Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ Ларыса Пампееўна

(15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),

бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1940). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага і «Аіда» Дж.Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел. нар. песні, у т. л. на Міжнар. муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел. тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.

Літ.:

Модэль М. Л.П.Александроўская. Мн., 1945;

Рузов Г. Л.П.Александровская. М.; Л., 1950;

Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.С.Смольскі.

т. 1, с. 240

АЛЕКСАНДРО́ЎСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся паміж партызанамі атрада М.М.Нікіціна (з ліп. партыз. брыгада М.М.Нікіціна) і ням.-фаш. карнікамі ў ліп. 1942 у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14.6.1942 атрад карнікаў з 9 бронемашынамі і 6 танкамі ва ўрочышчы Доўгі Востраў (каля в. Александрова Дабрынёўскага с/с) акружыў партызан (120 чал.), якія на працягу 8 гадзін адбілі 21 атаку гітлераўцаў і прарвалі акружэнне. Гітлераўцы спалілі в. Александрова і расстралялі яе мужчынскае насельніцтва.

т. 1, с. 241

АЛЕКСА́НДРЫ

(Alecsandri) Васіле (21.7.1821, г. Бакэу, Румынія — 22.8.1890),

малдаўскі і румынскі пісьменнік, тэатр. дзеяч, збіральнік фальклору. Вучыўся ў Парыжы (1834—39). У сатыр. п’есах «Іоргу з Садагура» (1844), «Ясы ў час карнавалу», «Кірыца ў правінцыі» (абедзве 1852), казцы «Гісторыя аднаго залатога» (1843) і інш. адлюстраваў рэчаіснасць тагачаснай Малдавіі. Пад уплывам нар. творчасці напісаў вершаваны цыкл «Дойны» (1848—49, асобнае выд. 1853) і зб. «Народныя вершы» (1852). Аўтар гіст. паэмы «Чырвоная дуброва» (1872), гіст. драмы «Ваявода-дэспат» (1880), феерыі «Сінзіяна і Пепеля» (1883) і інш.

Тв.:

Опере. Вол. 1—4. Кишинэу, 1958—59;

Рус. пер. — Избр. М., 1959;

Стихотворения. М., 1975.

т. 1, с. 241

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ

(ад назвы в. Александрыя ў Шклоўскім р—не Магілёўскай вобл.),

ліхвінскае міжледавікоўе, міндэль—рыскае міжледавікоўе, міжледавіковая эпоха пач. сярэдняга антрапагену (320—460 тыс. г. назад). Наступіла пасля бярэзінскага зледзянення і папярэднічала макс. На Беларусі дняпроўскаму зледзяненню. Доўжылася 140 тыс. гадоў. Адклады Александрыйскага міжледавікоўя залягаюць на глыбіні ад 5—10 м на ПдЗ і З рэспублікі да 50—80 м у сярэдняй і паўн. частках; з’яўляюцца гарызонтам, які падзяляе антрапагенавую тоўшчу на 2 роўныя па магутнасці часткі. Ёсць у пахаваных рачных далінах, азёрных і балотных катлавінах, ледавіковых лагчынах. Прадстаўлены азёрнымі (супескі, суглінкі, дыятаміты, сапрапеліты, мергелі, алеўрыты), балотнымі (торф, гумусавыя супескі), алювіяльнымі (пяскі з лінзамі торфу, суглінку, супеску) утварэннямі. Вылучаецца значнай працягласцю, субатлантычным умерана цёплым кліматам, найб. падабенствам да пліяцэну па палеагеаграфічных умовах.

М.Я.Зусь.

т. 1, с. 241

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,

найбуйнейшы ў старажытнасці збор рукапісных кніг (ад 100 да 700 тыс. тамоў). Засн. ў пач. 3 ст. да н.э. ў г. Александрыя пры Александрыйскім мусеяне. Пераважалі творы стараж.-грэч. л-ры і навукі, былі і кнігі на ўсх. мовах. Узначальвалі Александрыйскую бібліятэку буйнейшыя вучоныя: Эратасфен, Зенадот, Арыстарх Самоскі, Калімах. Пры б-цы працавала шмат капіістаў-перапісчыкаў кніг. Частка Александрыйскай бібліятэкі згарэла ў 47 да н.э. ў час Александрыйскай вайны. Пазней адноўлена і папоўнена за кошт Пергамскай б-кі. Частка кнігазбору знішчана ў 391 н.э., апошнія рэшткі загінулі ў 7—8 ст. у час арабскіх заваёў.

