БЕРТАЛУ́ЧЫ
(Bertolucci) Бернарда (н. 16.3.1940, г. Парма, Італія),
італьянскі кінарэжысёр, вядомы і як паэт. З 1961 працаваў у П.Пазаліні, уплыў якога адчувальны ў фільмах Берталучы «Перад рэвалюцыяй», «Партнёр» (паводле аповесці Ф.Дастаеўскага «Двайнік»), дзе прагучала тэма маладзёжнага бунту, якая з горыччу і пачуццём страчаных ілюзій адгукнулася ў стужках «Стратэгія павука» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972). Разнастайнасць праблематыкі і формы сведчыць пра пастаянныя творчыя пошукі рэжысёра. У фільмах «Канфарміст» (1970) і «Месяц» (1979) — ідэя ўлады цёмных, скрытых псіхал. комплексаў над асобай; «Дваццатае стагоддзе» (1976) і «Апошні імператар» (1987, прэмія «Оскар») — матыў супраціўлення чалавека ролі марыянеткі, якую яму навязваюць.
т. 3, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)