БЕРНАРДО́НІ
(Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г. Кома, Італія — 1605),
італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ва Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш. грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл. «Бернардоні альбом»).
Т.В.Габрусь.
т. 3, с. 119
«БЕРНАРДО́НІ АЛЬБО́М» , архіўная калекцыя графічных матэрыялаў 16 ст. з Нясвіжа. Створаны Дж.М.Бернардоні. Уключае 71 графічны аркуш на паперы з вадзянымі знакамі, якая выкарыстоўвалася ў справаводстве і кнігадрукаванні ў ВКЛ у 1560—90-я г. На абодвух баках аркушаў кітайскай тушшу выкананы арх. чарцяжы ў артаганальнай праекцыі і пэўным маштабе. Паводле зместу падзяляецца на 2 групы: праектныя і абмерныя чарцяжы культавых і свецкіх збудаванняў Нясвіжа, Клецка і Гродна і чарцяжы-копіі з выявамі класічных арх. ордэраў з трактатаў тэарэтыкаў архітэктуры Адраджэння Дж.Віньёлы, А.Паладыо, С.Серліо і І.Блюма. У 1989 бел. даследчыкі Т.Габрусь і Г.Галенчанка зрабілі навук. атрыбутацыю рукапіснага помніка, вызначылі яго аўтарства. «Бернардоні альбом» — каштоўная крыніца па гісторыі бел. архітэктуры і буд-ва. Захоўваецца ў рукапісным аддзеле Цэнтр. навук. б-кі АН Украіны (Кіеў) пад назвай «Кніга, якая змяшчае планы, фасады і дэталёвыя чарцяжы розных будынкаў канца XVI ст.».
Т.В.Габрусь.
т. 3, с. 119
БЕРНАРДЭ́Н ДЭ СЕН-П’Е́Р
(Bernardin de Saint-Pierre) Жак Анры (19.1.1737, г. Гаўр, Францыя — 21.1.1814),
французскі пісьменнік-сентыменталіст. Аўтар кн. нарысаў «Падарожжа на Іль-дэ-Франс» (1773), рамана-трактата «Аркадыя» (не скончаны, 1781), філас. эсэ «Эцюды аб прыродзе» (1784), «Гармоніі прыроды» (выд. 1815), сатыр.-філас. навел «Індыйская хаціна» (1791), «Сурацкая кавярня» (1791; рус. пер. Н.М.Карамзіна, 1792; пер. і перапрацоўка Л.М.Талстога, 1891). Як і для Ж.Ж.Русо, для Бернардэна дэ Сен-П’ера характэрны культ прыроды і пачуцця, жыцця ў згодзе з законамі прыроды і свайго сэрца. Раман-утопія «Поль і Віржыні» (1788) — гімн каханню і «натуральнаму чалавеку».
Тв.:
Рус. пер. — Поль и Виржиния: Роман. М., 1962.
Літ.:
Гуляев Н.А. Бернарден де Сен-Пьер // История зарубежной литературы XVIII в.: Сграны Европы и США. М., 1984.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 119
БЕРНА́РТ ДЭ ВЕНТАДО́РН,
Бернарт дэ Вентадур (Bernart de Ventadorn; Bernart de Ventadour ; каля 1125, замак Вентадур, дэпартамент Карэз, Францыя — каля 1195), правансальскі паэт-трубадур. Адзін з выдатных песняроў кахання. Напалову легендарную біяграфію Бернарта дэ Ветадорна склалі шматлікія гісторыі пра захапленні паэта рознымі Доннамі. Захаваліся паэт. і муз. тэксты 44 яго песень. Выкарыстоўваў жанр кансоны (любоўнай песні з кананічнай строфікай і рыфмоўкай), версу (які не абмяжоўваўся тэмай кахання, а закранаў і пытанні маралі), тэнсоны (літаральна — спрэчка, песня-дыялог). Тэксты Бернарта дэ Ветадорна адметныя шчырасцю, эмацыянальнасцю, вытанчанасцю формы.
Тв.:
Рус. пер. — Песни. М., 1979.
