Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭЛЬ (араб.),

узгорак, што ўтварыўся з рэшткаў стараж. будынкаў, запоўненых культ. напластаваннямі, від археал. помнікаў на тэр. Усх. Азіі, Каўказа, Б. Усходу. Гл. таксама Тэпе.

т. 16, с. 122

ТЭЛЬ (Tell) Вільгельм, швейцарскі нац. герой; гал. персанаж швейц. нар. легенды «Паданне пра стралка». Паляўнічы, жыхар в. Бюрглен (кантон Уры). Быў змушаны габсбургскім ландфогтам (даверанай асобай) Геслерам збіць стралой з лука яблык з галавы свайго малога сына. Выканаўшы гэты загад, Т. пазней стралой забіў Геслера і ўзначаліў паўстанне супраць панавання аўстр. Габсбургаў (14 ст.). У аснове падання пра Т. — звесткі з хронік 15 і 16 ст. Найб. вядомы маст. вобраз Т. стварыў у аднайм. драме Ф.​Шылер (1804).

т. 16, с. 122

ТЭ́ЛЬМАН,

вёска ў Малейкаўскім с/с Брагінскага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Брагінка, на аўтадарозе Брагін—Холмеч. Да 1934 наз. Двор Гарадзішча. Цэнтр калгаса. За 4 км на ПнУ ад г.п. Брагін, 115 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Хойнікі. 165 ж., 58 двароў (2002). Помнік архітэктуры — парк (канец 18 ст.).

т. 16, с. 123

ТЭ́ЛЬМАН (Thälmann) Эрнст (16.4.1886, г. Гамбург, Германія — 18.8.1944),

германскі паліт. дзеяч. Вучыўся ў нар. школе (1893—1900). У 1900—23 трансп. рабочы. З 1903 чл. С.-д. партыі Германіі (СДПГ), з 1904 — прафсаюза трансп. рабочых. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. У 1917 выйшаў з СДПГ і ўступіў у Незалежную с.-д. партыю Германіі (НСДПГ). У час Ліст. рэвалюцыі 1918 выбраны ў Гамбургскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. парламент. У 1920 разам з левым крылом НСДПГ перайшоў у Камуніст. партыю Германіі (КПГ). Кіраўнік Гамбургскага паўстання 1923. З 1923 чл. Выканкома Камуніст. інтэрнацыянала. З пач. 1925 узначальваў арг-цыю рабочай самаабароны — Саюз чырв. франтавікоў. З канца 1925 старшыня ЦК КПГ. У 1924—33 дэп. рэйхстага. Памылкова лічыў гал. праціўнікам сваёй партыі СДПГ («сацыялфашызм»), што аслабляла антыфаш. рух у Германіі. Кандыдат у прэзідэнты Германіі на выбарах 1925 і 1932. У сак. 1933 арыштаваны гестапа і зняволены ў турму. У жн. 1944 дастаўлены ў канцлагер Бухенвальд, дзе забіты паводле загаду А.​Гітлера і Г.​Гімлера.

Тв.:

Бел. пер. — Пролетарская Нямеччына замест Нямеччыны Юнга: Прамовы на пасяджэньні рэйхстагу ў лютым 1930 г. Мн., 1930 (разам з Ц.​Ітэкерам);

Задачы КПГ пасля выбарчай перамогі;

КПГ пасля выбараў у рэйхстаг. Мн., 1931;

Цэнтр — вядучая партыя германскай буржуазіі // Крызіс капіталізму і царква. Мн., 1932.

Літ.:

Э.​Тельман: Биогр.: Пер. с нем. М., 1984;

Эрнст Тельман: Речи и статьи. Письма. Воспоминания об Э.​Тельмане: Пер. с нем. М., 1986;

Müller Ch. Der Thälmann—Prozeß. Berlin, 1988;

Ernst Thälmann und Kampfgefährten. Hamburg, 2000.

М.​Г.​Жаркоў.

Э.Тэльман.

т. 16, с. 123

ТЭ́ЛЬМЫ,

вёска ў Брэсцкім р-не, на аўтадарозе Брэст—Кобрын. Цэнтр сельсавета і калект. унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 9 км на У ад г. Брэст, 3 км ад чыг. ст. Кашалёва. 1907 ж., 646 двароў (2002). Сярэдняя і маст. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 16, с. 123

ТЭ́ЛЬФЕР (англ. telpher ад тэле... + греч. phero нясу),

грузападымальнае ўстройства (таль з электрычным прыводам), якое перамяшчаецца па аднарэйкавым падвесным пуці. Бываюць самаходныя (з прывадной хадавой цялежкай) грузападымальнасцю 1—5 і 7,5—10 т і несамаходныя (цялежка перамяшчаецца ўручную), грузападымальнасцю 0,1—0,5 т. Выкарыстоўваюцца на прадпрыемствах для цэхавых, міжцэхавых і складскіх перамяшчэнняў грузаў.

