БЕССВЯДО́МАЕ,

сукупнасць псіхічных працэсаў, якія абумоўлены не ўсвядомленымі суб’ектам з’явамі рэчаіснасці. У шэрагу філас. і псіхал. тэорый — гэта вобласць псіхікі, што засяродзіла ў сабе вечныя схільнасці, матывы, імкненні, сэнс якіх вызначаецца інстынктамі і недаступны свядомасці. Паводле гэтай канцэпцыі, псіхіка ствараецца з 3 пластоў: бессвядомага, падсвядомага і свядомасці. Бессвядомае — глыбінны фундамент псіхікі, які вызначае ўсё свядомае жыццё чалавека і нават лёс асоб і цэлых народаў; падсвядомае — гранічная вобласць паміж свядомасцю і бессвядомым; свядомасць — павярхоўнае праяўленне псіхікі на стыку з навакольным светам і найперш залежыць ад бессвядомых сіл. Бессвядомае як таямнічая прычына ўсіх свядомых сіл прысутнічае ў канцэпцыях З.Фрэйда (гл. Фрэйдызм), І.Ф.Гербарта, А.Шапенгаўэра і інш.

т. 3, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)