ЛАВУАЗЬЕ́ (Lavoisier) Антуан Ларан
(26.8.1743, Парыж — 8.5.1794),
французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял. франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш. хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).
Літ.:
Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 9, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)