Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БЕРМУ́ДСКІ ТРОХВУГО́ЛЬНІК»,

раён Атлантычнага ак., паміж а-вамі Бермудскімі, Пуэрта-Рыка і п-вам Фларыда, адметны складанымі ўмовамі для навігацыі. З «Бермудскім трохвугольнікам» звязваюць шэраг невытлумачальных бедстваў марскіх і паветр. Суднаў.

т. 3, с. 117

БЕРН

(ням. Bern; франц. Berne),

горад, сталіца Швейцарыі. Адм. ц. кантона Берн, на р. Аарэ. 135 тыс. ж. (1990), з прыгарадамі 299 тыс. ж. (1989). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., радыёэлектронная, эл.-тэхн., прыладабуд., хім.-фармацэўтычная, швейная, паліграф., харчасмакавая, у т. л. шакаладная. Турызм. Ун-т. Музеі: Швейцарскі, Альпійскі, Паштовы, Гістарычны, Натуральнай гісторыі і інш. Абсерваторыя. Батанічны сад. У Берне штаб-кватэра Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. саюза тэлесувязі, некаторых устаноў ААН.

Засн. ў 1191, у 1218 абвешчаны вольным імперскім горадам. У 1353 увайшоў у Швейц. канфедэрацыю. У 1415 да Берна далучаны Ааргау, у 1536 — Во (Ваат). У 1528 праведзена рэліг. Рэфармацыя. У 17 ст. алігархічная форма кіравання выклікала шматлікія хваляванні ў Берне і яго ваколіцах. У 1798 заняты франц. войскамі, Ааргау і Во атрымалі незалежнасць. З 1848 сталіца Швейцарыі. На пач. 20 ст. адзін з цэнтраў расійскай рэв. эміграцыі.

У старой частцы Берна часткова захаваліся крапасныя сцены і Гадзіннікавая вежа (15 ст.), рэгулярная сярэдневяковая планіроўка, барочная забудова 17—18 ст. Каларыт гораду надаюць аркады ніжніх паверхаў дамоў, рэнесансавыя скульпт. фантаны на плошчах і скрыжаваннях вуліц. Помнікі архітэктуры: царква дамініканцаў (каля 1290), ратуша (1406—17) з рэнесансавай вежай (16 ст.), сабор Санкт-Вінцэнц (1421—1588, арх. М.Энзінгер, С.Гурдэр, Д.Гайнц, вітражы 15 ст.), барочная царква св. Духа (1726—29, арх. Г.Шыльдкнехт), багадзельня (1735—41), Корнгаўз (1711—16, арх. Г.Дзюнц), палац Эрлагергоф (1752), атэль дэ Мюзік і старая гаўптвахта (1767, абодва арх. Н.Шпрунглінг), парламент (1852—1901; неакласіцызм, арх. Г.Аўэр).

т. 3, с. 118

БЕРНАДО́ТЫ

(Bernadotte),

каралеўская дынастыя, якая з 1818 правіць у Швецыі (у 1818—1905 адначасова ў Нарвегіі). Родапачынальнік дынастыі — маршал Францыі Ж.Б.Бернадот, у жн. 1810 абраны наследнікам швед. прастола; быў на троне ў 1818—44 пад імем Карла IV Юхана. Інш. прадстаўнікі Бернадотаў: Оскар І [1844—59], Оскар II [1859—1907], Густаў V [1907—50], Густаў VI Адольф [1950—73], Карл XVI Густаў [з 1973].

т. 3, с. 118

БЕРНАДЭ́ЛІ

(Bernadelli) Фартуната (?—5.12.1830),

італьянскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў С.Вігано. З 1812 працаваў у Парыжы, Амстэрдаме, Бруселі, Вене, Варшаве. З І818 у Расіі, у 1819—22 і з 1826 у Вял. тэатры (першы мім). Выконваў камедыйныя, гратэскавыя і пантамімічныя ролі: Кален («Жанета і Кален»), Атэла («Атэла, або Венецыянскі маўр», у абодвух і балетмайстар). Сярод пастановак: «Механічныя фігуры», «Садоўніца», «Каханне Марса і Венеры», «Рычард Ільвінае сэрца ў Палесціне» на зборную музыку. Прапагандаваў ідэі і традыцыі ЖЖ.Навера, творчасць Вігано. Яго дзейнасць мела вял. значэнне для знаёмства рус. артыстаў з асн. кірункамі зах.-еўрап. харэаграфіі, зрабіла ўплыў на развіццё акцёрскага майстэрства балетнай трупы Вял. Т-ра.

