БЕ́РСАН Станіслаў Ігнатавіч
(1895, Варшава — 21.4.1919),
удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Адзін з кіраўнікоў Мінскай і Смаленскай арг-цый СДКПіЛ, чл. праўлення Польскага сацыяліст. аб’яднання. З 1917 чл. РКП(б). З мая 1917 нам. старшыні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, камісар ВРК Зах. фронту, чл. дэлегацыі па падпісанні 4.12.1917 у мяст. Солы дагавора аб перамір’і на Зах. фронце. З снеж. 1917 камісар па справах нацыянальнасцяў СНК Зах. вобласці і фронту. Стваральнік і рэдактар газ. «Prawda» («Праўда»), «Polska Prawda» («Польская праўда»). З чэрв. 1918 у выканкоме Саветаў Зах. вобласці (з вер. 1918 Зах. Камуны) у Смаленску. З 1.1.1919 нарком дзяржкантролю 1-га ўрада БССР, з лют. 1919 — Літ.-Бел. ССР. Расстраляны польск. акупантамі.
т. 3, с. 122
БЕРТАЛА́НФІ
(Bertalanffy) Людвіг фон (19.9.1901, Ацгерсдорф, цяпер у межах Вены — 12.6.1972),
аўстрыйскі біёлаг-тэарэтык і натурфілосаф, стваральнік агульнай тэорыі сістэм. У 1934—48 праф. Венскага ун-та, у 1949—72 ва ун-тах Канады і ЗША. Аўтар прац «Тэарэтычная біялогія» (т. 1—2, 1931—51), «Біялагічная карціна свету» (1949), «Робаты, людзі, розум» (1967), «Агульная тэорыя сістэм. Асновы, развіццё, выкарыстанне» (1968) і інш. У пачатку сваёй дзейнасці схіляўся да ідэй Венскага гуртка, пазней крытыкаваў некаторыя аспекты неапазітывізму. Адзін са стваральнікаў тэорыі адкрытых біял. сістэм, якія валодаюць уласцівасцю эквіфінальнасці, г. зн. дасягнення сістэмай аднаго і таго ж канчатковага стану пры розных пач. умовах. Сваімі ідэямі праграма Берталанфі блізкая да тэарэт. кібернетыкі, тэрмадынамікі незваротных працэсаў і сінергетыкі. Ідэі Берталанфі знайшлі выкарыстанне ў медыцыне, псіхіятрыі і інш. Адзін з арганізатараў «Таварыства па даследаваннях у галіне агульнай тэорыі сістэм» і яго штогодніка «General Systems» («Агульныя сістэмы», 1956).
В.В.Краснова.
т. 3, с. 122
БЕРТАЛЕ́
(Berthollet) Клод Луі (9.12.1748, Талуар, гіст. вобл. Савоя, Францыя — 6.11.1822),
французскі хімік, заснавальнік вучэння аб хім. раўнавазе. Чл. Парыжскай АН (1780). Скончыў Турынскі ун-т (1768). У 1770—83 урач і аптэкар. З 1794 праф. Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы. Навук. кансультант Напалеона Банапарта ў Егіпецкай экспедыцыі 1798—99. Асн. навук. даследаванні па неарган. хіміі, хіміі раствораў і сплаваў. Устанавіў састаў аміяку, балотнага газу, сінільнай кіслаты, серавадароду. Распрацаваў спосаб бялення палатна хлорам. Адкрыў солі хларнавацістай і хларнаватай (берталетава соль) кіслот, нітрыд серабра (грымучае серабро), залежнасць напрамку рэакцыі і саставу злучэнняў ад масы рэагентаў і ўмоў рэакцый. Разам з А.Л.Лавуазье распрацаваў хім. наменклатуру і класіфікацыю целаў, заснаваў час. «Annales de chimie» («Аналы хіміі»).
Літ.:
Фигуровский Н.А. Очерк общей истории химии: От древнейших времен до начала XIX ст, М., 1969.
