АХМАТО́ВІЧ Мустафа
(?—1794),
удзельнік паўстання 1794. Сын Дамініка з маёнтка Бергалішкі Ашмянскага пав. (цяпер тэр. Літвы). З літоўскіх татараў. У час Сямігадовай вайны 1756—63 удзельнічаў у баях супраць прускіх войскаў у Саксоніі, у 1768—72 на баку Барскай канфедэрацыі супраць рас. арміі. У складзе корпуса М.Агінскага вылучыўся ў бітве каля Бездзежа (1771). З 1785 уваходзіў у Вайсковую камісію абодвух народаў. У 1792 удзельнічаў у баях каля Свержаня, Міра, Зэльвы, Ізабеліна, Мсцібава, Бярэсця з войскамі таргавіцкіх канфедэратаў. У час паўстання 1794 на чале палка Пярэдняй Стражы ВКЛ удзельнічаў у бітвах каля Карытніцы і Мацяёвіц; у апошняй цяжка паранены і памёр.
т. 2, с. 147
АХМЕТЭ́ЛІ Сандро
(Аляксандр Васілевіч; 25.4.1886, с. Анага, Грузія — 29.6.1937),
грузінскі рэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1933). Адзін з заснавальнікаў груз. т-ра. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1916). У 1926—35 маст. кіраўнік т-ра імя Ш.Руставелі (Тбілісі). Яго пастаноўкі вызначаліся яркай тэатральнасцю, нац. каларытам, зладжанасцю акцёрскага ансамбля. Сярод лепшых «Загмук» А.Глебава (1926), «Разлом» Б.Лаўранёва і «Анзор» С.Шаншыяшвілі (1928), «Ламара» паводле твораў Важа Пшавелы (1930), «Разбойнікі» Ф.Шылера (1933).
т. 2, с. 147
А́ХМІСТР,
ахмістрыня, адміністрацыйная пасада ў гаспадарках магнатаў і шляхты ў сярэдневяковай Польшчы і ВКЛ; кіраўнік панскага двара. Кіраваў гаспадаркай маёнтка: вёў кантроль за сяўбой, зборам і захаваннем ураджаю, доглядам жывёлы, аховай панскага лесу, межаў маёнтка, спагнаннем павіннасцяў. З сярэдзіны 15 ст. назва паступова выцеснена тэрмінам аканом.
т. 2, с. 147