Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛКЕ́НЫ,

алефіны, этыленавыя вуглевадароды, ненасычаныя ацыклічныя вуглевадароды з адной двайной сувяззю С=С. Гл. таксама Ненасычаныя злучэнні.

т. 1, с. 263

АЛКІВІЯ́Д

(Alkibiadēs; каля 450—404 да н.э.),

старажытнаафінскі паліт. і ваен. дзеяч. Сваяк і выхаванец Перыкла, вучань Сакрата. Вызначаўся частай зменай паліт. арыентацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 неаднаразова выбіраўся стратэгам. У 415 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў ваен. экспедыцыі супраць Сіракузаў. Абвінавачаны ў разбурэнні гермаў (статуй Гермеса), уцёк у Спарту (садзейнічаў ёй у барацьбе з Афінамі), адтуль у Персію. У 411 падтрымаў алігархічны, пазней дэмакр. ўрады ў Афінах. На чале афінскага флоту перамог спартанцаў каля Абідаса (411) і Кізіка (410). З трыумфам вярнуўся ў Афіны і абраны гегемонам. Пасля паражэння афінскага флоту ў баях са спартанцамі (408—407) уцёк у Фракію, потым ў Персію, дзе быў забіты.

т. 1, с. 263

АЛКІ́ДНЫЯ ЛА́КІ,

гл. ў арт. Алкідныя смолы.

т. 1, с. 263

АЛКІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя смолы, якія атрымліваюцца пры кандэнсацыі полікарбонавых кіслот, поліспіртоў і вышэйшых монакарбонавых кіслот (пераважна аліфатычных кіслот алеяў). Найб. пашыраныя гліфталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны) і пентафталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і пентаэрытрыту). Ліпкія, высакавязкія рэчывы з мал. масай 1500—5000 растваральныя ў талуоле, уайт-спірыце, сальвент-нафце; нізкамалекулярныя разбаўляюцца вадой. Тэрмарэактыўныя (высыхальныя) змяшчаюць дэгідратаваныя вытворныя рыцыны, ільняны і тунгавы алеі; тэрмапластычныя (невысыхальныя) — какосавы алей ці сырую рыцыну. Адрозніваюцца па тлустасці, маюць да 34—70% алею.

Алкідныя смолы — аснова алкідных лакаў (канцэнтрацыя 40—60%, змяшчаюць таксама сікатывы, ацвярджальнікі, растваральнікі і інш. плёнкаўтваральнікі). Выкарыстоўваюцца як кампаненты фарбаў для аўтамабіляў, розных прылад і прамысл. абсталявання, скуры; у вытв-сці клеяў, друкарскіх фарбаў.

т. 1, с. 263

АЛКІ́Л,

абагульненая назва аднавалентных радыкалаў насычаных аліфатычных вуглевадародаў. Напр., метыл — астатак метану (CH3), этыл — астатак этану (C2H5), прапіл — астатак прапану [CH3·(CH2)2], ізапрапіл — астатак ізапрапану — [(CH3)2CH].

т. 1, с. 263

АЛКІЛА́Т,

сумесь ізапарафінавых высокаактанавых вуглевадародаў (у асн. C6—C9). Вадкасць, tкіп 40—180 °C, шчыльн. (0,69—0,71)·10​3кг/м³. Асн кампанент — ізаактан (60%). Выкарыстоўваецца як кампанент высокаактанавага паліва для павышэння дэтанацыйнай стойкасці бензіну.

т. 1, с. 263

АЛКІЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення алкілу ў малекулу арган. або неарган. злучэння. Ажыццяўляецца з дапамогай каталізатараў, таксама пры высокім ціску і т-ры. Алкіліруючыя рэагенты: галагенавытворныя вуглевадародаў, алкены, эфіры неарган. кіслот, дыазазлучэнні. Дае магчымасць сінтэзаваць больш складаныя злучэнні з пажаданымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваецца для вытв-сці высокаактанавага паліва, паверхнева-актыўных рэчываў, антыаксідантаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў, лекаў.

т. 1, с. 263

АЛКІЛФАСФА́ТЫ,

паверхнева-актыўныя рэчывы аніённай прыроды, ROPO(OM)2 і (RO)2POOM, дзе R — алкіл, M — метал, амоній. Пастападобныя рэчывы крэмавага колеру, растваральныя ў вадзе, маюць высокую мыйную ўласцівасць, устойлівыя пры t да 220 °C, біяраскладальныя да 90%. Атрымліваюць узаемадзеяннем вышэйшых спіртоў ці монаалкілполіэтыленгліколяў з пентаксідам або трыхлораксідам фосфару і наступнай нейтралізацыяй прадуктаў шчолачамі ці аміякам. Выкарыстоўваюцца [пераважна алкілфасфаты, у якіх R=CnH2n+1; CnH2n+1(OC2H4)m (n=6-20; m=4 і 6), M — калій, натрый, амоній] як эмульгатары, кампаненты мыйных і ачышчальных сродкаў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў (антыстатыкаў, замаслівальнікаў і інш.).

т. 1, с. 263

АЛКІ́НЫ,

ненасычаныя ацыклічныя вуглевадароды з трайной сувяззю ў малекуле С≡С. Найпрасцейшы з іх ацэтылен. Гл. таксама Ненасычаныя злучэнні.

т. 1, с. 263

А́ЛКІО

(Alkio; сапр. Філандэр; Filander) Сантэры (17.6.1862, мяст. Лайхія — 24.7.1930),

фінскі грамадскі дзеяч, пісьменнік. Пачынальнік сельскага асв. маладзёжнага руху (1888). Адзін з заснавальнікаў партыі Аграрны саюз (1906). У 1919—20 міністр сац. спраў. Дэп. сейма ў 1907—22. Аўтар раманаў і апавяданняў пра сялянскі побыт паўн. Фінляндыі.

т. 1, с. 263