Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ЗАРАЎ Аляксандр Сяргеевіч

(н. 3.1.1938, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў школу-студыю МХАТа (1959), працуе ў т-ры імя Маякоўскага (Масква). Творчасць адметная майстэрствам псіхал. і сац. абмалёўкі персанажа. У рэпертуары драм., камедыйныя, вострахарактарныя ролі: Звяздзінскі («Плады асветы» Л.Талстога), Хлудаў («Бег» М.Булгакава), Ясон («Медэя» Эўрыпіда), Георгій Абашвілі, Давід («Каўказскі ’мелавы круг» Б.Брэхта), Віктар («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Жорж Піту («Смех лангусты» Дж. Марэла). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Яшчэ раз пра каханне», «Праз церні да зорак», «Кветкі запозненыя», «Казка, расказаная ноччу», «Дзямідавы», «Вар’яцкі дзень інжынера Баркасава» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ Васіль Рыгоравіч

(23.2.1928, с. Парошына Кытманаўскага р-на Алтайскага краю, Расія — 31.12.1990),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1973), лётчык-касманаўт СССР (1973), палкоўнік. Скончыў Саратаўскі мед. ін-т (1952), Чугуеўскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1954). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 27—29.9.1973 з А.Р.Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-12» (як камандзір); 5.4.1975 з Макаравым — субарбітальны палёт на касм. караблі «Саюз 18-1». У космасе правёў 2 сут.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ Віктар Мікітавіч

(3.9.1897, Масква — 1.2.1976),

расійскі мастацтвазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1943). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1917—20), з 1924 выкладаў у ім, прафесар. У 1924—36 працаваў у Музеі выяўл. мастацтваў у Маскве. Даследаваў еўрап. музеі, гісторыю стараж.-рус., візант. і рэнесансавага мастацтва.

Тв.:

Портрет в европейском искусстве XVII в. М.; Л., 1937;

Происхожденис итальянского Возрождения. Т. 1—3. М., 1956—79;

Андрей Рублев и его школа. М., 1966;

Русская средневековая живопись: [Сб. ст.]. М., 1970;

Старые итальянские мастера. М., 1972;

История византийской живописи. [Кн. 1—2], 2 изд. М.,1986.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ Мікалай Аляксандравіч

(25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).

Дз.М.Жураўлёў.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ Міхаіл Васілевіч

(н. 14.7.1946, г. Сімферопаль, Украіна),

вучоны ў галіне ваен. навук. Ген.-лейт. (1994). Канд. ваен. н. (1996). Скончыў Казанскае танк. вучылішча (1966), Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1978; Масква). З 1999 начальнік Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па праблемах удасканалення і павышэння ўстойлівасці кіравання злучэннямі і часцямі ў армейскіх (карпусных) аперацыях.

З.А.Валевач.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ Міхаіл Пятровіч

(14.11.1788, г. Уладзімір, Расія — 23.4.1851),

рускі мараплавец, даследчык Антарктыкі. Адмірал (1843). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1803). Ажыццявіў тры кругасветныя плаванні: у 1813—16 на судне «Сувораў» (адкрыў атол Сувораў); у 1819—21 камандзірам шлюпа «Мірны» і памочнікам нач. экспедыцыі Ф.Ф.Белінсгаўзена (удзельнічаў у адкрыцці Антарктыды і шматлікіх астравоў); у 1822—25 камандзірам фрэгата «Крэйсер». Камандзір лінкора «Азоў», які вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827. У 1833—50 гал. камандзір Чарнаморскага флоту і партоў Чорнага мора. Імем Л. названы: атол у групе а-воў Расіян у Ціхім ак., мысы ў Амурскім лімане і ў паўн. частцы в-ва Унімак, востраў у Аральскім м., мора каля берагоў Усх. Антарктыды і інш.

М.П.Лазараў.

т. 9, с. 99

ЛА́ЗАРАЎ Пётр Пятровіч

(13.4.1878, Масква — 24.4.1942),

расійскі фізік і бія-геафізік. Акад. АН СССР (1917). Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). У 1912—25 праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча. З 1920 дырэктар арганізаванага ім Дзярж. біяфіз. ін-та. З 1931 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны, з 1938 — дырэктар біяфіз. лабараторыі АН СССР. Заснавальнік і рэдактар (1918—24) час. «Успехи физических наук». Навук. працы па фізіцы, фіз. хіміі, біягеафізіцы, гісторыі дакладных навук. Стварыў іонную тэорыю ўзбуджэння, даследаваў працэсы фізіял. адаптацыі, распрацаваў методыку прымянення законаў тэрмадынамікі да біял. працэсаў. Кіраваў даследаваннямі Курскай магнітнай анамаліі.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М.; Л., 1950—57.

Літ.:

Шулейкин В.В. П.П.Лазарев // Основатели советской физики. М., 1970.

А.У.Астапенка.

т. 9, с. 99

ЛАЗАРУ́К Міхаіл Арсенавіч

(н. 5.7. 1926, в. Ушаловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. літ.-знавец, педагог. Акад. АПН СССР (1982, чл.-кар. 1979), акад. Нац. АН Беларусі (1995), чл. Рас. акадэміі адукацыі (1995), д-р філал. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). З 1954 выкладаў у ім (з 1971 прарэктар). З 1978 у НДІ педагогікі (да 1990 дырэктар). Друкуецца з 1949. Пісаў байкі. Даследуе бел. паэму («Станаўленне беларускай паэмы», 1968; «Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст.», 1970), пытанні гісторыі, тэорыі і методыкі выкладання л-ры («Тэорыя літаратуры ў школе», 1967; «Уводзіны ў літаратуразнаўства», 1970, 2-е выд. 1982, з А.Я.Ленсу; «Тэорыя літаратуры», 1971; «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў», 1983, 2-е выд. 1996, з Ленсу). Адзін з аўтараў падручнікаў для сярэдняй школы і ВНУ.

Тв.:

Пімен Панчанка. Мн., 1959;

Часу непадуладнае. Мн., 1981;

Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской. Мн., 1988 (разам з В.У.Івашыным, А.Я.Ленсу);

Навучанне і выхаванне творчасцю: Пед. роздумы і пошукі. Мн., 1994.

І.У.Саламевіч.

М.А.Лазарук.

т. 9, с. 99

ЛАЗАРЭ́ВІЧ Анатоль Аркадзьевіч

(н. 7.3.1958, в. Вакары Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф. Канд. філас. н. (1988). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1980). З 1988 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі (з 1997 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах тэорыі і метадалогіі навук. пазнання, уздзеяння інфармацыі і ведаў на стан сучаснага грамадства.

Тв.:

Знание. Компьютер. Общество. Мн., 1992 (разам з У.А.Гераіменкам, Л.Р.Цітарэнка);

Научное знание в информационном обществе. Мн., 1993;

Философия универсализма и современный политический процесс // Власть и жизнь. Мн., 1998.

т. 9, с. 99

ЛАЗАРЭ́ВІЧ Уладзімір Саламонавіч

(14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99