Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕСПАПО́ЎШЧЫНА,

адзін з кірункаў, на якія падзялілася стараверства ў сярэдзіне 1690-х г. Паслядоўнікі беспапоўшчыны адмаўлялі царкоўную іерархію і святароў. Богаслужэнне вялі спец. абраныя настаўнікі. З царк. абрадаў захавалі толькі хрышчэнне і споведзь (некаторыя з плыняў беспапоўшчыны адмаўлялі і іх). Для ранняга этапу беспапоўшчыны характэрны адмоўныя адносіны да свету «антыхрыста» і яго «слуг» — прадстаўнікоў улады, адмаўленне шлюбу. Некаторыя плыні прапаведавалі крайнія формы выратавання — самаспаленне. Беспапоўшчына не ўяўляла сабой адзінага цэлага і распалася на мноства плыняў (паморцы, федасееўцы, філіпаўцы, бегуны і інш.). Асобныя абшчыны беспапоўшчыны захаваліся на Беларусі і цяпер.

т. 3, с. 127

БЕСПАРТЫ́ЙНЫ БЛОК СУПРАЦО́ЎНІЦТВА З УРА́ДАМ (ББ),

палітычная групоўка ў Польшчы ў 1928—35. Утвораны напярэдадні выбараў у польскі сейм і аб’ядноўваў прыхільнікаў дыктатуры Ю.Пілсудскага. Гал. арганізатар і старшыня В.​Славек. Праграма ББ абвяшчала ўзмацненне выканаўчай улады, давала прэзідэнту права самастойна вырашаць пытанні, незалежна ад заканадаўчых палат. Адыграў пэўную ролю ў працэсе ўсталявання ў краіне дыктатуры. На выбарах 1928 ББ атрымаў 27,6%, у 1930 дзякуючы націску адміністрацыі і фальсіфікацыі вынікаў галасавання — 55,6% месцаў у сейме. У Зах. Беларусі ў 1930 за ББ галасавала 30,2% выбаршчыкаў. Самараспусціўся пасля смерці Пілсудскага (1935).

У.​А.​Палуян.

т. 3, с. 127

БЕСПЕРАПЫ́ННАЕ ЛІЦЦЁ металаў і сплаваў,

тэхналагічны працэс атрымання зліткаў-загатовак з металаў ці сплаваў, заснаваны на бесперапынным руху металу адносна зон заліўкі і крышталізацыі. Робяць на машынах бесперапыннага ліцця. Упершыню выкарыстана ў каляровай металургіі, потым для разліўкі сталі.

Бесперапыннае ліццё сталі: а — схема ліцця; б — устаноўка для разліўкі з прамой вертыкальнай шахтай ахаладжальніка; в — з выгнутай шахтай; 1 — шахта ахаладжальніка; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — залівачны коўш; 4 — стопар для закрыцця адтуліны.

т. 3, с. 128

БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.

т. 3, с. 128

БЕСПРАДМЕ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА,

гл. ў арт. Абстрактнае мастацтва.

т. 3, с. 128

БЕСПРАЦО́ЎЕ,

сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.

К.​Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.​Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.

Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс. чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс. чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.​Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс. Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.

У.​А.​Салановіч.

т. 3, с. 128

БЕСПЯСЧА́НЫ БЕТО́Н,

тое, што буйнапорысты бетон.

т. 3, с. 128

БЕССВЯДО́МАЕ,

сукупнасць псіхічных працэсаў, якія абумоўлены не ўсвядомленымі суб’ектам з’явамі рэчаіснасці. У шэрагу філас. і псіхал. тэорый — гэта вобласць псіхікі, што засяродзіла ў сабе вечныя схільнасці, матывы, імкненні, сэнс якіх вызначаецца інстынктамі і недаступны свядомасці. Паводле гэтай канцэпцыі, псіхіка ствараецца з 3 пластоў: бессвядомага, падсвядомага і свядомасці. Бессвядомае — глыбінны фундамент псіхікі, які вызначае ўсё свядомае жыццё чалавека і нават лёс асоб і цэлых народаў; падсвядомае — гранічная вобласць паміж свядомасцю і бессвядомым; свядомасць — павярхоўнае праяўленне псіхікі на стыку з навакольным светам і найперш залежыць ад бессвядомых сіл. Бессвядомае як таямнічая прычына ўсіх свядомых сіл прысутнічае ў канцэпцыях З.​Фрэйда (гл. Фрэйдызм), І.Ф.Гербарта, А.Шапенгаўэра і інш.

т. 3, с. 128

БЕССВЯДО́МАСЦЬ,

стан асобы, пры якім з-за хранічнай душэўнай хваробы ці часовага расстройства душэўнай дзейнасці яна не здольная ўсведамляць свае ўчынкі і кіраваць імі; акалічнасць, якая выключае злачыннасць дзеяння і крымін. адказнасць за яго. Для вырашэння пытання пра бессвядомасць назначаецца судова-псіхіятрычная экспертыза, на падставе вывадаў якой следчыя органы або суд канстатуюць псіхічны стан асобы пры ўчыненні пэўнага грамадска небяспечнага дзеяння. Да асобы, якая пры гэтых абставінах знаходзілася ў стане бессвядомасці, суд можа ўжыць прымусовыя меры мед. характару.

т. 3, с. 128

БЕССТУПЕ́НЬЧАТАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для плаўнай змены частаты вярчэння вядзёнага вала ў трансп. машынах, станках, прыладах; частка варыятара. Адрозніваюць бесступеньчатыя перадачы механічныя і электрычныя. У залежнасці ад віду перадавальных звёнаў мех. Бесступеньчатыя перадачы бываюць з вадкім рабочым звяном (гідраўлічныя), з гнуткім (раменныя і ланцуговыя) і жорсткім звёнамі. Паводле характару работы бесступеньчатыя перадачы з гнуткім і жорсткім звёнамі падзяляюцца на фрыкцыйныя (трэння) і зачэплівання, бесперапыннага дзеяння і імпульсныя. Электрычная бесступеньчатая перадача выконваецца па сістэме генератар—рухавік; выкарыстоўваецца ў трансп. машынах і інш. для перадачы вял. магутнасцяў (гл. Электрычны прывод). Выкарыстанне бесступеньчатай перадачы павышае прадукцыйнасць машын, паляпшае магчымасці кіравання.

Фрыкцыйная бесступеньчатая перадача: а — з гнуткім звяном і рассоўнымі шківамі; б, в — з жорсткімі звёнамі.

т. 3, с. 129