ЛА́ЗАРАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.​Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.​Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.​Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.​Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)