АКЦЭ́ПТ
(ад лац. acceptus прыняты),
1) згода на заключэнне дагавору ў адпаведнасці з прапановай (афертай) інш. боку.
2) У міжнар. праве — аднабаковая заява пра звязанасць умовамі дагавору.
3) Прыняцце плацельшчыкам (трасатам) па пераводным вэксалі (траце) абавязацельстваў аплаціць вэксаль у вызначаны ў ім тэрмін. Такі акцэпт афармляецца на правым баку вэксаля ў выглядзе адпаведнага надпісу акцэптанта.
4) Згода банка гарантаваць выплату сумы, названай у пераводным вэксалі.
5) Згода плацельшчыка на аплату грашовых і таварных дакументаў. Выкарыстоўваецца пры разліках за тавары, паслугі і выкананыя работы: плацеж ажыццяўляецца са згоды плацельшчыка па разліковых дакументах, выпісаных пастаўшчыком.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 222
АКЦЭ́ПТАР,
дэфект крышталічнай рашоткі паўправадніка, здольны «захапіць» электроны і тым забяспечыць дзірачную электраправоднасць. Тыповыя акцэптары для германію (Ge) і крэмнію (Si) — атамы-дамешкі хім. элементаў III групы (B, Al, Ga, In). Гл. таксама Донары.
т. 1, с. 223
АКЦЭСО́РНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ
(ад лац. accessorius дадатковы),
мінералы, якія ёсць у горных пародах у нязначных колькасцях (менш за 1%); заканамерная частка вывергнутых і асадкавых парод. Спачатку лічыліся выпадковымі дадатковымі мінераламі (адсюль назва). Тыповыя акцэсорныя мінералы гранітаў — апатыт, цыркон, турмалін, гранат і інш. Пры разбурэнні парод намнажаюцца ў россыпах. Па характары акцэсорных мінералаў можна выявіць роднаснасць, паходжанне і ўзрост горных парод.
т. 1, с. 223
АКЦЮ́БІНСК,
горад у Казахстане, цэнтр Акцюбінскай вобл., на р. Ілёк. Засн. ў 1869 на месцы крэпасці Акцюбэ (у пер. на бел. мову — «белы ўзгорак»), 248 тыс. ж. (1987). Чыг. станцыя. Чорная металургія, машынабудаванне (рэнтгенаапаратура, с.-г. машынабудаванне і інш.), хім. (пластмасы), лёгкая і харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.
т. 1, с. 223
«АКЦЯ́БР»,
газета, орган ЦК КП(б)Б. Выдавалася з 7.11.1925 да 22.6.1941 штодзённа ў Мінску на яўр. мове. Асвятляла міжнар. становішча, гасп. і культ. жыццё рэспублікі, змены ў побыце яўр. насельніцтва. Раз на тыдзень змяшчала літ. старонку, на якой друкаваліся пісьменнікі І.Харык, З.Аксельрод, М.Кульбак і інш., пераклады твораў Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, М.Чарота, М.Лынькова і інш.
т. 1, с. 223
АКЦЯ́БР,
вёска ў Беларусі, у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Краснаакцябрскі». За 18 км на У ад г. Буда-Кашалёва, 26 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Уза. 830 ж., 309 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі курганны могільнік.
т. 1, с. 223
АКЦЯ́БР,
вёска ў Беларусі, у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Акцябр». За 9 км на Пд ад г. Жлобін, 92 км ад Гомеля. 742 ж., 288 двароў (1994). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур.
т. 1, с. 223
АКЦЯ́БР,
вёска ў Беларусі, у Гарадзецкім с/с Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Кастрычнік». За 18 км ад Кобрына, 70 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Гарадзец. 1081 ж., 461 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (пач. 20 ст.).
т. 1, с. 223
АКЦЯ́БР,
вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.
Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.І.Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.
т. 1, с. 223
АКЦЯ́БР,
вёска ў Беларусі, у Салігорскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Акцябр». За 24 км на З ад горада і чыг. ст. Салігорск, 140 км ад Мінска. 651 ж., 273 двары (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, гандл. цэнтр.
т. 1, с. 223