЛАНГФЕ́ЛА (Longfellow) Генры Уодсуарт

(27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),

амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант. паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш. Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;

Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Літ.:

Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» //Полымя. 1970. № 12;

Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.

Т.Я.Камароўская.

Г.Лангфела.

т. 9, с. 118

ЛА́НГХОФ (Langhoff) Вольфганг

(6.10. 1901, Берлін — 25.8.1966),

нямецкі рэжысёр, акцёр, пісьменнік. Чл. ням. АМ (з 1951), з 1962 яе віцэ-прэзідэнт. З 1919 акцёр, з 1927 рэжысёр. У 1933—34 зняволены ў канцлагер, пасля эмігрыраваў у Швейцарыю. У 1945 кіраваў т-рамі ў Дзюсельдорфе. У 1946—63 маст. кіраўнік і акцёр, з 1963 акцёр і рэжысёр Нямецкага т-ра ў Берліне. Ставіў класічную («Рэвізор» М.Гогаля, 1950; «Дон Карлас», 1952, і «Каварства і каханне», 1955, Ф.Шылера) і сучасную драматургію («Страх і адчай у Трэцяй імперыі» Б.Брэхта, 1948; «Зоненбрукі» Л.Кручкоўскага, 1949, іграў Петэрса; «Томас Мюнцэр» Ф.Вольфа, 1953, іграў гал. ролю, і інш.). Нац. прэміі ГДР 1949, 1951, 1960.

Тв.:

Рус. пер. — Болотные солдаты. М., 1936.

т. 9, с. 118

ЛА́НДАР Карл Іванавіч

(17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп. работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і ПаўнЗах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРК Зах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРК Зах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНК Зах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж. кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл. ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.

К.І.Ландар.

т. 9, с. 118

ЛАНДА́РСКІ Роберт Яфімавіч

(н. 1.4.1936, г. Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1966). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творчасць вызначаецца дэкаратыўнасцю каларыту, лірыка-эпічным ладам кампазіцый. Сярод твораў: «Ластаўкі» (1974), «Вясновыя турботы» (1975), «Жаўрук спявае» (1978), «Раніца ў Тарасаўцы», «На Белым возеры», «Кветкі лугавыя» (усе 1980), «Пейзаж з сарокамі», «Палескія дубравы» (абодва 1981), «Балада пра маці» (1982), «На Прыпяці» (1983), «Вёска Радуга» («Дзень Перамогі», 1984), «Расчыненае акно» (1987), «Юнацтва», «Веснавы сеў» (абодва 1992), «У забароненай зоне» (1994), «Вёска Барталамееўка» (1996), «Раніца» (1997), «На Бесядзі», «Лета майго дзяцінства», «Закат на Прыпяці» (усе 1998); акварэлі «Зімой» (1972), «Вясна на Сажы» (1974), «Раніца на Сажы» (1981) і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 9, с. 118

ЛАНДА́У Леў Давыдавіч

(22.1.1908, Баку — 1.4.1968),

расійскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы тэарэтычнай фізікі. Акад. АН СССР (1946), чл. АН і навук. т-ваў многіх краін. Герой Сац.

Працы (1954). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). Ў 1927—31 удасканальваў адукацыю ў Даніі, Англіі, Швейцарыі. З 1932 ва Укр. фіз.-тэхн. ін-це ў Харкаве. З 1937 у Ін-це фіз. праблем АН СССР, адначасова праф. Маскоўскага ун-та (1943—47 і з 1955). Навук. працы па квантавай механіцы, фізіцы цвёрдага цела, квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы, астрафізіцы і інш. Стварыў тэорыі электроннага дыямагнетызму (гл. Ландау дыямагнетызм), ферамагнітнага рэзанансу (1935), фазавых пераходаў 2-га роду (1937), звышцякучасці вадкага гелію (1941) і фенаманалагічную тэорыю звышправоднасці (разам з В.Л.Гінзбургам, 1950), выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў у інш. галінах фізікі. Аўтар (разам з Я.М.Ліфшыцам) шматтомнага «Курса тэарэтычнай фізікі». Нобелеўская прэмія 1962, Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1953.

Тв.:

Собр. тр. Т. 1—2. М., 1969.

Літ.:

Абрикосов А.А. Академик Л.Д.Ландау. М., 1965;

Бессараб М.Я. Ландау: Страницы жизни. 4 изд. М., 1990.

Л.Д.Ландау.

т. 9, с. 118

ЛАНДА́У ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ,

дыямагнетызм сістэмы носьбітаў зарадаў (напр., электронаў праводнасці ў металах). Прадказаны Л.Д.Ландау ў 1930. Абумоўлены квантаваннем арбітальнага руху зараджаных часціц у магн. полі, дзе траекторыя іх свабоднага руху скрыўляецца і ўзнікае дадатковае магн. поле, накіраванае процілегла знешняму полю. Назіраецца ў выраджаным газе свабодных электронаў і ў электронаў праводнасці ў металах, паўметалах і паўправадніках.

т. 9, с. 118