Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПАЗІ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве, фармальнае адрозненне моўных адзінак, якому адпавядае адрозненне ў семантыцы. Так, бел. словы «лес» і «лёс» адрозніваюцца гукамі [э] і [о], што сігналізуе пра розніцу ў значэнні. У граматыцы семантычнае адрозненне рэалізуецца ў супрацьпастаўленні формаў (напр.: ‘цяперашні час’ і ‘прошлы час’ — «будуе» і «будаваў»); наяўнасць апазіцыі — абавязковая ўмова існавання граматычнага значэння. У лексіцы апазіцыя семантычных кампанентаў рэалізуецца ў лексемах (напр.: «прыйсці» — ‘пачаць знаходзіцца’ і «пайсці» — ‘перастаць знаходзіцца’ ў пэўным месцы). Упершыню паняцце апазіцыі распрацавана М.С.Трубяцкім.

А.А.Кожынава.

т. 1, с. 412

АПАЗНАВА́ЛЬНЫЯ ЗНА́КІ,

адзнакі на транспартных сродках, ваен. тэхніцы і ўзбраенні. Вызначаюць іх дзярж. прыналежнасць, прызначэнне, дачыненне да аб’яднанняў, відаў і родаў войскаў і інш. Складаюцца з сімвалаў, літар, лічбаў, спец. знакаў і іх камбінацый.

Апазнавальныя знакі лятальных апаратаў (ЛА) вызначаюцца Міжнар. арг-цыяй грамадз. авіяцыі (ІКАО). Звычайна складаюцца з пач. літар назвы дзяржавы і лічбавага знака, які прысвойваецца ЛА пры занясенні ў рэестр грамадз. паветр. суднаў дзяржавы. Наносяцца на крылы, бакавыя паверхні фюзеляжа, кіль. Ваен. самалёты і верталёты маюць апазнавальныя знакі ў выглядзе геам. фігур (кругоў, квадратаў, палос, зорак, крыжоў і інш.). Напр., апазнавальныя знакі ЛА Германіі — чорны крыж і выява даярж. сцяга; Японіі — чырвоны круг; ЗША — белая пяціканцовая зорка. Апазнавальныя знакі караблёў і суднаў (у т. л. ваен.) — выява дзярж. сцяга і бартавы нумар (вялікія караблі маюць таксама ўласную назву). Апазнавальныя знакі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, іх прыналежнасці да віду ўзбр. сіл, роду войскаў (службы) маюць большасць дзяржаў. Апазнавальныя знакі прыналежнасці да аб’яднання, злучэння і інш. ўключаюць іх эмблемы і групу лічбаў, іншыя апазнавальныя знакі — спец. каляровыя знакі ў выглядзе палос, рысункаў, геам. фігур і г.д. На грамадз. трансп. сродках наносяцца міжнар. апазнавальныя знакі (гл. табл.).

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь апазнавальныя знакі — круг, падзелены гарызантальнай лініяй. У верхняй палове круга літары МА, знізу — выява дзярж. сцяга. На аўтамабілі, матацыклы, прычэпы таксама наносяцца: чырвоны крыж — на санітарныя машыны; Т — на машыны трансп. групы; ВАІ — на аўтамабілі і матацыклы ваен. аўтаінспекцыі і інш.

т. 1, с. 412

АПАКА́ЛІПСІС

(грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),

1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.

2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.

Літ.:

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.М.Бабосаў.

т. 1, с. 413

АПАКРЫ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ

(ад грэч. apokrinō аддзяляю),

залозы, у якіх пры ўтварэнні і выдзяленні сакрэту адрываюцца верхавінкавыя часткі залозістых клетак. Утвараюцца з эпітэліяльных зачаткаў, з якіх узнікаюць тлушчавыя залозы і валасы. У большасці млекакормячых размешчаны ў абваласелай скуры і некаторых інш. месцах. У чалавека і вышэйшых лакалізаваны ў падпахавых упадзінах, вонкавым слыхавым канале, каля грудных саскоў, лабка, ануса, палавых органаў; разам з узбуйненымі тлушчавымі залозамі ўтвараюць пахучыя залозы. Спецыялізаваныя апакрынныя залозы — малочныя залозы. Канчатковае развіццё і пачатак сакраторнай дзейнасці апакрынных залоз у чалавека супадаюць з палавым выспяваннем. Існуе цесная сувязь паміж апакрыннымі залозамі і перыядамі палавога развіцця (менструацыя, цяжарнасць, клімактэрый); фізіялагічная дзейнасць згасае ў старэчы перыяд. Сакрэт апакрынных залоз мае рэчывы, што абумоўліваюць пах, спецыфічны роду, віду, індывідууму. У жывёл з’яўляецца сродкам абароны, пошуку, пазначэння тэрыторыі, прываблівання асобін процілеглага полу, а таксама ідэнтыфікацыі асобін.

А.С.Леанцюк.

т. 1, с. 413

«АПАКРЫ́СІС»,

Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...», помнік стараж. бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр. сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.

Літ.:

Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.

А.Ф.Коршунаў.

