ТЭЛЯ́ЗІІ (Thelazia),

род нематод, або круглых чарвей атр. спірурыда. Найб. пашыраны Th. gulosa, Th. rhodesi, Th. skrjabini. Паразіты буйн. раг. жывёлы, коней, сабак, свіней, трусоў, зрэдку — чалавека. Выклікаюць інвазійныя хваробы тэлязіёзы. Лакалізуюцца ў пратоках слёзных залоз, насаслёзным канале, кан’юнктывальным мяшку. Прамежкавыя гаспадары Т. палявыя мухі.

Даўж. цела самцоў 5—11 мм, самак 5—21 мм, шыр. 0,6 мм. Самкі Т. выдзяляюць рухомых лічынак з тонкай скарлупінкай яйца. Лічынкі заглынаюцца мухамі, потым трапляюць у поласць іх цела і яйцавыя фалікулы, дзе ліняюць і робяцца інвазійнымі. Другі раз лічынкі праз хабаток мух трапляюць на покрыва паблізу вачэй, мігрыруюць у вочы, дзе праз 20—25 сут ператвараюцца ў палаваспелых. Жывуць да 1 года.

Тэлязіі: 1 — гулоза; 2 — радэзі (а — пярэдні канец паразіта; б, в — хваставыя канцы самца і самкі; г — яйцы і лічынкі).

т. 16, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)