БЕРНЕ́С Марк Навумавіч
(8.9.1911, г. Нежын, Украіна — 16.8.1969),
рускі акцёр, эстрадны спявак. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў тэатр, курсы ў Харкаве. Гранічная шчырасць і абаяльнасць Бернеса-акцёра найб. выявіліся ў ролі Аркадзя Дзюбы ў фільме «Два байцы» (1943). Сярод інш. роляў: шафёр Мінутка («Вялікі пералом», 1946), матрос Чмыга («Трэці ўдар», 1948), злодзей Аганёк («Начны патруль», 1957). З 1950 выступаў на эстрадзе з выкананнем песень, многія з якіх ствараліся паэтамі і кампазітарамі ў супрацоўніцтве са спеваком («Я люблю цябе, жыццё» Э.Калманоўскага, «Жураўлі» Я.Фрэнкеля і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 3, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)