Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.

Літ.:

Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;

Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;

Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 3, с. 127

БЕСКАНЕ́ЧНАСЦЬ у матэматыцы, бясконцасць, адно з галоўных матэматычных паняццяў, якое ўзнікае ў розных галінах матэматыкі ў асноўным як проціпастаўленне паняццю канечнага. Абазначаецца ∞. Ужываецца ў аналітычных і геам. тэорыях для абазначэння «няўласных» ці «бесканечна аддаленых» элементаў, у мностваў тэорыі і матэматычнай логіцы пры вывучэнні «бесканечных мностваў» і інш.

т. 3, с. 127

БЕСКАНЕ́ЧНА ВЯЛІ́КАЯ ў матэматыцы, пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні большай за любы папярэдне зададзены лік; адваротная да бесканечна малой. Калі x — бесканечна вялікая, то скарочана запісваюць lim x = ∞, або x → ∞. Функцыя f(x) будзе бесканечна вялікай у наваколлі пункта x0, калі для любога ліку N>0 знойдзецца такі лік δ>0, што для ўсіх x ≠ x0 і такіх, што |x-x0|<δ, выконваецца няроўнасць |f(x)|>0. Скарочана гэта запісваюць limx→x0 f(x) = ∞.

т. 3, с. 126

БЕСКАНЕ́ЧНА МАЛА́Я ў матэматыцы, пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні меншай за любы папярэдне зададзены лік (мяжой з’яўляецца 0); адваротная да бесканечна вялікай. Калі х — бесканечна малая, то скарочана запісваюць lim х = 0 або х → 0. У матэм. аналізе важныя адносіны бесканечна малых адна да адной і іх сума пры неабмежаванай колькасці складаемых. Гл. таксама Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне.

т. 3, с. 127

БЕСКАНЕ́ЧНЫ ЗДАБЫ́ТАК у матэматыцы, здабытак неабмежаванага ліку сумножнікаў. Калі існуе не роўная 0 мяжа, да якой імкнуцца частковыя здабыткі пры неабмежаваным павелічэнні ліку сумножнікаў, то бесканечны здабытак наз. збежным і яго значэнне роўнае названай мяжы, ва ўсіх астатніх выпадках — разбежным. Упершыню бесканечны здабытак выяўлены пры вылічэнні ліку π.

т. 3, с. 127

БЕСКАНТА́КТАВАЯ КАМУТАЦЫ́ЙНАЯ АПАРАТУ́РА,

электратэхнічныя і электронныя прылады, у якіх камутацыя эл. ланцугоў (замыканне, размыканне, пераключэнне), а таксама пераўтварэнне току або напружання ажыццяўляецца без іх мех. разрыву. У стане «выключана» праз кіравальны элемент (транзістар, магнітны ўзмацняльнік, тырыстар), які ўключаны ў ланцуг паслядоўна з нагрузкай, працякае эл. ток нязначнай сілы з прычыны высокага супраціўлення элемента ў закрытым стане; у стане «ўключана» супраціўленне значна змяншаецца.

Бескантактавая камутацыйная апаратура адрозніваецца высокай надзейнасцю, павышаным хуткадзеяннем. Выкарыстоўваецца ў сістэмах камутацыі і аховы эл. установак (у т. л. крыніц сілкавання), у бескантактавых сістэмах кіравання і рэгулявання і інш., напр., сенсорныя пераключальнікі тэлевізійных каналаў, камутацыйныя блокі электронных АТС, тырыстарныя пераключальнікі электрапрыводаў.

т. 3, с. 127

Бескапыльны Валерый Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 352

БЕСКІЛЯВЫ́Я,

гл. Бегаючыя птушкі.

т. 3, с. 127

БЕ́СКІН Ізраіль Саламонавіч

(25.11.1895, Віцебск — 19.1.1964),

савецкі военачальнік, ген.-лейт. артылерыі (1944). Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскія курсы цяжкай артылерыі РСЧА (1920), Вышэйшую артыл. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. У грамадз. вайну ўдзельнік ліквідацыі мяцяжоў у Віцебскай і Смаленскай губ., вызвалення ад яп. акупантаў рас. гарадоў на Д. Усходзе, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік баёў пад Сталінградам, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Калінкавіч, Бабруйска; вызначыўся ў час прарыву абароны ворага каля г. Шчэцін (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 127

БЕСПАЗВАНО́ЧНЫЯ

(Invertebrata),

шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.Б.Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд. гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд. гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг інш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.

Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—3. 2 нзд. М., 1987—89;

Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;

Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ. М., 1992.

А.Р.Александровіч.

т. 3, с. 127