«АПАКРЫ́СІС»,

Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...», помнік стараж. бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр. сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.

Літ.:

Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.

А.Ф.Коршунаў.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)