АХМАТО́ВІЧ Мустафа

(?—1794),

удзельнік паўстання 1794. Сын Дамініка з маёнтка Бергалішкі Ашмянскага пав. (цяпер тэр. Літвы). З літоўскіх татараў. У час Сямігадовай вайны 1756—63 удзельнічаў у баях супраць прускіх войскаў у Саксоніі, у 1768—72 на баку Барскай канфедэрацыі супраць рас. арміі. У складзе корпуса М.Агінскага вылучыўся ў бітве каля Бездзежа (1771). З 1785 уваходзіў у Вайсковую камісію абодвух народаў. У 1792 удзельнічаў у баях каля Свержаня, Міра, Зэльвы, Ізабеліна, Мсцібава, Бярэсця з войскамі таргавіцкіх канфедэратаў. У час паўстання 1794 на чале палка Пярэдняй Стражы ВКЛ удзельнічаў у бітвах каля Карытніцы і Мацяёвіц; у апошняй цяжка паранены і памёр.

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)