т. 3, с. 122
БЕРТАЛЕ́ТАВА СОЛЬ,
калію хларат, гл. ў арт. Калію злучэнні. Упершыню атрымана (1785) К.Л.Бертале і названа яго імем.
т. 3, с. 122
БЕРТАЛУ́ЧЫ
(Bertolucci) Бернарда (н. 16.3.1940, г. Парма, Італія),
італьянскі кінарэжысёр, вядомы і як паэт. З 1961 працаваў у П.Пазаліні, уплыў якога адчувальны ў фільмах Берталучы «Перад рэвалюцыяй», «Партнёр» (паводле аповесці Ф.Дастаеўскага «Двайнік»), дзе прагучала тэма маладзёжнага бунту, якая з горыччу і пачуццём страчаных ілюзій адгукнулася ў стужках «Стратэгія павука» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972). Разнастайнасць праблематыкі і формы сведчыць пра пастаянныя творчыя пошукі рэжысёра. У фільмах «Канфарміст» (1970) і «Месяц» (1979) — ідэя ўлады цёмных, скрытых псіхал. комплексаў над асобай; «Дваццатае стагоддзе» (1976) і «Апошні імператар» (1987, прэмія «Оскар») — матыў супраціўлення чалавека ролі марыянеткі, якую яму навязваюць.
т. 3, с. 122
БЕРТЛО́,
Бертэло (Berthelot) П’ер Эжэн Марселен (25.10.1827, Парыж — 18.3.1907), французскі хімік, дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сінтэтычнага кірунку арган. хіміі. Скончыў Парыжскі ун-т (1849). З 1859 праф. Вышэйшай фармацэўтычнай школы ў Парыжы, у 1864—1906 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па арган. хіміі, хім. кінетыцы, тэрма- і аграхіміі, гісторыі хіміі. Сінтэзаваў арган. злучэнні розных класаў. Вынайшаў каларыметрычную бомбу, увёў паняцце экза- і эндатэрмічных рэакцый. У 1886—87 міністр асветы, у 1895 міністр замежных спраў Францыі.
Літ.:
Манолов К. Великие химики. Т. 1—2: Пер. с болг. 3 изд. М., 1986.
т. 3, с. 122
БЕРТРА́Н
(Bertrand) Габрыэль Эміль (17.5.1867, Парыж — 20.6.1962),
Французскі біяхімік, хімік, батанік, бактэрыёлаг. Чл. Франц. мед. акадэміі і Парыжскай АН (1923). Праф. (1908). Замежны чл.-кар. Расійскай АН і АН СССР (1924). Скончыў Вышэйшую фармацэўтычную школу ў Парыжы. З 1900 у Сарбоне, адначасова ў Пастэраўскім ін-це. Навук. працы па энзімалогіі. Распрацаваў колькасныя метады выяўлення цукрыдаў (1906) і мікраэлементаў раслін і жывёл.
т. 3, с. 122
БЕРТРА́Н
(Bertrand) Жазеф Луі Франсуа (11.3.1822, Парыж — 3.4.1900),
французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар. з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.
т. 3, с. 123
БЕРТРА́Н
(Bertrand) Марсель (2.7.1847, Парыж — 13.2.1907),
французскі геолаг. Чл. Парыжскай АН (1896). Праф. горнай школы ў Парыжы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Упершыню выказаў меркаванне аб перыяд. характары буйных тэктанічных рухаў і асн. эпохах складкавасці (гуронскай, каледонскай, герцынскай, альпійскай), выявіў шэраг заканамернасцяў у развіцці магматычных працэсаў. Яго назіранні ў Альпах далі пачатак тэорыі шар’яжаў (гл. Покрыва тэктанічнае).
т. 3, с. 123
БЕРТРАНІ́ЗМ,
некрасадызм, рэдкая палавая ненармальнасць, якая вызначаецца спалучэннем некрафіліі і садызму. Выяўляецца палавой цягай да трупаў людзей, жаданнем катаваць іх, іншы раз адбываецца палавы акт з трупам.
т. 3, с. 123