т. 16, с. 123

ТЭЛЬ-АВІ́Ў,

горад у Ізраілі, на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Каля 400 тыс. ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (т.зв. агламерацыя Дан) каля 2 млн. ж. (2001). Марскі порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Ліда, або Лод). Гал. эканам. і культ. цэнтр, канцэнтруе ў агламерацыі больш за 50% прамысл. прадпрыемстваў краіны.

Прам-сць: маш.-буд., металаапр., хім., фармацэўтычная, тэкст., харч., папяровая, гарбарна-абутковая, паліграфічная. Апрацоўка алмазаў. 2 ун-ты. «Суламіфкансерваторыя». Музеі: археал., Гаарэц-музей і інш. Праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961).

Засн. ў 1909 яўр. каланістамі на Пн ад старажытнага г. Яфа (у 1949 зліўся з ім). У 1936 пабудаваны марскі порт. Пасля ўтварэння ў 1948 дзяржавы Ізраіль стаў яго сталіцай. Нягледзячы на перанос урада і парламента Ізраіля ў г. Іерусалім, Т.-А. па-ранейшаму прызнаецца ААН і сусв. супольнасцю сталіцай Ізраіля.

Панарама Тэль-Авіва.

т. 16, с. 122

ТЭЛЬ-ЭЛЬ-АМА́РНА, Эль-Амарна, Амарна,

паселішча на ўсх. беразе р. Ніл (287 км на Пд ад Каіра), каля якога знаходзяцца рэшткі адной са сталіц Стараж. Егіпта — Ахетатона, перанесенай з Фіваў фараонам Аменхатэпам IV (Эхнатонам) у канцы 15 ст. да н.э. У 1887 мясц. жыхары знайшлі шматлікія гліняныя таблічкі (архіў егіп. фараонаў XVIII дынастыі). З 1891 у Т.-э.-А. вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі шматлікіх пабудоў з цэглы-сырцу (палацы фараонаў, царыцы Неферціці, жыллё чыноўнікаў і рамеснікаў), скульптуры Эхнатона і Неферціці. Горад праіснаваў 15 гадоў; ён пакінуты насельніцтвам пасля смерці Эхнатона і адмены рэліг. рэформы Аменхатэпа IV.

т. 16, с. 123

ТЭЛЯЗІЁЗЫ,

гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца нематодамі з роду тэлязіі. Хварэюць буйн. раг. жывёла, коні, свінні, сабакі, трусы, зрэдку чалавек. Характарызуюцца гнойнымі выдзяленнямі з вачэй, кан’юнктывітамі і кератытамі.

т. 16, с. 123

ТЭЛЯ́ЗІІ (Thelazia),

род нематод, або круглых чарвей атр. спірурыда. Найб. пашыраны Th. gulosa, Th. rhodesi, Th. skrjabini. Паразіты буйн. раг. жывёлы, коней, сабак, свіней, трусоў, зрэдку — чалавека. Выклікаюць інвазійныя хваробы тэлязіёзы. Лакалізуюцца ў пратоках слёзных залоз, насаслёзным канале, кан’юнктывальным мяшку. Прамежкавыя гаспадары Т. палявыя мухі.

Даўж. цела самцоў 5—11 мм, самак 5—21 мм, шыр. 0,6 мм. Самкі Т. выдзяляюць рухомых лічынак з тонкай скарлупінкай яйца. Лічынкі заглынаюцца мухамі, потым трапляюць у поласць іх цела і яйцавыя фалікулы, дзе ліняюць і робяцца інвазійнымі. Другі раз лічынкі праз хабаток мух трапляюць на покрыва паблізу вачэй, мігрыруюць у вочы, дзе праз 20—25 сут ператвараюцца ў палаваспелых. Жывуць да 1 года.

Тэлязіі: 1 — гулоза; 2 — радэзі (а — пярэдні канец паразіта; б, в — хваставыя канцы самца і самкі; г — яйцы і лічынкі).

т. 16, с. 123