ТЭЛЬ-ЭЛЬ-АМА́РНА, Эль-Амарна, Амарна,
паселішча на ўсх. беразе р. Ніл (287 км на Пд ад Каіра), каля якога знаходзяцца рэшткі адной са сталіц Стараж. Егіпта — Ахетатона, перанесенай з Фіваў фараонам Аменхатэпам IV (Эхнатонам) у канцы 15 ст. да н.э. У 1887 мясц. жыхары знайшлі шматлікія гліняныя таблічкі (архіў егіп. фараонаў XVIII дынастыі). З 1891 у Т.-э.-А. вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі шматлікіх пабудоў з цэглы-сырцу (палацы фараонаў, царыцы Неферціці, жыллё чыноўнікаў і рамеснікаў), скульптуры Эхнатона і Неферціці. Горад праіснаваў 15 гадоў; ён пакінуты насельніцтвам пасля смерці Эхнатона і адмены рэліг. рэформы Аменхатэпа IV.
т. 16, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)