АПАЗІ́ЦЫЯ
(ад лац. oppositio проціпастаўленне, пярэчанне),
1 супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі інш. поглядам, палітыцы.
2) Агульная назва партый, арг-цый, грамадскіх рухаў і аб’яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і паліт. груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фарміраванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фарміраваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыя — парт. групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яе кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя — неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У бел. парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярх. Савета Беларусі, дзе ў апазіцыі да палітыкі ўрада выступілі Бел. нар. фронт «Адраджэньне», Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Бел. сац.-дэмакр. грамада і інш. Прадстаўнікі апазіцыі прымаюць удзел у заканатворчым працэсе, прапануюць шляхі ўмацавання суверэнітэту, незалежнасці дзяржавы, паглыблення рыначных адносін, духоўнага адраджэння і кансалідацыі нацыі і інш.
В.І.Семянкоў.
т. 1, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)