ЛАНГФЕ́ЛА (Longfellow) Генры Уодсуарт

(27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),

амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант. паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш. Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;

Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Літ.:

Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» //Полымя. 1970. № 12;

Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.

Т.Я.Камароўская.

Г.Лангфела.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)