АЛІГАСАПРО́БЫ
(ад аліга... + грэч. sapros гнілы + bios жыццё),
арганізмы, якія жывуць у чыстых або слаба забруджаных арган. рэчывамі водах з лішкам растворанага кіслароду. Для алігасапробаў характэрна вял. відавая разнастайнасць пры павольнай змене згуртаванняў. Да іх належаць: зялёныя і дыятомавыя водарасці і кветкавыя расліны (напр., гарлачык белы); некаторыя калаўроткі, лічынкі стракоз і аўсянікаў, дафніі; сцерлядзь, фарэль; трытоны. Сярод алігасапробаў шмат драпежнікаў, але мала сапратрофаў, у т. л. бактэрый і арганізмаў, якія кормяцца бактэрыямі. Выкарыстоўваюцца як біял. індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў шкоднымі рэчывамі.
т. 1, с. 255
АЛІГАСПЕРМІ́Я
(ад аліга... + грэч. sperma семя),
гіпаспермія, гіпавалюмія, памяншэнне аб’ёму спермы, што выліваецца пры семявывяржэнні. Аб’ём спермы пры алігасперміі не перавышае 1—1,5 мл (норма 2—5 мл). Прычыны алігасперміі: гарманальная недастатковасць, прыроджаныя, генетычныя захворванні, аспермія, азааспермія, хранічныя прастатыты рознага генезісу, псіхічная стомленасць, нерв. перанапружанне, алкагалізм, дрэннае харчаванне. Магчыма і ў здаровых мужчын пры занадта частых палавых або ананістычных актах.
т. 1, с. 255
АЛІГА́Т
(ад лац. alligo прывязваю),
пераплеценыя ў адзін том самастойныя выданні або рукапісы. Ствараецца звычайна з-за нязручнасці захоўвання тонкіх, непераплеценых кніг, брашур, сшыткаў паводле алфавітнага або тэматычнага (гл. Канвалют) прынцыпу.
т. 1, с. 255
АЛІГА́ТАРЫ
(Alligatoridae),
сямейства паўзуноў атр. кракадзілаў. Уключае ўласна алігатараў (Alligator) і кайманаў. Жывуць пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы ў прэсных вадаёмах; выключэнне — кітайскі алігатар (A. sinensis), жыве ў р. Янцзы.
Уласна алігатараў 2 віды: місісіпскі алігатар (A. mississippiensis) даўж. да 5,8 м, водзіцца ў балотах Фларыды (ЗША) і кітайскі алігатар да 2,5 м. Маюць добра развіты мозг, 4-камернае сэрца, перапонку паміж пальцамі пярэдніх ног. Морда шырокая і кароткая. Драпежнікі. Маладыя кормяцца насякомымі і ракападобнымі, дарослыя — рыбай, жабамі, птушкамі, млекакормячымі. У выніку інтэнсіўнага промыслу на скуру і мяса алігатараў іх колькасць вельмі скарацілася. У шэрагу краін створаны буйныя гадавальнікі для штучнага развядзення алігатараў.
т. 1, с. 255
АЛІГАТО́НІКА
(ад аліга... + грэч. tonos тон),
сістэма з малой колькасцю гукаў, дзе ўсе тоны функцыянальна раўнапраўныя. Для алігатонікі характэрныя сціслыя мелодыі-мадэлі (тэрцавыя, квартавыя), экспрэсіўная сіла якіх заснавана на прынцыпе раўназначнасці ўсіх выразных сродкаў (ладавых, рытмічных, інтанацыйных, тэмбравых). У муз. фальклоры беларусаў тыповая для стараж. песеннага пласта, асабліва для песень каляндарна-земляробчага цыкла.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. тр. М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
З.Я.Мажэйка.
т. 1, с. 255
АЛІГАТРО́ФЫ
[ад аліга... + ...троф(ы)],
расліны і мікраарганізмы, здольныя развівацца ў асяроддзі з нізкай канцэнтрацыяй пажыўных рэчываў. Да алігатрофных раслін Беларусі, якія растуць на глебах, бедных элементамі мінер. харчавання, належаць сфагнавыя імхі, верас звычайны, сівец стаячы, цмен пясчаны, агаткі двухдомныя, падвей похвенны, багун балотны, журавіны і інш. расліны вярховых балотаў, сухадолаў і пяскоў. Алігатрофныя мікраарганізмы жывяцца простымі арган. злучэннямі — арган. к-тамі, спіртамі. Многія з іх маюць прыстасаванні для павелічэння паверхні клеткі (спіральная будова клетак у спірылы, прастэкі ў прастэкабактэрый).
т. 1, с. 255
АЛІГАФА́ГІ
[ад аліга... + ...фаг(і)],
жывёлы, якія спажываюць вельмі абмежаваны набор кармоў. Да іх належаць многія членістаногія, чэрві, малюскі, рыбы, птушкі, млекакормячыя. Найб. пашыраны ў трапічных лясах. У фауне Беларусі алігафагі ёсць сярод насякомых (клубеньчыкавыя даўганосікі, каларадскі жук), павукоў, кляшчоў, чарвей, рыб, птушак (насякомаедныя — асаед звычайны, драпежнікі-рыбаеды — скапа, драпежнікі-арнітафагі — ястраб-перапёлачнік, ястраб-цецяроўнік), млекакормячых (траваедныя, пладаедныя і інш.). Гл. таксама Манафагі, Паліфагі.
т. 1, с. 255
АЛІГАФРЭНАПЕДАГО́ГІКА
(ад аліга... + грэч. phrēn розум + педагогіка),
раздзел дэфекталогіі, які вывучае праблемы выхавання, навучання і шляхі карэкцыі недахопаў развіцця разумова адсталых дзяцей (гл. Алігафрэнія), а таксама пытанні іх сац. рэабілітацыі. Цесна звязана з псіхіятрыяй, педагогікай, мед. навукамі (педыятрыяй, неўралогіяй, псіхапаталогіяй і інш.). На Беларусі пытанні алігафрэнапедагогікі распрацоўваюць дэфектолагі Бел. пед. ун-та, Нац. ін-та адукацыі і інш. Распрацавана канцэпцыя навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з адхіленнямі ў разумовым і фіз. развіцці (Т.Л.Ляшчынская, У.А.Шынкарэнка і інш.). Працуюць спец. школы ў Гродне, Мінску, Полацку.
т. 1, с. 255
АЛІГАФРЭНАПСІХАЛО́ГІЯ
(ад аліга... + грэч. phrēn розум + псіхалогія),
раздзел спец. псіхалогіі, які вывучае псіхічнае развіццё і магчымасць яго карэкцыі ў дзяцей з інтэлектульнымі недахопамі, распрацоўвае метады і прыёмы выхавання і навучання такіх дзяцей. Даныя алігафрэнапсіхалогіі выкарыстоўваюць у алігафрэнапедагогіцы. На Беларусі пытанні алігафрэнапсіхалогіі распрацоўваюць у Бел. пед. ун-це, Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследаваны асаблівасці мыслення (Т.А.Працко), моўнай дзейнасці (К.Г.Ярмілава, Л.Г.Алексіна) разумова адсталых дзяцей, выяўленчай дзейнасці вучняў дапаможных школ (З.А.Апацкая), псіхал. структура затрымкі псіхічнага развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту (А.С.Сляповіч).
т. 1, с. 255