т. 1, с. 414

АПА́Л

(лац. opalus),

мінерал падкласа гідраксідаў, SiO2·nH2O. Мае 1—34% вады, 65—92% SiO2. Прымесі аксідаў Al, Fe, Mn, Mg і інш. Разнавіднасці: каштоўны апал, паўапал, гейзерыт, гідрафан і інш. Аморфны. Утварае нацечныя агрэгаты — ааліты, скарынкі, ныркападобныя масы. Бясколерны, белы, жоўты, буры, чырвоны, зялёны. Для паўпразрыстых рознасцяў характэрна апалесцэнцыя. Бляск шкляны, радзей перламутравы, васковы. Цв. 5—6,5; вельмі крохкі. Шчыльн. 1,9—2,3 г/см³. Асадкавы, гідратэрмальны. На Беларусі трапляецца ў выглядзе цэменту, шкарлупін дыятамей у мелавых адкладах (сцяжэнні) і інш. Каляровыя (з ірызацыяй) апал — вырабныя камяні. Высакародны апал (вогненны) — каштоўны камень. З апалу складаюцца дыятаміт, трэпел і апока — сыравіна для цэменту, напаўняльнікі і інш.

т. 1, с. 414

АПАЛАГЕ́ТЫКА

(ад грэч. apologētikos абараняльны),

1) раздзел хрысц. багаслоўя, які пры дапамозе аргументаў, звернутых да розуму і свядомасці чалавека, адстойвае веравучэнне; у вузкім сэнсе — гал. багаслоўе, грунтоўная тэалогія. Асновы апалагетыкі закладзены ў 2—3 ст. Юсцінам, Тацыянам, Арыгенам, Тэртуліянам і інш. для абароны хрысціянства ад іудзейства, «язычніцтва» (пад ім разумелася ант. філасофія), дзярж. улад, ерасяў. Пашырана гал. чынам у праваслаўі і каталіцызме. Змест апалагетыкі — інтэрпрэтацыя сутнасці рэлігіі, абвяржэнне накіраваных супраць яе абвінавачванняў, абгрунтаванне перавагі той ці інш. канфесіі. Апелюючы да розуму, апалагетыка ўсё ж лічыць, што нават лагічна абгрунтаваная сістэма догматаў павінна прымацца на веру, бо апошняя ў тэалогіі вышэйшая за розум.

2) У пераносным сэнсе апалагетыка — прадузятая абарона, тэндэнцыйнае ўсхваленне чаго-небудзь, каго-небудзь.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 414

АПАЛАДО́Р

(Apollodōros) з Дамаска, старажытнарымскі архітэктар і інжынер пач. 2 ст. Пабудаваў грандыёзны ансамбль форума Траяна ў Рыме (111—114),

будынкі бібліятэк і знакамітую калону Траяна, абвітую стужкай рэльефаў на тэму паходу Траяна ў Дакію. Апаладор прыпісваюць аркі Траяна ў гарадах Анкона (пасля 115) і Беневента. Сярод работ, якія не захаваліся, — мост цераз Дунай каля г. Дробета (цяпер у Румыніі), адэон, цырк і тэрмы Траяна ў Рыме.

т. 1, с. 414

АПАЛА́ЧСКАЕ ПЛАТО́,

заходняе перадгорнае плато ў сістэме Паўд. Апалачаў, у ЗША (на Пд наз. плато Камберленд). Даўж. каля 1500 км. Выш. ад 500 м на З да 1500 м на ПнУ, дзе Апалачскае плато набывае характар гор (Алеганы). Складзена пераважна з вапнякоў. Глыбока расчлянёнае рэкамі сістэмы Агайо. Пашыраны карставыя формы рэльефу (славутая Мамантава пячора). Буйныя радовішчы каменнага вугалю. Шыракалістыя лясы.

т. 1, с. 414

АПАЛА́ЧСКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

зона палеазойскай складкавасці ўздоўж паўд.-ўсх. ускраіны Паўночна-Амерыканскай платформы. Сфарміравалася ў выніку праяўлення таконскай (сярэдні ардовік — сілур), акадскай (ранні — сярэдні дэвон) і алеганскай (карбон — ранняя перм) фазаў складкавасці. З канца палеазою і ў мезазоі падвяргалася моцнай эрозіі, у позняй юры перакрывалася морам, на працягу мелавога перыяду і кайназойскай эры паўторна спадзіста прыўзнята. Складзена з магутных тоўшчаў вапнякоў, кварцавых пяскоў, гліністых сланцаў, граўвакаў, з вулканічных і вывергнутых парод. Большая частка Апалачскай складкавай вобласці прымеркавана да Апалачаў, другая апушчана пад прыбярэжныя раўніны і шэльф Атлантычнага ак., трэцяя выходзіць на паверхню ў гарах Уошыта на тэр. Арканзаса і Аклахомы і на невял. участках у Тэхасе (Маратон) і ў Мексіцы. З ПнУ на ПдЗ падзяляецца на 3 сегменты з рознай арагенічнай гісторыяй: Ньюфаўндленд-Квебекскі, Пенсільванска-Тэнесійскі і Уошыта-Маратонскі. У межах сегментаў вылучаны правінцыі: Апалачскае плато, правінцыя Далін і Хрыбтоў, правінцыя Блакітнага хрыбта, Підмант і інш. Амаль усе структурныя элементы Апалачскай складкавай вобласці паралельна выцягнуты па дузе, павернутай выпукласцю да цэнтра мацерыка.

Г.У.Зінавенка.

т. 1, с. 414