Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЗЕ́РЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 6 км на ПнУ ад Талачына, 115 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Талачын, на шашы Мінск—Масква. 742 ж., 290 двароў (1994). Кансервавы з-д. Базавая школа. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 162

АЗЕ́РШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і Рэчыцкага саўгаса-тэхнікума. За 10 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 60 км ад Гомеля. 4858 ж., 1800 двароў (1994). Суднабуд.-суднарамонтны з-д, ПМК. Сярэдняя школа, ПТВ, 3 б-кі, 3 клубы, амбулаторыя, 2 аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. За 0,3 км на 3 ад вёскі паселішча каменнага веку.

т. 1, с. 162

АЗЕ́Ф Еўна Фішалевіч

(1869, г. Гродна—1918),

адзін з арганізатараў і лідэраў партыі эсэраў, сакрэтны супрацоўнік (з 1892) дэпартамента паліцыі. У 1903 фактычна ўзначаліў «баявую арг-цыю» партыі эсэраў, кіраваў падрыхтоўкай тэрарыст. актаў. Выдаў паліцыі з’езд прадстаўнікоў партыі ў Харкаве (1901), амаль увесь склад «баявой арг-цыі» (1905). Па даносе Азеф пакараны смерцю 7 яе членаў. У 1908 Азеф выкрыты і прыгавораны ЦК партыі да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Памёр у Берліне.

т. 1, с. 162