Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАВІ́НА (ням. Lawine ад позналац. labina апоўзень),

абвал снегу або лёду, што саслізгвае са стромкіх горных схілаў і захоплівае на сваім шляху снежныя масы. Сярэдняя скорасць Л. 20—30 м/сек, аб’ём знесенага матэрыялу ад соцень тысяч да мільёнаў кубаметраў. Найб. часта бываюць у Альпах, Кардыльерах, на Каўказе, у гарах Сярэдняй Азіі; утвараюць моцныя разбурэнні.

т. 9, с. 84

ЛАВІ́НСКІ (Хрыстафор Хрыстафоравіч) (н. 3.5.1940, г. Нясвіж Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р мед. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1964), з 1994 заг. кафедры ў ім. Навук. працы па прафілактычнай і клінічнай нутрыцыялогіі, вывучэнні статуса харчавання розных груп насельніцтва Беларусі.

т. 9, с. 85

ЛАВІ́С ((Lavisse) Эрнест) (17.12.1842, Ле-Нув’ён-ан-Цьераш, Францыя — 18.8.1922),

французскі гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1892), праф. Сарбоны (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1865), у 1904—19 яе дырэктар. Пасля паражэння Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71 вывучаў гісторыю Германіі, пераважна Прусіі, спрабуючы знайсці тлумачэнне яе ваен. і паліт. поспехам. Адзін з рэдактараў (з А.Рамбо) і аўтараў калект. прац «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901), «Гісторыя Францыі са старажытнасці да рэвалюцыі» (т. 1—9, 1903—11) і «Гісторыя сучаснай Францыі ад рэвалюцыі да міру 1919» (т. 1—10, 1920—22).

т. 9, с. 85

ЛАВІ́ЦКІ (Генадзь Міхайлавіч) (н. 28.8.1942, в. Нова-Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч, дыпламат. Ген.-лейтэнант (1994). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1970), Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР (1971). З 1970 у органах КДБ БССР. З 1984 у цэнтр. апараце КДБ СССР. У 1986—94 нам. старшыні, у 1994 старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь. З 1995 Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэсітублікі Беларусь у Ізраілі.

т. 9, с. 85

ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),

філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л. «Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 9, с. 85

ЛАВУ́А, Лувуа (Lovua, Luvua),

рака ў Замбіі (верхняе цячэнне) і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, правы прыток р. Луалаба (бас. р. Конга). Некаторыя даследчыкі лічаць яе гал. вытокам р. Конга. Даўж. больш за 1500 км, пл. бас. 265,3 тыс. км². Пачынаецца (пад назвай Чамбешы) на плато на Пд ад воз. Танганьіка, працякае праз балота на Пд ад воз. Бангвеулу, ніжэй (на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга) наз. Луапула, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў воз. Мверу, ніжэй якога наз. ўласна Л. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 600 м³/с. ГЭС. Суднаходная на 145 км ад вусця і вышэй воз. Мверу.

т. 9, с. 85

ЛАВУАЗЬЕ́ ((Lavoisier) Антуан Ларан) (26.8.1743, Парыж — 8.5.1794),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял. франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш. хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).

Літ.:

Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 9, с. 85

ЛАВЯНЕ́ЦКІ (Сцяпан Аляксандравіч) (26.10.1923, в. Філатава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Са жн. 1943 на 2, 3, 4-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель самаходнай артыл. устаноўкі сяржант Л. вызначыўся 24.10.1944 у баях за г. Надзькала (Венгрыя): умела манеўруючы, дапамог падбіць 3 танкі; цяжка паранены працягваў бой, загінуў у ім. На радзіме яму пастаўлены помнік.

С.А.Лавянецкі.

т. 9, с. 85