Літ.:
Дынник В.А. Бернарт де Вентадорн и «радостная наука» трубадуров // Бернарт де Вентадорн. Песни. М., 1979.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 120
БЕ́РНЕКЕР
(Berneker) Эрых (3.2.1874, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія, — 15.3.1937),
нямецкі мовазнавец-славіст. Далучаўся да младаграматызму. Акад. Польскай АН (1914). Праф. Пражскага (з 1902), Брэслаўскага (з 1909), Мюнхенскага (з 1911) ун-таў. Даследаванні па гісторыі і параўнальным слав. і балт. мовазнаўстве. Адзін з першых пачаў вывучаць стараж.-слав. сінтаксіс, у прыватнасці парадак слоў («Парадак слоў у славянскіх мовах», 1900). Асн. праца — «Славянскі этымалагічны слоўнік» (вып. 1—6, 1909—13, незавершаная, даведзена да слова «morъ»). У 1923—29 рэдагаваў час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў славянскай філалогіі»).
т. 3, с. 120
БЕРНЕ́С Марк Навумавіч
(8.9.1911, г. Нежын, Украіна — 16.8.1969),
рускі акцёр, эстрадны спявак. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў тэатр, курсы ў Харкаве. Гранічная шчырасць і абаяльнасць Бернеса-акцёра найб. выявіліся ў ролі Аркадзя Дзюбы ў фільме «Два байцы» (1943). Сярод інш. роляў: шафёр Мінутка («Вялікі пералом», 1946), матрос Чмыга («Трэці ўдар», 1948), злодзей Аганёк («Начны патруль», 1957). З 1950 выступаў на эстрадзе з выкананнем песень, многія з якіх ствараліся паэтамі і кампазітарамі ў супрацоўніцтве са спеваком («Я люблю цябе, жыццё» Э.Калманоўскага, «Жураўлі» Я.Фрэнкеля і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 3, с. 120
БЕ́РНІ
(Berni) Антоніо (14.5.1905, г. Расарыо, Аргенціна — 1981),
аргенцінскі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай школы, т.зв. «новага рэалізму» ў 1930-я г. Зрабіў шэраг размалёвак у Буэнас-Айрэсе і Нью-Йорку (з Д.Сікейрасам, Х.К.Кастаньіна, Л.Э.Спілімберга і інш.) на тэмы жыцця і гісторыі аргенцінскага народа. У карціне «Поўнач над светам» пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў вобраз нар. мужнасці і жалобы.
т. 3, с. 120
БЕ́РНІК Васіль Іванавіч
(н. 9.1.1947, в. Слабада-Пырашаўская Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1992). Скончыў БДУ (1970). З 1970 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі лікаў. Распрацаваў новы метад ацэнак размернасці Гаўсдорфа мностваў рэчаісных і камплексных лікаў з зададзенай мерай трансцэндэнтнасці.
Тв.:
Диофантовы приближения и размерность Хаусдорфа. Мн., 1988 (разам з Ю.У.Мельнічуком).
т. 3, с. 120
БЕРНІ́НА
(Bernina),
самы высокі горны масіў ва Усх. Альпах, на мяжы Швейцарыі і Італіі. Выш. да 4049 м (пік Берніна). Складзены з крышт. парод. Вечныя снягі, ледавікі.
т. 3, с. 121
БЕРНІ́НІ
(Bernini) Джавані (Джан) Ларэнца (7.12.1598, г. Неапаль, Італія — 28.11.1680),
італьянскі архітэктар, скульптар, жывапісец. Найб. вядомы прадстаўнік барока. Вучыўся ў бацькі, скульптара П’етра Берніні. Арх. пабудовы вылучаюцца прасторавым размахам і пышнасцю дэкору, дынамікай формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, цэласным сінтэзам мастацтваў (ансамбль плошчы св. Пятра, 1657—63, і царква Сант-Андрэа, 1653—58, фантан на П’яцца Навона, 1648—51, у Рыме). Арганічна спалучаў архітэктуру і скульптуру, выкарыстоўваў розныя матэрыялы, размалёўку, пазалоту (інтэр’еры сабора св. Пятра, 1657—66). Скульптуры Берніні ўласцівыя імклівасць руху, спалучэнне рэліг. афектацыі і экзальтацыі пачуццяў («Апалон і Дафна», 1622—25; «Экстаз святой Тэрэзы», 1644—52; капэла Карнара ў царкве Санта-Марыя дэла Віторыя, усе ў Рыме). У творчасці Берніні сфарміраваўся тып параднага партрэта барока з яго рэаліст. дакладнасцю, псіхал. вастрынёй і дэкар. пышнасцю («Людовік XIV»). Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на еўрап. мастацтва 17—18 ст.
Літ.:
Лоренцо Бернини, 1598—1680: Воспоминания современников: Пер. с итал. и фр. М., 1965.
т. 3, с. 121