АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНЫЯ ШКО́ЛЫ,
свабодныя школы, няпоўныя і поўныя сярэднія школы ў краінах Зах. Еўропы і ЗША, якія існуюць паралельна ці замест звычайных школ і забяспечваюць альтэрнатыўную адукацыю па змесце або формах і метадах работы з вучнямі. Узніклі ў канцы 1960-х г. як вынік антыаўтарытарных пед. рухаў. Найбольш пашыраны ў ЗША. Мэта альтэрнатыўнай школы — індывідуалізацыя і дыферэнцыяцыя выкладання электыўных прадметаў і курсаў навучання.
т. 1, с. 286
АЛЬТЭРНА́ЦЫЯ
(лац. alternatio),
тое, што чаргаванне гукаў.
т. 1, с. 286
А́ЛЬФА,
назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай
(«аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
А.М.Булыка.
т. 1, с. 286
АЛЬФАНСІ́Н
(Alfonsin) Рауль Рыкарда (н. 13.3.1926, г. Часкамус, Аргенціна),
дзярж. і паліт. дзеяч Аргенціны. Скончыў Нац. ун-т у г. Ла-Плата (1950). Адвакат, д-р права. З 1945 чл. Грамадз. радыкальнага саюза (ГРС). У 1958—62 дэп. заканад. сходу правінцыі Буэнас-Айрэс, у 1963—66 і 1973—76 дэп. Нац. кангрэса. У перыяд праўлення ваенных (1966—73 і 1976—83) у апазіцыі. З 1983 старшыня Нац. к-та ГРС. У 1983—89 прэзідэнт Аргенціны. Аўтар кніг па паліт. і сац.-эканам. праблемах. Ганаровы д-р шэрагу замежных ун-таў.
т. 1, с. 286
АЛЬФА́РА
(Alfaro) Элой (1842 — студз. 1912),
дзярж. і паліт. дзеяч Эквадора. Лідэр Ліберальна-радыкальнай партыі. Генерал. У 1895 абвешчаны Нар. асамблеяй вярх. правіцелем краіны. У 1897—1901, 1906—11 прэзідэнт Эквадора. У 1906 урад Альфары прыняў канстытуцыю, якая замацавала дэмакр. свабоды. У 1909 пры падтрымцы Альфары скліканы 1-ы кангрэс працоўных Эквадора. Забіты ў г. Кіта.
т. 1, с. 286
АЛЬФАРТЫЁЗ коней, гельмінтозная хвароба жарабят і дарослых коней, якая выклікаецца нематодай Alfortia edentatus. Пашыраны ўсюды. Паразіты пашкоджваюць тоўсты кішэчнік і выклікаюць запаленне брушыны. Хвароба працякае востра і хранічна. Вострае цячэнне (прыгнечанне, адмова ад корму, анемія, павышэнне т-ры цела) звычайна бывае ў жарабят, многія з захварэлых гінуць. Хранічнае цячэнне (2—3 месяцы) часцей у дарослых коней. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 1, с. 287
А́ЛЬФА-РАСПА́Д,
α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл. Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3·10-7 с (для 212Po) да 1017 гадоў (для 204Pb).
т. 1, с. 286
А́ЛЬФА-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання альфа-часціц. У магнітным альфа-спектрометры α-часціцы праходзяць у вакууме праз магн. поле, перпендыкулярнае напрамку іх руху, адхіляюцца на розныя вуглы ў залежнасці ад іх энергіі і збіраюцца ў розных месцах калектара. Маюць высокую раздзяляльную здольнасць і малую святласілу; выкарыстоўваюцца для даследавання ядраў з перыядам паўраспаду T1/2 < 105 ÷106 гадоў. Іанізацыйны альфа-спектрометр — іанізацыйная камера; выкарыстоўваецца для даследавання ядраў з T1/2 < 106 гадоў і ядраў новых элементаў.
т. 1, с. 287
А́ЛЬФА-ЧАСЦІ́ЦА,
α-часціца, ядро атама гелію 42He. Выпрамяняецца некаторымі радыеактыўнымі ядрамі (нуклідамі) і складаецца з 2 пратонаў і 2 нейтронаў, звязаных ядзернымі сіламі. Зарад альфа-часціцы +2, маса 6,644·10-27 кг, магн. момант і спін роўныя 0. Метады назірання альфа-часціц заснаваны на іанізацыі.
т. 1, с. 287
«А́ЛЬФА РАМЭ́О»
(Alfa Romeo),
назва легкавых аўтамабіляў аднайменнай італьян. фірмы. Выпускаюцца з 1930. З 1986 фірма выпускала аўтамабілі малога і сярэдняга класаў з павышанымі дынамічнымі якасцямі. Рабочы аб’ём рухавікоў 1,2—2,5 л, магутнасць 46—118 кВт, макс. скорасць 150—210 км/гадз.
т. 1, с. 286