т. 1, с. 241

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

паэзія эпохі элінізму, названая па найбуйнейшым яе цэнтры Александрыі Егіпецкай. Бытавала ў 4—1 ст. да н.э. на тэр. б. імперыі Аляксандра Македонскага. Характэрныя рысы: адмаўленне ад грамадз. тэматыкі, паглыблены псіхалагізм і ўвага да асабістых перажыванняў асобы, павышаная цікавасць да асобных дэталяў побыту, аслабленне веры ў багоў (міф ператвараецца ў займальную казку). У александрыйскай паэзіі пераважала любоўная тэма, сярод жанраў — гімн, элегія, ямб, эпіграма, ідылія. Прадстаўнікі александрыйскай паэзіі: Калімах, Апалоній Радоскі, Лікафрон, Феакрыт.

т. 1, с. 241

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ ВЕРШ,

у франц. паэзіі — 12-складовы верш з націскам на 6-м і 12-м складах, цэзурай пасля 6-га склада і парнай рыфмоўкай; у ням. і рус. вершаскладанні перадаецца 6-стопным ямбам з цэзурай пасля 3-й стапы. Назву звязваюць з франц. паэмай пра Аляксандра Македонскага (12 ст.), напісанай такім вершам. У рус. паэзію александрыйскі верш увёў В.Традзякоўскі, асаблівае пашырэнне атрымаў у творчасці А.Пушкіна. У бел. паэзіі александрыйскім вершам карыстаўся М.Багдановіч (вершы «Перапісчык», «Летапісец»).

т. 1, с. 241

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ МУСЕ́ЯН

(ад грэч. museion храм або свяцілішча музаў),

адзін з галоўных навук. і культ. цэнтраў ант. свету. Засн. ў г. Александрыя ў 3 ст. да н.э. Пталамеем Сотэрам І па ініцыятыве Дэметрыя Фалерскага. Створаны на ўзор афінскіх філас. школ, у прыватнасці лікея. Узначальваў Александрыйскі мусеян жрэц вышэйшага рангу, які ў эліністычны перыяд прызначаўся царом, пазней — рымскім імператарам. Вучоныя, што працавалі ў Александрыйскім мусеяне, знаходзіліся на поўным утрыманні александрыйскіх правіцеляў. Росквіт Александрыйскага мусеяна прыпадае на 3—2 ст. да н.э. Вял. поспехі дасягнуты ў матэматыцы і фізіцы (Эўклід, Апалоній Пергскі, Архімед), астраноміі (Эратасфен, Гіпарх), медыцыне (Герафіл, Эрасістрат), механіцы (Ктэсібій, Філон), а таксама ў філалогіі. Пазней з Александрыйскім мусеянам звязана дзейнасць Пталамея Клаўдзія і Галена. Пры Александрыйскім мусеяне знаходзілася Александрыйская бібліятэка. У рымскі перыяд Александрыйскі мусеян паступова страчвала сваё значэнне. У 272—273 войскі імператара Аўрэліяна пры ўзяцці Александрыі спалілі Александрыйскі мусеян.

Літ.:

Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988. С. 125—131;

Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр. М., 1989.

Н.К.Мазоўка.

т. 1, с. 241

АЛЕКСАНДРЫ́НСКІ ТЭА́ТР,

назва Санкт—Пецярбургскага акадэмічнага тэатра драмы імя А.С.Пушкіна ў 1832—1920.

т. 1, с. 242

АЛЕКСАНДРЫ́Т,

мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць хрызаберылу. Састаў берыліева-алюмініевага вокіслу (BeAl2O4), з прымессю вокіслу хрома (Cr2O3). Крышталі тоўстатаблітасныя, псеўдагексаганальныя. Колер ізумрудна-зялёны, пры штучным асвятленні — вішнёва- ці фіялетава-чырвоны, ружовы. Бляск шкляны. Цв. 8,5. Шчыльн. каля 3,7 г/см³. Трапляецца ў пегматытавых жылах. Радовішчы на Урале, у Бразіліі, на Пд Афрыкі, Мадагаскары і Цэйлоне. Александрыт масай больш за 2—3 караты і густа афарбаваныя лічаць каштоўнымі камянямі. Александрытам называюць таксама светла-зялёную разнавіднасць штучнага карунду.

т. 1, с. 242