АЗО́ЎСКАЕ МО́РА
(стараж.-рус. Суражскае мора),
унутранае мора Атлантычнага ак. на Пд Усх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс. км², аб’ём 0,29 тыс. км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м. Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.
т. 1, с. 171
«АЗОЎСТА́ЛЬ»,
гл. Марыупальскі металургічны камбінат «Азоўсталь».
т. 1, с. 172
АЗО́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная слабая няўстойлівая кіслата, HNO2. Існуе толькі ў разбаўленых водных растворах, яе солі і эфіры наз. нітрытамі. Утвараецца разам з азотнай кіслатой пры растварэнні NO2 У вадзе. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў.
т. 1, с. 172
АЗО́ЦІСТАЯ РАЎНАВА́ГА,
стан азоцістага абмену арганізма, што вызначаецца роўнай колькасцю вылучанага і спажытага азоту. Бывае адмоўная (азоту вылучаецца больш, чым спажываецца) і дадатная (у процілеглым выпадку). Адмоўная азоцістая раўнавага ўсталёўваецца ў арганізме пры галаданні, нізкай колькасці бялку ў ежы, значных траўмах і звязана з разбурэннем бялку. Дадатная азоцістая раўнавага характэрная для маладога арганізма і мае месца пры рэгенерацыі тканак, у перыяд выздараўлення пасля цяжкай хваробы. Чалавеку патрабуецца каля 16 г бялковага азоту ў суткі, што адпавядае 100 г бялку пры энергазатратах 10,5 МДж (2500 ккал).
т. 1, с. 172
АЗУЛЕНЫ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць 7-членны цыкл, спалучаны з 5-членным. Належаць да небензоідных араматычных злучэнняў, біпалярныя ў выніку асіметрыі кольцаў. Найпрасцейшы прадстаўнік — азулен, C10H8, мал. м. 128, tпл 99 °C. Азулены маюць сіні ці фіялетавы колер, раствараюцца ў мінер. к-тах, акісляюцца ў паветры, ізамерызуюцца ў нафталіны, утвараюць комплексы.
Штучна атрымліваюць цыклізацыяй 10-членных цыклічных злучэнняў ці ўзаемадзеяннем пірыдзіну з цыклапентадыенам. Ёсць у эфірных алеях рамонку, палыну і інш. раслін.
т. 1, с. 172
АЗУРЫ́Т
(ад франц. azur лазур, блакіт),
мінерал з класа карбанатаў, Cu3[(OH)CO3]2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Мае 53,3% медзі. Утварае шчоткі і друзы пераважна дробных крышталёў, агрэгаты, канкрэцыі, шчыльныя масы, зямлістыя скопішчы. Колер цёмна-сіні, васільковы, блакітны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,8 г/см³. Тыповы мінерал зон акіслення меднарудных жылаў. Пры далейшым акісленні ператвараецца ў малахіт. Другасная руда медзі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сіняй фарбы.
т. 1, с. 172
А́ЗХАР
(аль-Азхар, аль-Джамі аль-Азхар),
комплекс мусульм. рэліг. і свецкіх вышэйшых навуч. і н.-д. устаноў у Каіры. Засн. ў 10 ст. пры мячэці аль-Азхар. Уключае: Вышэйшы вучоны савет Азхар.; Акадэмію ісламазнаўства; ун-т аль-Азхар з ф-тамі мусульм. права, багаслоўскім, арабскай мовы, інж., с.-г., мед., адм. і мусульм. жан. каледжам; ін-ты і спец. рэліг. ўстановы ў Каіры і цэнтрах правінцый.
т. 1, с. 172
АЗЫ́Х,
стаянка першабытнага чалавека ў пячоры каля в. Азых (Нагорны Карабах, даліна р. Куручай). У напластаваннях таўшч. каля 14 м выяўлены матэрыялы ад ранняга ашэля да мусцье, у т. л. фрагмент сківіцы самага стараж. на Каўказе выкапнёвага чалавека — азыхантрапа (сярэдні ашэль). На думку некат. даследчыкаў, знаходкі аббітых галек у ніжніх пластах стаянкі даюць падставу меркаваць пра з’яўленне тут чалавека ў эпоху олдувай.
т. 1, с. 172