т. 3, с. 118

БЕ́РНАЛ

(Bernal) Джон Дэсманд (10.5.1901, г. Ніна, Ірландыя — 15.9.1971),

англійскі фізік, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў навуказнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1937) і АН шэрагу краін, у т. л. СССР. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Аўтар навук. прац у галіне фізікі, крышталяграфіі, біяхіміі, філас. праблем прыродазнаўства. У працах «Сацыяльная функцыя навукі» (1938), «Навука і грамадства» (1953), «Навука ў гісторыі грамадства» (1954) і інш. абагульніў дасягненні навукі ў цэлым, раскрыў яе філас. значэнне і ролю ў гісторыі чалавецтва, узаемасувязь навукі, тэхнікі і сац. умоў жыцця грамадства. Увёў у навук. ўжытак паняцце «навукова-тэхнічная рэвалюцыя», распрацаваў цэласную канцэпцыю дыялектыкі і перспектыў яе развіцця. У кн. «Свет без вайны» (1958) паказаў перспектывы мірнага выкарыстання дасягненняў навукі на карысць чалавецтва.

В.В.Краснова.

т. 3, с. 118

БЕРНАНО́С

(Bernanos) Жорж (20.2.1888, Парыж — 5.7.1948),

французскі пісьменнік і публіцыст. У 1906—13 вучыўся ў Сарбоне і парыжскім Каталіцкім ін-це. У раманах «Пад сонцам сатаны» (1926; рус. пер. 1978), «Падман» (1927), «Радасць» (1929), «Дзённік сельскага святара» (1936; рус. пер. 1978), «Новая гісторыя Мушэты» (1937; рус. пер. 1978), «Спадар Уін» (1943) і інш. раскрыў крызіс «еўрап. душы» (бязвер’е, спустошанасць, індывідуалізм чалавека, пакінутага Богам), норавы клерыкальных колаў, з рэліг.-этычных (каталіцкіх) пазіцый крытыкаваў тагачасную рэчаіснасць. Аўтар публіцыст. кн. «Вялікі страх добрапрыстойных» (1931), «Вялікія могілкі пад месяцам», памфлета «Мы, французы» і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник сельского священника;

Господин Уин: Романы. М., 1993;

Сохранять достоинство: Худож. публицистика. М., 1988.

т. 3, с. 118

БЕРНА́Р

(Bernard) Клод (12.7.1813, Сен-Жульен, каля г. Вільфранш-сюр-Сон, Францыя — 10.2.1878),

французскі фізіёлаг і патолаг; адзін з заснавальнікаў эксперым. медыцыны і эндакрыналогіі. Чл. Парыжскай АН (1854). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1860). Скончыў Парыжскі ун-т (1839). Віцэ-прэзідэнт (1868) і прэзідэнт (1869) Парыжскай АН. Навук. працы па інервацыі сасудаў, эндакрынных залозаў, вугляводным абмене, электрафізіялогіі, даследаванні функцыі падстраўнікавай залозы і яе ролі ў страваванні. Адкрыў утварэнне глікагену ў печані. Увёў паняцце пра ўнутр. асяроддзе арганізма.

т. 3, с. 119

БЕРНА́Р

(Bernardt) Сара (22.10.1844, Парыж — 26.3.1923),

французская актрыса. Скончыла драм. клас Парыжскай кансерваторыі (1862). Працавала ў т-рах «Камеды Франсэз» (1872—80), «Жымназ», «Порт-Сен-Мартэн», «Адэон», узначальвала т-ры «Рэнесанс» (з 1893), «Тэатр Сары Бернар» (1898—1922). У яе творчасці віртуознае майстэрства, вытанчаная тэхніка, маст. густ часта спалучаліся з наўмыснай эфектнасцю ігры. Сярод лепшых роляў: донья Соль («Эрнані» В.Гюго), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» Дзюма-сына), Тэадора («Тэадора» Сарду), прынцэса Мара, герцаг Рэйхштацкі («Прынцэса Мара» і «Арляня» Э.Растана), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Ларэнцача («Ларэнцача» А. дэ Мюсэ). З 1880-х г. выступала ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі, у т. л. ў Расіі.

Тв.:

Рус. пер. — Моя двойная жизнь: Мемуары. М., 1991.

Літ.:

Кугель А. Театральные портреты. Л.; М., 1967. С. 320—327.

т. 3, с. 119

БЕРНАРДЗІ́Н

(Bernardin) Занобія дэ Джыеноціс (канец 15 ст. — 1541),

італьянскі архітэктар, скульптар. У 1520 па запрашэнні вял. кн. ВКЛ Жыгімонта І Старога працаваў у Кракаве на буд-ве капліцы-маўзалея; стварыў шэраг надмагілляў князёў Мазавецкіх у Варшаўскай кафедры, канцлера Крыштофа Шыдлавецкага і яго дачкі ў калегіяце ў Апатаве і інш. З 1534 разам з Джавані Цыні будаваў Ніжні замак і перабудоўваў кафедральны касцёл у Вільні. Выканаў надмагілле канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда (1539—41, Віленскі кафедральны сабор).

А.К.Лявонава.

т. 3, с. 119

БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,

1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).

2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.

т. 3, с. 119