Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЕ́НДСКІ Антон Варфаламеевіч

(каля 1843, Люблінская губ. — 11.4.1864),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. Скончыў 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус (1862), вучыўся ў Міхайлаўскай артыл. акадэміі (Пецярбург). Уваходзіў у афіцэрскую рэв. арг-цыю, зблізіўся з чл. арг-цыі «Зямля і воля». У крас. 1863 выехаў з Пецярбурга ў Магілёўскі пав., дзе пад імем Антоній узначаліў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад. Пасля разгрому атрада пад Славенямі (27 крас., цяпер Талачынскі р-н) далучыўся да сенненскіх, а потым барысаўскіх паўстанцаў. 13.5.1863 схоплены, публічна расстраляны ў Мінску.

Г.В.Кісялёў.

т. 1, с. 245

АЛЕ́НЕВАЕ ВО́ЗЕРА, Рэйндзір-Лейк (Reindeer Lake),

возера ў Канадзе, у цэнтр. ч. Лаўрэнційскага ўзвышша, у катлавіне на выш. 350 м. Пл. 6,3 тыс. км², глыб. каля 60 м. Сцёк па р. Чэрчыл у Гудзонаў заліў.

т. 1, с. 245

АЛЕ́НЕВЫ ГРЫБ, плютэй аленевы (Pluteus cervinus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду плютэй сям. мухаморавых. Пашыраны па ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды, у тундры — ласунак аленяў (адсюль назва). На Беларусі трапляецца ўсюды; расце на пнях і ламаччы розных дрэвавых парод.

Шапка дыям. 3—10 см, у маладых грыбоў званочкавая, потым распасцёртая. Мякаць белая, мяккая, з непрыемным пахам рэдзькі. Пласцінкі шырокія, частыя, белыя, потым ружаватыя ад спораў. Ядомы ў свежым, марынаваным, салёным выглядзе.

Аленевы грыб.

т. 1, с. 245

АЛЕ́НЕВЫ МОХ, ягель,

група лішайнікаў з родаў кладонія, кладзіна; асн. кармавая расліна паўн. аленяў.

т. 1, с. 245

АЛЕ́НЕВЫ РОГ,

гл. Платыцэрыум.

т. 1, с. 245

АЛЕНЕГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і гасп. выкарыстаннем аленяў. Адрозніваюць аленегадоўлю паўночную і пантавую.

Паўночная аленегадоўля — важнейшая галіна гаспадаркі Крайняй Поўначы, засяроджаная на развядзенні паўн. аленя (у паўн. шыротах Азіі, Еўропы — Расія, Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія; у Паўн. Амерыцы — ЗША, Канада). У народаў тундравай зоны Сібіры пераважае мяса-скурная аленегадоўля, у больш паўд. раёнах — транспартная. Асн. прадукцыя паўн. аленегадоўлі — мяса 4—5-месячных цялят і дарослых аленяў і скуры, з якіх вырабляюць замшу, хром, цёплае адзенне, палаткі, лёгкія футры (пыжык, выпаратак і інш.). Ад самак за лактацыйны перыяд атрымліваюць 40—50 кг малака тлустасцю 17—19%. Пантавая аленегадоўля займаецца развядзеннем плямістага аленя, марала і ізюбра для атрымання пантаў, мяса і скур. Да сярэдзіны 19 ст. панты здабывалі паляваннем на дзікіх аленяў. Пасля прыручэння маралаў і плямістых аленяў пантавая аленегадоўля пашырылася ў Прыморскім, Алтайскім і Краснаярскім краях Расіі, дзе арганізаваны спец. гаспадаркі. Пантавых аленяў гадуюць таксама ў Кітаі, КНДР, Манголіі.

На Беларусі пантавая аленегадоўля з’явілася ў канцы 1980-х г. Гадуюць плямістых аленяў і маралаў (у асобных гаспадарках Кобрынскага, Іўеўскага, Маладзечанскага і Пухавіцкага р-наў). Ад плямістых аленяў ва ўзросце 12—13 гадоў і маралаў 14—16 гадоў атрымліваюць лабавыя панты. Аленяў трымаюць на агароджаных участках; у стойлавы перыяд падкормліваюць сенам і канцэнтратамі. У пач. 1990-х г. у рэспубліцы налічвалася каля 1 тыс. галоў маралаў.

У.С.Маёраў.

т. 1, с. 245

АЛЕ́НІ

(Cervidae),

сямейства млекакормячых атр. парнакапытных. 5 падсям.: кабарга, мунтжакі (Cervulinae), вадзяныя алені (Hydropotinae), алені сапраўдныя (Cervinae) і амерыканскія алені (Odocoileinae). 17 сучасных родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы. Акліматызаваны ў Новай Зеландыі, на Гавайскіх і некат. інш. астравах. На Беларусі лось, казуля, лань і алень высакародны.

Алені: 1 — плямісты; 2 — паўночны.

т. 1, с. 245

АЛЕ́НІН Аляксандр Аляксеевіч

(13.6.1865, Разанская вобл. — 15.2.1944),

кампазітар. Засл. дз. маст. РСФСР (1927). Кампазіцыі вучыўся ў А.Лядава. У 1923—24 уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Збіраў і апрацоўваў рус. і бел. нар. песні. У творчасці (пераважна камерна-інстр. ансамблях, рамансах і песнях) апіраўся на муз. фальклор.

т. 1, с. 245

А́ЛЕНТАЎН

(Allentown),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Пенсільванія, на р. Ліхай. Засн. ў 1762. 105 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Вытв-сць электроннага абсталявання, цяжкіх грузавых аўтамабіляў Прыладабудаванне, металаапрацоўка. Тэкст., харч., паліграф. прам-сць.

т. 1, с. 245

АЛЕ́НЬ ВЕЛІКАРО́ГІ, гіганцкі алень,

ірландскі алень (Megaloceros giganteus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. аленевых атр. парнакапытных. Вядомы з сярэдняга і верхняга плейстацэну і ранняга галацэну Еўразіі і Паўн. Афрыкі. Асабліва многа шкілетаў знойдзена ў тарфяніках Ірландыі, на стаянках чалавека каменнага веку ў сярэдніх і паўд. шыротах, у т. л. ў Крыме і на Паўн. Каўказе, цэлыя шкілеты — на тэр. Разанскай і Екацярынбургскай абласцей Расіі. На Беларусі рэшткі аленя велікарогага выяўлены каля Смаргоні і в. Вейна (Магілёўскі р-н).

Буйная жывёла з вялізнымі (больш за 4 м у размаху) лапатападобнымі рагамі з некалькімі адросткамі. Вонкава нагадваў лань. Жыў на вільготных лугах па берагах рэк і балотаў, пазбягаў лясоў, у ледавіковыя эпохі адступаў на Пд.

Алень велікарогі. Шкілет. Рэканструкцыя.

т. 1, с. 245